Аўтараў «Гродназнаўства» па адным выціскаюць з універсітэту
Калегі і сябры Андрэя Чарнякевіча распавялі, што за мяжой ён далей займаецца гісторыяй, праўда, кантактаваць з прэсай пакуль не хоча.
Яшчэ аднаму з аўтараў «Гродназнаўства», доктару гістарычных навук Вячаславу Шведу, не працягваюць кантракт. Ягоная пасада — загадчык кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму.
Вячаслаў Швед даведаўся, што па заканчэньні кантракту больш не будзе ўзначальваць кафедру.
Загад падпісаў яшчэ былы рэктар — Яўген Роўба, якога таксама нядаўна вызвалілі ад займанай пасады.
Швед: «Кантракт у мяне сканчаецца 26 сакавіка, і мне ўжо афіцыйна паведамілі, што яго не працягнуць, але заключаць новы на пасаду прафесара, калі я прайду адпаведны конкурс».
Спадар Швед кажа, што збіраецца праводзіць адкрытыя заняткі і ўдзельнічаць у конкурсе.
Далей займаецца навукай, рыхтуе да выдання чарговую кнігу, гэтым разам пра паўстанцаў 1863 году.
Паводле яго, з выхадам ягонай кнігі чытачы змогуць даведацца новыя імёны паўстанцаў, якія раней ніколі не гучалі.
Швед: «Я знайшоў шмат імёнаў кіраўнікоў паўстання, якіх мы раней не чулі.
Цікава, што кожны другі ці трэці з іх быў афіцэрам царскага войска, але падчас гэтых падзеяў яны пераходзілі на бок паўстанцаў. І ўсе яны былі людзьмі мясцовага паходжання».
Астатнія аўтары «Гродназнаўства» працягваюць працаваць на сваіх месцах.
Віталь Карнялюк: «Я доктарскую пішу, мая тэма — пра бежанцаў Першай сусветнай вайны. Але пакуль нічога распавядаць не буду — вось напішу, тады можна будзе нешта і казаць».
Алесь Госцеў кажа, што за працай ужо паспеў забыцца пра той скандал, але вось ізноў нагадалі:
«Я надалей займаюся музеем гісторыі пэдагогікі — гэта мая асноўная задача.
Я вельмі хачу прывесьці ўсё тут да ладу».
Кнігу-падручнік «Гродназнаўства» напісалі вядомыя гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы. У яе 38 параграфах апавядаецца пра тысячагадовую гісторыю горада.