ФК “Нёман”: усё бліжэй да сезону
Спарынгі
У час гэтага збору каманда Сяргея Саладоўнікава правяла чатыры спарынгі:
10 сакавіка
“Нёман” – “Чыта” (Чыта, Расія / D3) – 1: 0 (1: 0)
Адзіны гол у сустрэчы забіў Андрэй Лясюк, на 43 хвіліне са штрафнога. Відэа забітага гола ніжэй.
14 сакавіка
“Нёман” – “Люнгбю” (Конгенс Люнгбю, Данія / D2) – 2: 2 (0: 1)
Галы: 0:1 – (25), 1:1 – С.Левiцкi (65, дабіванне пасля адбітага брамнікам ўдару А.Бомбеля), 1:2 – (85), 2:2 – І. Садаўнічы (89-г, пас – В.Весялiнаў).
Матч супраць датчан стаў адным з самых напружаных і цікавых паядынкаў нашага міжсезоння. Як паказала гульня, “Люнгбю” нездарма з’яўляюцца прэтэндэнтам на павышэнне.
Датчане прапаведуюць праўдзіва скандынаўскі стыль: магутны сілавы футбол на працягу ўсяго матча, сталы прэсінг. Пад стыль і падбор гульцоў: у калектыве “вікінгаў” усе як адзін грэнадзёры. З такім супернікам прыемна гуляць, праверыць свае сілы і вызначыць свае слабыя месцы.
18 сакавіка
“Нёман” – “Кызылжар” (Петрапаўлаўск, Казахстан / D2) – 3: 0 (0: 0)
Галы: 1:0 – П.Савiцкi (56, з штрафнога), 2:0 – I.Крывабок (65, з пенальці за затрымку рукамі I.Пехi), 3:0 – I.Кывабок (74, пас – Д. Алісейка, з вуглавога).
19 сакавіка
“Нёман” – “Спарта” (Шчэлкава, Расія / D3) – 5: 1 (3: 0)
Галы: 1:0 – Н.Сеалiн (25), 2:0 – А.Лясюк (44), 3:0 – С.Левiцкi(45 +1), 4:0 – Д.Рэкiш (47), 5:0 – А.Лясюк (61), 5:1 – С. Макагонаў (63, з пенальці).
Успомнім, як каманда Сяргея Саладоўнікава правяла міжсезонне.
Дынама Брэст (Беларусь, Д1) – 0:1 (Хамляк);
Уліс (Арменія, Д1) – 7:0 (Савасцьянаў – 2, Дзенісевіч, Савіцкі, Бомбель, Лявіцкі, Гаспадар – Чарамісін);
Валынь (Украіна, Д1) – 1:2 Дзенісевіч (пен)
Арсенал (Расія, Д3) – 2:0 (Лясюк, Савіцкі)
Чыта (Расія, Д3) – 1:0 (Лясюк );
Люнгбю (Данія, Д2) – 2:2 (Лявіцкі, Садаўнічы );
Кызылжар (Казахстан, Д2) – 3:0 (Крывабок – 2 (1 пен), Савіцкі)
Спарта (Расія, Д3) – 5:1 (Сеалін, Лясюк – 2, Лявіцкі, Рэкіш).
Усяго: 8 гульняў, 5 перамог, 1 нічыя і 2 паразы. Розніца мячоў 21-06
Наперадзе новы сезон, кожная каманда ўмацавалася. Успомнім аб нашым складзе.
Трансферы
Самыя значныя страты для “Нёмана” ў гэтым міжсезонні:
Сыход Аляксея Сучкова ў “Тарпеда БелАЗ”. Як заявіў нядаўна Сяргей Саладоўнікаў: “Я хацеў, каб ён застаўся ў камандзе – як футбаліст і асоба. Але калі ўжо так адбылося, шкадаваць няма сэнсу: трэба змірыцца і шукаць замену”.
Не падоўжаны кантракт з Дзмітрыем Кавалёнкам. З гэтай нагоды галоўнакамандуючы “Нёмана” заявіў:
“Глыбока паважаю Дзіму, за яго прафесіяналізм, чалавечыя якасці і стаўленне да клуба. Разам з тым, Кавалёнак не дапамог бы нам на першых ролях. Можа, і памыляюся, але такое маё меркаванне.
А вось на другіх – так. Аднак ці трэба гэта яму самому? Дзіма хацеў быць запатрабаваным у большай ступені, а ў такім выпадку футбаліст шукае каманду, дзе патрэбен на 90 хвілін.
