“Ахова птушак Бацькаўшчыны” выпусціла паштоўкі для паляўнічых
Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якая не першы год дамагаецца забароны веснавога палявання ў Беларусі, сёлета замест звыклага збору подпісаў падрыхтавала паштоўкі, адрасаваныя паляўнічым, Міністэрству лясной гаспадаркі, паляўнічым таварыствам і іншым абаронцам палявання на вадаплаўных птушак вясной.
На замову АПБ рэкламная агенцыя Publicis Hepta Belarus вырабіла серыю паштовак “Спынім веснавое паляванне на птушак!”.
align=”” alt=”Image 28790″ >
На фоне веснавых краявідаў – кранальныя радкі.
Вясной ад стрэлаў паляўнічых гінуць птушкі, якія я праз колькі месяцаў вывелі б птушанят.
Беларусь – адзіная краіна Еўропы, дзе дазволена веснавое паляванне на птушак.
У Расіі паляваць дазваляецца цягам 10 дзён, у Беларусі – 2 месяцы.
Таму, акрамя мясцовых, сюды едуць тысячы аматараў палявання з суседніх краін.
Дырэктар АПБ Віктар Фенчук:
– Рэкламная агенцыя падабрала адпаведныя тэме малюнкі з адкрытых крыніц.
Выдрукуем мы вельмі невялікую колькасць, асноўны ўпор будзем рабіць на пашырэнне праз інтэрнэт.
Паўплываць на паляўнічых і тых, хто прымае рашэнні, амаль немагчыма, таму нашая задача – змяніць светапогляд звычайных людзей, якія нават не ведаюць пра гэтую праблему.
А праблема не толькі ў тым, што ідуць людзі са стрэльбамі і забіваюць птушак.
Ускосная шкода значна большая.
Вясна – самы адказны перыяд у жыцці птушак.
Тысячы гусей і дзесяткі тысяч качак забіваюць, але колькі застаецца параненых, колькі падымаюцца з гнёздаў.
Паляўнічы забівае 1 гусь, а ўся стая вымушаная здымацца з адпачынку.
У Беларусі паляваннем займаецца прыкладна 1% дарослага насельніцтва.
Для некаторых паляўнічых гападарак асноўнай крыніцай прыбытку з’яўляецца замежны паляўнічы турызм.
Пра неабходнасць забараніць забойства птушак вясной выказваліcя прыродаахоўныя аргнаізацыі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, праваслаўная і каталіцкая цэрквы, прадстаўнікі навукі і культуры, аднак сітуацыя не змяняецца.
Цяпер “Ахова птушак Бацькаўшчыны” вырашыла выкарыстаць дзеля данясення сваёй пазіцыі да грамадскасці рэкламу.