“Людзі з абмежаваннямі прывыкаюць нікуды не хадзіць”
Ты з’яўляешся ініцыятыркай стварэння інтэграцыйнай суполкі “Крок насустрач”. Як узнікла ідэя падобнай ініцыятывы?
Большасць з тых, хто мае дачыненне да суполкі, не адзін раз былі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, якія праходзяць па ініцыятыве беларускага моладзевага грамадскага аб’яднання “Розныя-Роўныя”. Асаблівасць гэтых мерапрыемстваў у тым, што ў іх на роўных удзельнічаюць як цалкам здаровыя маладыя людзі, так і маладзёны з рознымі фізічнымі абмежаваннямі.
Падчас гэтых праектаў многія з нас сталелі, змяняліся і ўсё больш пераконваліся, што кожны ў аднолькавай меры мае шанец, каб жыццё было напоўнена цікавымі падзеямі, прысутнасцю добрых людзей і рознага роду адносін. Як тады, так і цяпер – гэта асноўная і галоўная мэта ініцыятывы “Крок насустрач”.
Сацыяльны інтэрактыўны тэатр
Нам захацелася рабіць нешта самастойна ў Гродне. Такім чынам пачалі ладзіць сустрэчы, арганізоўваць праекты. Галоўная мэта – забеспячэнне ўзаемадзеяння маладых людзей з абмежаваннямі і без, а таксама інтэграцыя інвалідаў у грамадства. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі даволі складана выбірацца кудысьці і актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства. Наша ініцыятыва заклікана вырашыць гэтую праблему.
З аднаго боку, нашыя намаганні накіраваныя на сацыялізацыю маладых інвалідаў у грамадства, але было б несправядліва казаць, што яны накіраваныя толькі на гэта.
Сацыяльны інтэрактыўны тэатр
Адна з галоўных мэт – павышаць узровень адукацыі моладзі. Бо зразумела, навошта падобныя інтэграцыйныя праекты інвалідам, але навошта гэта здаровым маладзёнам? Яны ідуць да нас акурат з мэтай навучыцца новаму, то бок не для таго, каб дапамагаць інвалідам, а для таго, каб разам з намі адукоўвацца.
Інтэграцыя, сацыялізацыя… Я супраць падобных “разумных” тэрмінаў, бо іх прыдумала не я і такую мэту ставяць перад сабой і іншыя ініцыятывы і арганізацыі, якія працуюць з інвалідамі. Для мяне і маёй ініцыятывы галоўнае – узаемадзеянне, без цяжкіх тэрмінаў і слоў.
Дзякуючы ўдзелу ў мерапрыемствах ГА “Розныя-Роўныя” мы зразумелі, што калі людзей аб’ядноўвае штосьці на самой справе цікавае, то надуманыя страхі сыходзяць, а на іх месцы вырастаюць больш шчырыя адносіны адзін да аднаго.
Значыць, хай проста будзе цікава ўсім, незалежна ад наяўнасці або адсутнасці дыягназаў! Такі падыход – наша галоўная перавага!
На вуліцы рэдка ўбачыш чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. З чым гэта звязана?
Ёсць меркаванне, што ў нашай краіне няма безбар’ернага асяроддзя. І сапраўды няма. Але чамусьці ўсе лічаць, што менавіта з-за гэтага на вуліцы і не бачна інвалідаў.
Мы прыйшлі да высновы, што нават калі б у горадзе раптам з’явілася безбар’ернае асяроддзе і ўсе грамадскія месцы сталі больш даступнымі, людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў горадзе стала б не нашмат больш.
Ганна Яшына
Насамрэч інваліды самі не асабліва імкнуцца выходзіць са сваіх дамоў. Адсутнасць безбар’ернага асяроддзя гэта далёка не галоўная прычына. Галоўнае гэта тое, што інваліды ў большасці сваёй самі нічога не хочуць. Ім больш звыкла сядзець у чатырох сценах, гэта лічыцца нармальным.
Маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі прывыкаюць нічога не рабіць, нікуды не хадзіць. Нават калі ім прапаноўваеш дапамогу – яны самі адмаўляюцца.
Часта вялікай праблемай для людзей з абмежаваннямі становіцца адмаўленне праблем. Я заўважыла, што некаторыя мае знаёмыя жывуць у ілюзіях. Канешне, любы чалавек, здаровы ці з абмежаваннямі, жадае, каб у яго было ўсё добра. Мы ствараем карцінку дабрабыту, поспеху, нібыта ў нас няма праблем і нам больш нічога не трэба.
