Крыжовы шлях прайшоў вуліцамі Гродна

|

У крыжовым шляху Ісуса Хрыста каталікі асаблівым чынам удзельнічаюць падчас усяго Вялікага посту. Гэта набажэнства складаецца з разважання над тым, як Хрыстос нёс крыж, быў да яго прыбіты і памёр два тысячагоддзі таму, каб выбавіць чалавецтва ад граху. У час малітвы вернікі абыходзяць чатырнаццаць прыпынкаў шляху, несучы крыж.

Кс. Антоній Грэмза, адзін з арганізатараў, сумняваўся, ці праводзіць крыжовы шлях на вуліцы ў мароз. Але моладзь сама выказала жаданне засведчыць пра сваю веру такім чынам. У набажэнстве прынялі ўдзел каля двухсот людзей рознага ўзросту з усіх парафій горада. На адным з фрагментаў шляху крыж неслі студэнты з Нігерыі.

Кс. Антоні мяркуе, што каталікі выходзяць на вуліцу, каб засведчыць аб сваёй веры перад іншымі людзьмі, каб разважаць над любоўю Бога да чалавека і адказаць такім чынам на яе. Святар заклікаў дапамагаць іншым людзям несці крыж іх цяжкасцяў. Ён успомніў выпадак, калі падвыпіўшы мужчына, убачыўшы крыжовы шлях, імкнуўся дапамагчы несці крыж.

Сёлета разважалі не толькі аб цярпенні Хрыста і пытаннях веры, але і аб агульначалавечых штодзённых тэмах стасункаў з бацькамі, дапамогі, ініцыятыўнасці, сэнсе жыцця.

Аб прычынах ўдзелу ў падзеях Вялікай пятніцы “Твой стыль” даведаўся ў моладзі.

 

Людміла, 29 год: Ёсць каталіцкая традыцыя ўдзельнічаць у такой форме малітвы як крыжовы шлях, успомніць, што Хрыстос занёс нашыя грахі на Галгофу. Гэтае набажэнства прыпамінае нам цану, якая за нас была заплачана.

Віктар, 22 гады: Я ўдзельнічаю як арганізатар. Я – каталік і не саромеюся прайсці вуліцамі крыжовы шлях, разам з нашымі веруючымі, разважаючы, як прайшоў Хрыстос.

Ганна, 23 гады: “Мне гэта неабходна як заклік душы. Я дапамагаю ў арганізацыі крыжовага шляху. Для мяне касцёл, супольнасць вельмі важныя, бо вернікам трэба мець аднадумцаў. Я не баюся выходзіць на вуліцы, казаць, што я каталічка, што хаджу на св. Імшу, у паломніцтвы. Гэта звычайная частка майго жыцця.

 

Хочацца, каб людзі з боку да нас далучыліся, а не глядзелі на нас як на святых. Канешне, трэба веру пацвярджаць жыццём, учынкамі, а не толькі акцыямі цы святамі”.

У канцы крыжовага шляху кс. Антоній Грэмза падзякаваў уладам горада і службам правапарадку за дазвол і садзеянне ў арганізацыі малітвы. Падтрымліваць парадак у натоўпе дапамагалі і маладыя вернікі.

 

Здымкі Яна Лялевіча