“Пятая пара году” надыйшла ў Гродне

| Без катэгорыі

“Я ў шоку!”, – пракаментаваў шматлюднасць аўтар выставы. Падтрымаць спадара Кірку прыйшлі вядомыя гарадзенскія мастакі Анатоль Скамарошчанка, Вацлаў Рамашка, Алесь Сураў, Пётр Янушкевіч.

Чаму пятая пара? Па меркаванні гаспадыні галерэі Марыі Мацко, назва выставы адлюстроўвае хутчэй настрой чалавека, а не каляндар. “За адзін дзень мы можам перажыць і вясну, і лета, і восень, і зіму”, – упэўнена спадарыня Марыся.

Сам Сяргей Кірка спадзяецца, што пятая пара году бывае ў кожнага, хто думае, адчувае ды мае пачуццё гумару. “Прыемна, што ў тым, што выклікае эмоцыі ў мяне, кожны знойдзе нешта сваё: супакой, любоў і каб не было бадзялых сабак”, – усміхнуўся мастак.

Сяргей Кірка нарадзіўся ў Ленінградзе, цяпер працуе па-за горадам у Салацці. Сам пра сябе гаворыць, што не любіць малако, Стаса Міхайлава і людзей, затое любіць алкаголь, Майлса Дэйвіса і сабак. Падобна было, што за цынізмам крыецца ўразлівасць.

 

На прапанову расказаць пра выставу ён замяўся і выказаў ахвоту лепш станцаваць. Але танцаў не было. Сяргей падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў, дапамагаў у арганізацыі выставы, і выказаў спадзеў: “Калі дапамагаюць, любяць, церпяць, калі побач, значыць гэта не дарэмна – камусьці гэта патрэбна”.

Анатоль Скамарошчанка (на здымку злева) выказаў думку, што жанчыны ўспрымаюць свет гарманічней, чым мужчыны. “Мужчынам не хапае колеру. Леанарда да Вінчы, напрыклад, проста размалёўваў. А вось Цыцэрон меў такі талант. Сяргей мае ад Бога гэты талант”, – зрабіў выснову спадар Анатоль.

Спадарыня Марыся выявіла, што мастак заўсёды хаваецца за свой твор. Лепш не прапусціць галоўнае – яго працы – за словамі аб іх, лічыць гаспадыня галерэі. Яна здрадзіла таямніцу, што адзін з яе знаёмых прафесараў Акадэміі мастацтваў ацаніў творы Сяргея Кіркі як годныя акадэміі.

На выставе можна пабачыць такія працы як “Караскаючыся на ружовае воблака”, “Раніца заўтрашняга дня”, “Часам трэба заглыбіцца ў цемру, каб знайсці святло”, “Вясна – адзіная рэвалюцыя ў свеце, якая мае поспех”, “Там, дзе начуе сонейка” ды іншыя. Калі іх яшчэ не раскупілі, бо за некаторыя на выставе пачаліся спрэчкі.

 

Здымкі Яна Лялевіча