Фотарэцэпт: масленічныя бліны ад “Твайго стылю”

| Без катэгорыі

Увесь сырны (масленічны) тыдзень нашыя продкі гатавалі бліны, частавалі адзін аднаго, аддавалі абяздоленым ды “прыносілі ў ахвяру” Духам, якія адказвалі за надыход вясны. Круглы, жоўты, гарачы блін знешне нагадвае сонца, якому пакланяліся нашы продкі.

 

Традыцыя пекчы бліны на Масленку вельмі добра захвалася і дайшла да нашых часоў. У гэты тыдзень  бліны – амаль галоўная тэма для размоваў. Проста нейкі must have! Прынамсі такое ўражанне складаецца  ад пастоў у сацыяльных сетках ды шматлікіх артыкулаў ў газетах ды часопісах.

 

“Твой стыль” вырашыў не адставаць і прапануе некалькі старадаўніх рацэптаў бліноў, падгледзеных у кніжках ХІХ стагоддзя, а таксама свой варыянт прыгатавання гэтай  простай, але  вельмі смачнай стравы.

 

Вось, напрыклад, як у засценку Дугны Ашмянскага павету гатавалі аўсяныя бліны.

 

Спатрэбіцца:

2 шклянкі аўсяных шматкоў, трохі аўсянай цэжы, якую можна замяніць недзе 30 грамамі дражджоў, 2 шклянкі малака, паўшклянкі пшанічнай мукі, цукар, адно яйка.

 

Аўсяныя шматкі трэба абсмажыць на сухой патэльні да залацістага колеру. Перасыпаць у місу і заліць шклянкай гарачага малака. Пакінуць на гадзіну, каб набрынялі.

 

Калі выкарыстоўваць дрожжы, дык трэба заранёў падрыхтаваць рошчыну: раскрышыць дрожджы, і ўліць шклянку цёплага малака, дадаць лыжку пшанічнай мукі і лыжачку цукру. Пакінуць у цёплым месцы.

 

У набрынялыя аўсяныя шматкі ўсыпаць рэшту пшанічнай мукі, убіць 1 яйка і старанна перамяшаць драўлянай лыжкай, не пакідаючы камячкоў. Дадаць рошчыну, соль і пакінуць у цёплым месцы. Праз 30 хвілін паўторна старанна перамяшаць і зноў пакінуць на 30 хвілін.

 

Калі выкарыстоўваць аўсяную цэжу, дык проста дадаць у яе цёплае малако і, не чакаючы, дадаць астатнія інгрэдыенты.

 

Смажыць бліны да залацістага колеру з абодвух бакоў на моцна разагрэтай патэльні, нашмараванай тлушчам: накладаць цеста вялікай лыжкай, злёгку разшмароўваючы па патэльні на бліны каля 10 см у дыяметры. Калі цеста занадта густое, можна даліць малака або вады. Падаваць з мачаннем.

 

Масленічны тыдзень  яшчэ называюць  сырным, бо  да гэтага часу каровы ў вясковых гаспадарках паспявалі ўжо ацяліцца, таму на сталах было шмат прадуктаў з малака. Да аўсяных бліноў у гэтыя дні падвалася тварожнае мачэнне.

 

А вось рацэпт з кнігі “Кухарка літоўская” В. Завадскай 1874 года.

 

Бліны з чарніцамі або малінамі

 

Спатрэбіцца:

5 яек, 2 шклянкi мук,3 шклянкi малака або сыроваткі, 2—3 шклянкi падсохлых чарніц ці маліны, 4—5 лыжак цукру, шчыпотка цынамону, 2 лыжкі масла ці тлушча для смажання

 

Замяшаць цеста, крыху гусцейшае чым на звычайныя вялікія бліны, якія яшчэ называліся наліснікі. Перасыпаць чарніцы цукрам і цынамонам, перамяшаць.

 

Смажыць па адным налісніку на патэльні з аднаго боку, калі набудзе знізу жоўта-карычневы колер, перагарнуць, накласці на палову бліна ягад, зляпіць краі бліна накшталт паўкруглага чэбурэка, падліць масла i падсмажыць на іншым баку да гатоўнасці.

 

Смажаныя бліны складаць на круглай талерцы “горкай”, каб паўкруглыя ўтваралі поўнае кола, пасыпаць кожны пласт цукрам і цынамонам. Падаваць з кіслай смятанай.

 

Рацэпт ад “Твайго стыля” больш просты. Пячэм салодкія наліснікі.

 

Спатрэбіцца:

2 шклянкі мукі, 3 яйкі, 2 шклянкі малака, шклянка цукра, трохі лімонай цэдры, ванільны харчовай араматызатар або проста ванілін. Для начынкі мы ўзялі твораг, які перамешалі са сметанай і варанае згушчанае малако.

Прыгатванне вельмі простае. Усе інгрыдыенты змешваюцца. Цеста павінна быць  па густаце падобнае на смятану. Смажацца бліны на  добра разагрэтай патэльні.

 

Увогуле, у народнай традыцыі прыгатаванне бліноў уваходзіла ў шэраг абрадавых комплексаў і звязвалася з ідэяй ахвяравання продкам.  І не толькі на Масленіцу.

 

З бліном у руцэ гаспадар клікаў Мароза на калядную вячэру. Пры першым выгане жывёлы бліны неслі пастуху, які пагражаў: “Хто не дасць блінца — здохне аўца”.

 

Бліны ўваходзілі ў склад шматлікіх варожбаў пра замужжа: з ім на галаве ішлі на вуліцу і пыталіся імя першага сустрэчнага мужчыны; з блінамі беглі пад акно да суседзяў і чакалі слоў тыпу “сядзь” ці “ідзі”. На куццю першы блін неслі авечкам, каб яны цэлы год былі здаровыя.

 

Пры выпяканні бліноў непажаданай была прысутнасць іншых. Калі хто заходзіў у хату, дзе пякуць бліны, мусіў казаць: “Скачком бліны!”, а ў адказ чуў: “Тарчком з ізбы!”.

 

Здымкі Яна Лялевіча