На кінапаказе размаўлялі пра прыватызацыю

|

Сустрэчу можна было раздзяліць на две лагічныя часткі. У першай палове размаўлялі, канешне, пра палітыку. У прыватнасці, пра прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, што зараз імкнецца рабіць беларускі ўрад.

Анатоль Лябедзька (на здымку) распавеў прысутным аб тым, што 15 сакавіка, у дзень Канстытуцыі, частка дэпутатаў Вярхоўнага савета ХІІІ склікання сабралася, каб распрацаваць і прыняць заяву-дакумент аб праве ўласнасці.

 

“Чаму  менавіта гэтыя людзі?” – спыталі ў залі.

 

“Таму што толькі гэтае скліканне можна лічыць легітымным. Гэта апошнія дэпутаты, якіх сапраўды выбіралі. Потым – прызначалі. Ніхто з тых, каго прызначылі, нічога не прадпрымае, каб выканаць свае абяцанні.

 

Успомніце дэвальвацыю. Па ўсіх каналах гаварылася, што яе не будзе, але яна адбылася. І ніхто з дэпутатаў не ўстаў і не сказаў нешта крытычнае. Яны проста маўчалі”, – адказаў лідар АГП, дадаўшы, што партыя не супраць прыватызацыі ў прынцыпе.

Галоўнае, каб у законе былі прапісаны зразумелыя для насельніцтва правілы, каб прыватызацыю праводзіла легітымная ўлада, адкрыта і празрыста. Тады і пытанняў не будзе. Тое, што адбываецца зараз, партыю АГП вельмі непакоіць.

 

“Вельмі важна ведаць, куды ідуць грошы ад прыватызацыі. Гэтае пытанне павінна турбаваць усіх і кожнага. Вельмі важна, каб яно  абмяркоўвалася, каб было бачным і каб наўпрост было звязана з пенсійным фондам. Для таго, каб пенсію маглі атрымліваць не толькі зараз, а і праз 20-30-40 год”, – дадаў Анатоль Лябедзька.

Юры Хашчавацкі быў салідарны з лідарам АГП, дадаўшы:

 

“Шмат хто не верыць, што можна нешта змяніць. Маўляў, апазіцыя слабая. Так, яна слабая. Але кожны можа зрабіць тое, што можа сам зрабіць.

 

Не трэба быць героем, каб нешта мяняць. Трэба пачаць з  малога, прыйсці на выбары, прагаласаваць, распавесці суседзям, родным і блізкім, што і як адбываецца на самой справе.

 

Сёння галоўная небяспека – тая самая прыватызацыя, якую задумала ўлада. Калі мы будзем рухацца ў гэтым напрамку – краіна застанецца без будучыні”.

 

Прадстаўляючы свой фільм “Лабатамія”, галоўнай тэмай якога з’яўляецца палітыка Расіі ў дачыненні да сваіх суседзяў, Юры Хашчавацкі заўважыў:

 

“З’явілася інфармацыйная зброя, якую ўлады імкнуцца выкарастаць супраць грамадства. Расія з поспехам пераняла вопыт Беларусі ў гэтым накірунку”.

Назва фільма паходзіць ад назвы нейрахірургічнай аперацыі, мэтай якой з’яўляецца змяншэнне эмацыйных працэсаў у чалавека. Адзін з асноўных пабочных эфектаў лабатаміі – пацыент губляе пачуццё, што ён той самы чалавек, якім быў учора і будзе заўтра.

 

І хоць асновай матэрыялу служаць ваенныя дзеянні падчас канфлікта з Грузіяй у 2008 годзе, рэжысёр таксама ўспамінае падзеі 1991 года ў Вільні, гісторыю Бронзавага салдата ў Эстоніі, а  таксама шкраінска-расійскія канфлікты апошняга часу.

 

Дакументальная стужка “Лабатамія” была створана ў 2010 г. у супрацы чатырох партнёраў: “Baltic Film Production” (Эстонія), “Free Pro Video Institute” (Нямеччына), “Bramafilm” (Беларусь) і тэлеканалу “Белсат” пры падтрыманні “Jan Vrijman Foundation” і “Open Estonia Foundation”.

 

Здымкі Яна Лялевіча