Вербная працэсія прайшла па Савецкай плошчы

| Без катэгорыі

Вербная нядзеля адзначаецца ў Царкве на ўспамін уезду Ісуса Хрыста ў Ерусалім. Тады людзі радасна віталі Хрыста як свайго Цара. На знак праслаўлення яны сцялілі Яму пад ногі галінкі пальмаў ды ўласнае адзенне. Таму Вербную нядзелю яшчэ называюць Пальмавай.

 

У бліжэйшую пятніцу – Вялікую – вернікі ўспамінаюць укрыжаванне і смерць Хрыста. Адсюль і чарговая, больш рэлігійная назва Вербніцы – нядзеля мукі Пана.

Вернікі на чале з гарадзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам прайшлі ад узгорка Пабернардынскага касцёла праз Савецкую плошчу да Фарнага касцёла, дзе цэлебравалася ўрачыстая св.Імша.

Моладзь розных парафій з гэтай нагоды падрыхтавала, як і штогод, вялізныя “пальмы” даўжынёй тры-чатыры метры. Яны неафіцыйна спаборнічаюць па арыгінальнасці, прыгажосці і нават даўжыні. Найбольш заўважальнай была “пальма” ў вяглядзе Пятровай лодкі – сімвала Касцёла, якую падрыхтавала студэнцкая і працуючая моладзь Гродна.

 

 

Сярод удзельнікаў былі людзі рознага ўзросту, манашкі, святары ды адметныя нігерыйскія студэнты.

 

Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што працэсія ладзіцца для сведчання аб сваёй веры. Душпастыр заклікаў даваць добры прыклад жыцця ў сваім асяроддзі – на вучобе, на працы, у сем’ях.

Набыць вербы можна было за кошт ад трох да дваццаці пяці тысяч рублёў.

 

Здымкі аўтаркі і Яна Лялевіча