Спрэчныя пытанні для дыскусіі
Людзі пераконваюць сябе ў гэтым, а пасля самі пачынаюць у гэта верыць. Яны проста прывыкаюць жыць так як ёсць, ім прасцей пакідаць сабе ілюзію, што яны ўсім задаволеныя, чым прымусіць сябе рухацца для таго, каб нешта пачало змяняцца. Прасцей кажучы, каб знайсці рашэнне трэба прызнацца, што праблема ёсць.
У грамадстве існуе стэрэатып, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі не хочуць працаваць і ім прасцей жыць на ўтрыманні дзяржавы.
Пытанне працаўладкавання для мяне вельмі складане. У нас здаровым людзям складана шукаць працу, што тут казаць пра людзей з абмежаваннямі.
Дзяржава, грамадскія аб’яднанні кажуць, што апекуюцца над людзьмі з абмежаваннямі, ствараюць сацыяльныя працоўныя месцы, намагаюцца інтэграваць інвалідаў у грамадства праз працу, але я заўважыла па сабе, што ніякай дакладнай дапамогі ў гэтым пытанні няма. Хтосьці дзесьці спрабуе нешта рабіць, але для таго, каб інваліды на раўных працавалі ў грамадстве – павінна быць сістэма.
Сацыяльны інтэрактыўны тэатр
Прыклад з жыцця. Год-два таму на базе мінскага пратэзнага завода праводзілі навучальныя курсы для інвалідаў. Раз-пораз набіраюць групы і навучаюць на аператара ЭВМ. Чатыры месяцы ты праводзіш у Мінску, пры гэтым на заняткі адводзіцца дзве гадзіны ў дзень, астатні час – вольны. Лічыцца, што інвалідаў больш чым на дзве гадзіны загружаць нельга.
Для мяне было вельмі смешна там знаходзіцца, але гэта стала своеасаблівым эксперыментам. Справа ў тым, што прафесія “аператар ЭВМ” ужо даўно не запатрабавана. Я не разумею, навошта праводзяцца курсы па такім бесперспектыўным спецыяльнасцям. З 15 чалавек, якія былі са мной у групе, ніхто не працуе аператарам ЭВМ, бо і самой прафесіі сёння ўжо няма – у асноўным бразды праўлення перайшлі да праграмістаў.
У гэтыя курсы ўкладаюцца вялікія грошы – на працягу чатырох месяцаў трэба ўтрымліваць у Мінску 15 чалавек. І замест таго, каб прадумаць сістэму, каб займацца тым, што сапраўды вырашыць праблему з працаўладкаваннем інвалідаў, у нас робяць абы рабіць. Гэта вельмі злуе.
З іншага боку, працу пры жаданні можна знайсці. Але з маіх знаёмых з вышэйшай адукацыяй амаль усе працуюць не па спецыяльнасці. У мяне ёсць знаёмы з трэцяй групай інваліднасці, ён скончыў з чырвоным дыпломам наш гарадзенскі універсітэт, факультэт замежных моў, зараз працуе грузчыкам.
Да ўтрыманства чалавек таксама прывыкае, бо калі доўга не працуеш, прызвычайваешся не працаваць. Але зноў жа – у нас проста няма сістэмы. Няхай бы інваліду пасля заканчэння вуза адразу прадастаўлялі працоўнае месца. У сучасным свеце шмат магчымасцей дыстанцыйнай працы. Можна было б стварыць базу такіх працоўных месц і пры з’яўленні вакансіі прапаноўваць адразу чалавеку з абмежаваннямі.
А так людзі сканчаюць школы, універсітэты, нідзе не працуюць, прывыкаюць да такога становішча, а чым даўжэй не працуеш, тым складаней пасля знайсці працу.
Было б значна лепей, каб інваліды падчас навучання атрымлівалі больш практыкі. Людзі баяцца працаваць: калі прыходзіш на новае месца працы, спачатку ёсць няўпэўненасць. У чалавека з абмежаванымі магчымасцямі яна будзе большай.
Гэтае адчуванне знікае, калі атрымліваеш досвед працы. Ва універсітэтах у нас не даюць такога практычнага досведу. Атрымліваецца, што людзі вучацца-вучацца, і нават вельмі добра вучацца, але з-за адсутнасці досведу працы ніяк не выкарыстоўваюць свае веды.
Што яшчэ ўплывае на працаўладкаванне чалавека з абмежаваннямі?
Шмат залежыць ад працадаўцаў. Яны звычайныя людзі, сярод іх бытуюць стэрэатыпы. Некаторыя лічаць, што інвалід не можа быць добрам працаўніком, хтосьці, наадварот, лічыць, што чалавек з абмежаваннямі будзе вельмі старацца працаваць. Ёсць і тыя, хто баіцца браць на працу інваліда, бо людзі з абмежаваннямі не такія мабільныя.
Як матываваць працадаўцаў браць на працу людзей з абмежаваннямі?
