Каранацыя іконы ў Гродзенскай епархіі
Залатыя папскія кароны ўскладуць на абраз Багародзіцы падчас ранішняй службы. Чакаецца, што ва ўрачыстасці возьмуць удзел Архіепіскап Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, кардынал Казімір Свёнтак, усе каталіцкія епіскапы Беларусі.
Рэлігійная праграма падрыхтоўкі каранацыі ўключае богаслужэнні, духоўныя канферэнцыі, начныя малітоўныя чуванні, канцэрты.
Да каранацыі былі падрыхтаваны і асвечаны 16 копій іконы Маці Божай Тракельскай. 16 мая пачалася іх перыгрынацыя па прыходах епархіі. У Гродзенскім Фарным касцёле копія тракельскага абразу будзе выстаўлена для пакланення 7 чэрвеня. Акрамя таго, ва ўсіх прыходах епархіі пасля кожнай нядзельнай службы будуць чытаць спецыяльныя малітвы.
Тракельскі абраз Божай Маці стане трэцяй у епархіі каранаванай іконай Багародзіцы. У 2005 годзе была каранавана ікона Маці Божай Кангрэгацкай у Гродна, а ў 2007 – ікона ў Гудагаі. Тракельская ікона Багародзіцы шануецца каталіцкімі вернікамі як цудатворная.
Здымак паводле www.catholic.by