Гарадзенцы расказалі, за што дзякуюць уладам

У большасці выпадкаў нашыя рэспандэнты падзяліліся па двух тыпах рэакцыі. Адны ўспрынялі пытанне з іроніяй і ўсмешкай, іншыя адказвалі хутка і эмацыйна.

 

14,5 % апытаных намі дзякуюць уладам за сацыяльны пакет. Гэты адказ стаў самым папулярным. 11% хваляць за добрыя дарогі – адказ другі па распаўсюджанасці. “Няма за што” – адказалі 9% рэспандэнтаў.

 

Адказы як “Нязменнасць пазіцый”, “Няма вайны”, “Парадак”, “Чыстата”, “Незалежнасць” аказаліся на чацьвёртым месцы па распаўсюджанасці і набралі кожны каля 5,5%.

 

Усе катэгорыі адказаў можна ўбачыць у “воблаку слоў” ніжэй. Чым больш памер шрыфту, тым папулярнейшы адказ сярод нашых рэспандэнтаў.

 

align=”middle” alt=”За што хваляць улады ў Гродне, воблака словаў” >

Націсніце на воблака, каб пабачыць у вялікім памеры

 

 

Працытуем таксама найбольш яркія адказы:

 

“Хвалю за спробу правядзення адносна незалежнай палітыкі. За тое, што не поўзаюць перад Захадам. За тое, што не глынаюць закіданыя з Захаду амаральныя каштоўнасці. За цвёрдасць і рашучасць у дзеяннях.  За падтрыманне, наколькі мажліва, прыярытэту сацыяльных інтарэсаў”.

 

“Беларускім ўладам я магу падзякаваць за сваю злосць. Яна найлепшы матыватар для далейшых дзеянняў. Калі злуешся – пачынаеш нешта рабіць больш эфектыўна і зладжана.

Я ўдзячная, што ўлада выклікае менавіта такія пачуцці. Гэта дазваляе рухацца далей і разумець, што ўсё магло б быць інакш. І спрабаваць зрабіць так, набліжаючы перамены”.

 

“За выгадаваную ўва мне абыякавасць. Вучыць забіваць на ўсё і жыць як захочацца”.

 

“За тое, што яны не заўсёды рэалізуюць тое, што задумваюць”.

 

“За тое, што пасля кожнага майго звальнення за палітыку я знаходжу новую, больш аплачваемую працу і развіваюся больш шырока і глыбінна. Можна пахваліць і за тое, што ўлада паспяхова сама сябе дыскрэдытуе”.

 

“За сталасць! Яны прытрымліваюцца адной лініі, хай мы і лічым яе няправільнай!”

 

“За пазіцыю. Калі глядзець глабальна на тое, што адбываецца – я падтрымліваю ўладу. Зыходзячы з таго, што адбывалася апошнюю тысячу гадоў, яны ўсё правільна робяць: абараняюць інтарэсы дзяржавы”.

 

“Я вельмі ўдзячная беларускім уладам за відавочна незапланаванае імі стварэнне ўмоў, у якіх, нарэшце, аддзеліцца збожжа ад пустазелля. І ёсць надзея, што гэта збожжа хутка прарасце і задушыць пустазелле”.

 

Апытвалі Аліса Чэкатоўская і Юлія Лыткіна