Калі б дзяржава давала такім працадаўцам ільготы, як гэта робіцца на Захадзе, то гэта магло б стаць пэўным стымулам. У нас нешта падобнае ёсць, але, як і з усім астатнім, шмат складанасцей: яшчэ пытанне, ці вартыя таго гэтыя ільготы.
Мне хочацца, каб працадаўца не зацыкліваўся на стане здароўя чалавека, а шукаў проста добрага адмыслоўца. Хочацца, каб мы, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, маглі канкураваць на рынку працы на роўных са здаровымі людзьмі.
Сацыяльны інтэрактыўны тэатр
Ці ёсць у Гродне адмысловыя месцы, куды ходзяць адпачываць людзі з абмежаванымі магчымасцямі?
У мяне ёсць знаёмыя, якія перасоўваюцца на вазках і пры жаданні могуць паехаць адпачыць у любы клуб горада. Яны проста бяруць з сабой сяброў, якія дапамагаюць ім у перасоўванні. Не магу сказаць, што зусім не ўзнікае праблем, але калі чалавек сапраўды хоча – ён шукае магчымасці, калі не – ён знойдзе прычыну.
Асабіста я люблю адпачываць больш спакойна, пакурыць кальян, паразмаўляць з цікавымі людзьмі.
Ты атрымліваеш вышэйшую адукацыю. Як табе вучыцца ў гарадзенскім універсітэце?
Нашыя гарадзенскія ўніверсітэты ўвогуле не прыстасаваныя да таго, каб там навучаўся чалавек з абмежаваннямі. Прыступкі, пустыя калідоры і адсутнасць каля кабінетаў крэслаў, каб можна было сесці, бо я не магу доўга стаяць пад дзвярыма.
Адсутнасць нармальных прыбіральняў, прыстасаваных для людзей з абмежаваннямі. Таму калі я сяджу на лекцыі і адчуваю, што мне неабходна ў прыбіральню, я збіраюся і сыходжу дахаты, бо іншага выйсця ў мяне проста няма.
Але я не лічу гэта такой вялікай праблемай, было б жаданне атрымліваць адукацыю. У мяне ёсць знаёмыя, якім нашмат цяжэй перасоўвацца, і яны вучацца.
Іншая справа, што мне не падабаецца сістэма вышэйшай адукацыі ў тым выглядзе, як яна пабудавана ў нас у Беларусі. Незразумела, каму гэта патрэбна і калі тыя веды, што нам даюць, спатрэбяцца ў жыцці. Але без вышэйшай адукацыі сёння ўвогуле нельга, калі ты плануеш працаўладкавацца.
А ці ёсць пазітыўны праклад іншых універсітэтаў?
Ведаю, што ў некаторых мінскіх вузах ёсць ліфты для інвалідаў і няма такой праблемы з прыбіральнямі. Але, канешне, гэта адзінкавыя выпадкі, хутчэй выключэнне, чым правіла. Да безбар’ернага асяроддзя ва ўніверсітэтах яшчэ вельмі далёка.
Ці гатова грамадства да таго, што побач са здаровымі людзьмі будуць людзі з абмежаваннямі: у школах, універсітэтах, у рэстаранах, тэатрах, на працоўных месцах?
Не трэба чакаць, пакуль грамадства будзе гатова. Я ніколі не задумвалася, ці падрыхтавана грамадства, бо з дзяцінства не адчувала, што мяне не прымаюць, што ў мяне праблемы з людзьмі навокал. Хоць мне і складана хадзіць і адразу відавочны мае праблемы са здароўем.
Усё залежыць ад характару. Часам людзі бачаць навокал тое, чаго насамрэч няма. Яны баяцца, што іх не будуць прымаць, таму іх і не прымаюць. А калі інвалід адкрыты, упэўнены ў сабе, яго будуць прымаць незалежна ад таго, якія ў яго асаблівасці.
Асноўная праблема, на маю думку, ў тым, што самі інваліды не гатовы да актыўнага жыцця, да таго, каб быць прынятымі, і нічога для гэтага не робяць.
Якія ў цябе планы на будучыню?
Я нічога стараюся не планаваць, бо што б я не запланавала – выходзіць усё роўна інакш. Раней мне падавалася, што калі ты верыш у нешта, трэба імкнуцца да гэтага ўсімі сіламі, варушыць усіх навокал, ісці напралом і г.д.
Але я заўважыла па сваім жыцці і стараюся прытрымлівацца такога прынцыпу: трэба жыць і быць спакайней, не ствараць праблем тым, хто навокал, і сабе асабіста. Пры гэтым не ўпускаць магчымасці, якія прадастаўляе жыццё.
Калі ты не выкарыстоўваеш тое, што дае табе жыццё – тады і пачынаюцца сапраўдныя праблемы.