Гродзенская пенсіянерка праходзіць пацярпелай па справе Сашы Варламава

|

Пацярпелая падрабязна распавяла, куды ішлі камандыровачныя ўдзельнікаў замежных паказаў “Мельніцы моды”.

 

З Варламавым Саланевіч пазнаёмілася ў 2002 годзе на рэгіянальных паказах у Гродне.

Мадэльер прапанаваў кіраўніцы харэаграфічнай секцыі факультэта грамадскіх прафесій Гродзенскага ўніверсітэта пераехаць у Мінск і пачаць працаваць у “Агенцтве моды Сашы Варламава”.

Гарадзенка выкладала мадэлям дэфіле, рыхтавала семінары і адборачныя туры “Мельніцы моды”.

 

Пенсіянерка прызналася, што за афіцыйны заробак памерам да 180 тысяч рублёў яна толькі распісвалася ў ведамасці, а сапраўдны заробак на суму каля 500 даляраў атрымлівала ад Варламава ў капэрце.

Камандыровачных удзельнікі замежных паездак, у тым ліку пацярпелая, не атрымлівалі, бо, паводле Варламава “грошы належаць фестывалю і выдзеленыя на арганізацыю паказаў”.

 

Алена Саланевіч адзначыла, што разумее, што панесла страты, але даруе Варламаву.

Затое ёй было сорамна браць грошы за замежныя паездкі з бацькоў, якія суправаджалі сваіх дзяцей, і тут “Варламаў паступіў несумленна, бо на бацькоў грошы таксама выдзяляліся”.

 

Разам з тым гарадзенка падкрэсліла, што ў часе замежных паездак сапраўды былі вялікія непрадбачаныя выдаткі, на якія патрабаваліся грошы.

Варламаву даводзілася плаціць то за арганізацыю паказаў, то за светлавое і гукавое абсталяванне, то за платную стаянку аўтобуса, то за фуршэты.

 

Паводле Саланевіч, мадэльер у свой адпачынак і за ўласны кошт ездзіў па Еўропе, дамаўляючыся пра запрашэнні беларускіх дызайнераў на паказы.

Жанчына сказала, што заўсёды паважала Сашу Варламава як кіраўніка і адмовілася ад некаторых сваіх словаў, запісаных у пратаколах падчас следства.

 

Падрабязна пра сведчанні Алены Саланевіч можна прачытаць тут.

 

Здымак http://tut.by