Вясельная выстава: нявесты выбіраюць толькі белыя сукенкі

Не сакрэт, што вясельная індустрыя ва ўсім свеце – дастаткова развітая і прыбытковая сфера бізнеса. У Еўропе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў праводзяцца буйныя выставы-продажы, якія збіраюць шматлікіх прадстаўнікоў гэтага напрамка фэшн-індустрыі. У нас жа падобная выстава праходзіць толькі другі раз.

 

Як кажа яе арганізатар Алег Чабатарэвіч, ужо бачныя істотныя змены не толькі ў выставе, але і ва ўсім вясельным бізнесе нашага горада:

 

align=”left” alt=”Алег Чабатарэвіч, Вясельны свет, Свадебный мир Гродно” >

“У гэтым годзе колькасць наведвальнікаў амаль удвая больш, чым у мінулым, ды і ўдзельнікаў, канешне, паболей. Гэта вельмі цешыць. Ёсць нават прадстаўнікі вясельных крамаў з Мінску. Маем надзею, што на наступны год да нас далучацца і іншыя гарады”.

 

На выставе наведвальнікі маглі пазнаёміцца не толькі з веяннямі моды, але і з вядоўцамі вяселляў, фатографамі, музыкамі. Прадстаўлены быў увесь спектр вясельных паслуг. Адразу можна было замовіць і сукенкі, і аксэсуары ды ўвогуле поўную арганізацыю свайго свята.

 

“Зараз вясельны салон – гэта не толькі сукенкі, як гэта было яшчэ некалькі гадоў таму. Гэта ўжо прадстаўленне амаль усіх святочных атрыбутаў: ад бакалаў для маладых да упрыгожванняў залы”, – кажа прадстаўніца аднаго з вясельных салонаў, у павільён якога мы завіталі.

Тут, як і ў астатніх, прадстаўлены не толькі вясельныя сукенкі, але і проста вечаровыя, а таксама мужчынскія гарнітуры і дзіцячыя касцюмы.

 

“Часта, калі да нас прыходзяць для падрыхтоўкі вяселля ці нейкага іншага ўрачыстага свята, адразу набываюць ці пазычаюць строі, то хочуць, каб і дзеці былі апранутыя ў тыя ж колеры ці стылістыку, што і дарослыя”.

Салоны і святочныя агенцтвы вельмі добра і крэатыўна падрыхтаваліся да выставы. Кожны павільён – маленькі свет, прыгожы і казачны. Для ўпрыгожвання пайшлі ўсе атрыбуты з якімі асацыюецца вяселле, што мы бачым у галівудскіх фільмах: легкія белыя тканіны, свечкі, кампазіцыі са штучных ды жывых кветак, нават сапраўдныя тарты, якія маглі пакаштаваць наведвальнікі выставы.

 

Некаторыя  так накрэатывілі, што не дазвалялі фатаграфаваць свой стэнд! Мінакі здзіўляліся, бо нічога асаблівага там не было. Можа, трохі больш хэндмэйд вырабаў, чым ў іншых.

 

Дарэчы, вырабаў гарадзенскіх майстрых было дастаткова шмат: і дэкупаж, і свечкі, і ліхтары, а таксама вельмі шмат біжутэрыі. Усё, што трэба для вяселлля, на выставе можна было набыць ці замовіць. Нават дамовіцца наконт вясельнага картэжа. Наведвальнікі з ахвотай фатаграфаваліся з сапраўднымі рэтрааўтамабілямі ды з вялікім белым лімузінам аднаго са святочных агенцтваў горада.

Калі ішлі на выставу, заўважылі зграйкі дзяўчын, што спяшаліся ў напрамку да вясельных павільёнаў. Мужчын не было відаць.

 

“Напэўна ім не цікава”, – заўважыла я. Аднак, вырашыла спытаць у арганізатара, хто ж больш наведвае выставу: мужчыны ці жанчыны?

 

“Пароўну, – усміхаецца Алег. – Мы адмыслова назіралі, хто ж больш цікавіцца вясельнай тэматыкай, бо кажуць, што гэта хутчэй жаночай тэма. Няпраўда, мужчын тут столькі ж! Можа гэта з-за таго, што ў рамках выставы праходзіць вельмі ўражваючае мота-шоў”.

Дарэчы, шоў гэтае адзінае ў Беларусі. Два матацыкліста вырабляюць акрабатычныя трукі ўнутры жалезнага шара. Жадаючыя, для больш экстрэмальных адчуванняў, маглі пастаяць унутры, калі акрабаты на жалезных конях ганяюць па амаль вертыкальных сценках металічнай канструкцыі.

На больш спакойнае мерапрыемства запрашалі ў іншым канцы легкаатлетычнага комплекса ЦСК “Нёман”, дзе праводзілася выстава. Тут праходзіў паказ-дэфіле вясельнай і вечаровай моды. Строі прадставілі некаторыя з салонаў, аксесуары – гарадзенскія майстрыхі.

 

Абышоўшы выставу мы заўважылі, што ўсе вясельныя строі – белыя ці крэмавыя, а вось іншых колераў няма.

 

“Гэта такая тэндэнцыя?” – спыталі ў адным з мінскіх вясельных салонаў.

 

“Так. Нявесты выбіраюць менавіта белыя сукенкі. Можа, толькі з нейкімі каляровымі аксесуарамі ці ўстаўкамі. Зараз вельмі модна рабіць тэматычныя вяселлі, калі, напрыклад, усе дружкі ў сукенках аднолькавага колеру.


Праўда, у гэтым сезоне ў моду ўваходзяць чырвоныя вясельныя сукенкі, але пакуль больш выбіраюць усё-роўна белыя. Чаму так? Не ведаю. Можа, даніна традыцыі”.

 

Дарэчы, акурат нейкіх традыцыйных беларускіх аксесуараў заўважана не было. Рушнікі аля  “намаляваная вышыўка” – не лічацца. Напэўна, не вельмі карыстаюцца попытам. На жаль.

 

 

Здымкі Яна Лялевіча