Швецыя ў адзін дзень.Частка І

| Без катэгорыі

На вуліцах Швецыі вельмі проста адрозніць мясцовага жыхара ад якога-небудзь прыезджага беларуса ці паляка. Швед і не падумае заглядваць у чужыя вокны, хаця магчымасці для гэтага створаны ідэальныя.

 

Выбрацца туды на ўікэнд, каб спраўдзіць папулярныя ўяўленні, не так і складана – паромы ходзяць з партоў суседніх Польшчы, Літвы ды Латвіі. Мы выбраліся ў падарожжа паромам StenaLine, які курсуе на трасе Гдыня-Карлскруна.

Паром Stena Spirit – гатэль на вадзе з рэстаранамі, дыскатэкамі, азартнымі гульнямі і зусім не танным Duty Free

 

Задавальненне не з танных, але час ад часу можна знайсці надзвычай выгодныя прапановы. Нам удалося ўзяць квіток туды і назад усяго за 449 злотых за двух чалавек. Паром плыве ўсю ноч: ёсць магчымасць паспаць у даволі камфортнай кабіне, патанчыць на дыскатэцы або нават прайграць усе грошы ў блэк-джэк.

 

Выспы Карлскруны студзеньскай раніцай. Від з парома

 

Карлскруна – ціхі правінцыйны горад, у простай лініі – адзін з найбліжэйшых да Гродна, калі не лічыць выспы Готланд, населеных пунктаў Швецыі. Таму, хто не пацікавіцца загадзя гісторыяй горада, можа быць незразумела, чаму горад занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. І чаму дамок, які б у Беларусі назвалі ў лепшым выпадку адрынай, тут каштуе 500 000 еўра і ёсць элітным жытлом.

 

 

Уся справа ў тым, што Карлскруна – былы галоўны вайсковы порт Швецыі. Камернае, спакойнае места, якое амаль цалкам вымірае ў выходныя, вядзе сваю гісторыю з 1680 года, калі на здабытых у датчан землях шведы засноўваюць горад.

 

 

Цудоўны прыклад познерэнесанснага горадабудаўніцтва знаходзіцца на 33 выспах, з якіх 32 – заселеныя людзьмі. Паміж выспамі збудаваны масты або ходзяць бясплатныя паромы.

 

 

На рыначнай плошчы – дзве царквы і помнік заснавальніку горада, Карлу ХІ. Назва горада, зрэшты, гаворыць сама за сябе – яна азначае даслоўна “карона Карла”.

 

Менавіта на гэтай плошчы, на вежы царквы Фрыдэрыка, прызямліўся Нільс, які падарожнічаў з гусямі ў знакамітай дзіцячай кнізе Сэльмы Лагерлеф. Цікава, што ў расійскім перакладзе казкі гусі прызямляюцца чамусці на вежах ратушы, у якой насамрэч веж наогул няма!

 

 

Сустрэў Нільс і той самы помнік каралю, які ён ненарокам абразіў. Не дзіўна, бо помнік сапраўды мае даволі крывы выраз твару. Дарэчы, правільна назваць помнік па імені нескладана нават прыезджаму: кажаш Карл або Густаў або Карл Густаў – і абавязкова трапляеш у якога-небудзь шведскага караля.

 

Вежа злева, што нагадвае фрагмент сярэднявечнага замку, насамрэч – ваданапорная. Цяпер там галерэя, уладальнікі якой перакананыя, што маюць арыгінал Пікасо.

 

Плошча, хоць і самая вялікая па памерах у Скандынавіі, выглядае даволі сціпла, асабліва ў перыяд ад канца восені да пачатку вясны. Аказваецца, амбітных планаў забудовы Карлскруны і ператварэння яе ў візітную картку Швецыі не ўдалося рэалізаваць.

 

 

Самога Нільса на гусе можна пабачыць на банкноце ў 20 крон. Або ў выглядзе маленькай скульптуркі на адной з вуліц.

 

Дата пабудовы дамкоў, бачная на флюгеры, абсалютна рэальная

Звярніце ўвагу на люстэрка прымацаванае да вакна. Гэта папулярны спосаб спраўдзіць, хто грукаецца ў дзверы

 

Акрамя цэнтра горада, у Карлскруне варта пабачыць інтэрактыўны Музей ваенна-марскога флоту ды квартал побач са старой верфю. У апошнім акурат і знаходзім тыя самыя драўляныя дамкі з пачатку XVIII ст. у якіх некалі жылі працаўнікі верфі. Даўнейшы раён гарадской бядоты сёння лічыцца прэстыжным і адзін такі дамок – ідэальна захаваны цягам 300 год – можа каштаваць да 500 000 еўра!

 

 

Паўднёва-усходняя Швецыя ўражвае драўлянай архітэктурай, часам вельмі ўмела закамуфляванай пад мураваную. Прыклады – званіца ў Адміральскім парку ці Адміральская царква (на здымку вышэй) – самая вялікая драўляная царква ў Швецыі, у якой можа змясціцца да 4000 чалавек. Хаця, шведы да рэлігійных людзей не належаць, і нават 40 чалавек на службе ўжо былі б неверагодным натоўпам.

 

 

Званіца (бачная ў канцы вуліцы) запраектавана на ўзор Александрыйскага маяка на выспе Фарос.

 

 

У марскім музеі можна з’есці абед у выходныя за 110 крон (шведскі стол, хаця гэта паняцце ў самой Швецыі невядома). У буднія харчаванне заўсёды выходзіць танней працэнтаў на 30. Уваход у музей па-за сезонам (то бок зімой) бясплатны. Ніжэй – усяго некалькі экспанатаў з калекцыі музея.

 

 



 

Грошы абмяняць лепш загадзя ў Польшчы: у Карлскруне толькі адзін абменнік, які ў выходныя не працуе. Добра, што ў буйных крамах можна разлічыцца ў еўра.

 

 

Падсілкаваўшыя, можна скіравацца або на паўднёвы захад, у бок Мальмё, або на паўночны ўсход, у кірунку Кальмара ды выспы Аландыя. Мы скіраваліся на ўсход. Пра гэта – ў наступнай частцы артыкула.

 

Працяг будзе…


Падарожнічай з “Тваім стылем” дзякуючы нашай інтэрактыўнай мапе падарожжаў!


Праглядзець Мапу падарожжаў “Твайго стылю” ў большым памеры