Натуральна, ён вельмі хацеў працягнуць кар’еру ў “Нёмане”, таму што аддаў клубу практычна ўсё спартовае жыццё – і я стаяў ля вытокаў гэтага жыцця.
Калі мы вярнулі Кавалёнка з “Дынама”, ён знаходзіўся на ростанях: ці гуляць наогул? Таму зараз для мяне гэта была адна з самых балючых сітуацый. Але не смяротных. Думаю, у перспектыве мы яшчэ папрацуем разам”.
Іх мы страцілі
Аляксей Сучкоў | Дзмітрый Кавалёнак | Ігар Ясінскі |
Іван Пеха |
“Нёман” не падоўжыў арэнднае пагадненне наконт Ігара Ясінскага, як раней Ігар заяўляў: “Са мной канкрэтна ніхто не размаўляў”.
Як мы ўжо даведаліся, з Іванам Пехам таксама не будзе падпісаны кантракт, хаця на апошнім турэцкім зборы славак трэніраваўся з камандай. Гэта значная страта для клуба.
Ну а зараз пра вясёлае, пра набыткі ў гэтым міжсезонні.
Напэўна, самым галоўным набыццём каманды з’яўляецца Дзмітрый Рэкіш. Сяргей Саладоўнікаў дапамог вярнуцца Дзмітрыю ў вялікі футбол. У галаўкама “Нёмана” вялікія планы на Рэкіша.
Гэтак жа не будзем забываць аб вяртанні Нікаласа Сеаліна. Бразільскі форвард гатовы дапамагчы “Нёману” ў барацьбе за вышэйшыя месцы ў лізе.
Варта адзначыць падпісанне дасведчанага літоўскага галкіпера, Марыуса Рапалiса, які, магчыма, у хуткім часе зменіць у браме Сяргея Чарніка. Той можа ўжо гэтай восенню пераехаць у расійскую Прэм’ер-лігу.
Іх мы набылі
Дзмітрый Рэкіш | Марыус Рапаліс | Вадзім Гаспадар |
Накалас Сеалін |
У абароне ўзмацніліся Іванам Садаўнічым (нагадаем, Іван ўжо раней гуляў у Гродне, толькі за “Белкард”), а таксама Дзмітрыем Алісейка, які мінулы год правёў у “Тарпеда”.
Што тычыцца паўабароны, то на ўзмацненне быў набыты Вадзім Гаспадар. Чарговы раз украінец, які нарадзіўся ў Латвіі, будзе выступаць у Беларусі. Нагадаем, раней Вадзім выступаў за “Віцебск”.
Зусім нядаўна галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў заявіў: “З леташняга складу ў нас 14 чалавек – і гэта істотны плюс”.
Пытанне аб падпісанні “Нёманам” нападніка Мілаша Лачнага застаецца адкрытым. Падрабязнасцi ў найбліжэйшай будучыні.
Зробім выснову: у сувязі з невялікімі стратамі, касцяк каманды ўсё ж здолелі захаваць. Гэта значыць, “Нёман” 3 гэтым годзе павінен адназначна дадаць. Тым больш, была ўзмоцнена атака. Што ж, чакаем пачатку сезону.
Сезон не за гарамі
Ужо зусім хутка стартуе першы афіцыйны матч нашага клуба ў новым сезоне. Матч адбудзецца ў нядзелю 31 сакавіка на стадыёне ЦСК “Нёман” (пачатак сустрэчы ў 14:00). Уваход для заўзятараў будзе свабодным. Такое рашэнне было прынята сумесна з адміністрацыяй ЦСК “Нёман”.
Кіраўніцтва клуба спадзяецца, што затрыманая зіма не перашкодзіць гарадзенскім прыхільнікам футбола падтрымаць любімую каманду.
Нагадаем, у першым туры “Нёман” сустракаецца з мазырскай “Славіяй”. Калі ўспомніць мінулы год, а менавіта першы тур (24.03.12), то “Нёман” гэтаксама сустракаўся са “Славіяй”, матч праходзіў у далёкіх Хойніках. Тады гарадзенская каманда атрымала ўпэўненую перамогу з лікам 1:3 (Савіцкі, Крывабок 2).
Здымак з мінулагодняй сустрэчы са “Славіяй”
Паглядзім, як пачнем ў гэтым годзе.
Здымкі аўтара і fcneman.by