Наркацэнтрызм, Junkie, залежнасць: доўгі шлях да сябе

|

Што цябе прывяло да таго, што ты пачаў ужываць?

 

Я выхоўваўся ў інтэлігентнай сям’і. Мой бацька быў ваенным. У адзін момант бацькі развяліся, і я застаўся з бацькам, які быў пастаянна ў камандзіроўках. Мяне выхоўвалі яго сваякі і бабуля. Яны дамагліся чагосьці сваёй працай, зацятасцю і мяне так вучылі. А я не мог зразумець, навошта гэта рабіць? Навошта, як бацька, ездзіць у камандзіроўкі?

 

Так штодня, штотыдзень я назіраў, як праходзіла іх жыццё. Усё вакол было неяк штучна. Гэтая бездухоўнасць ў сям’і і дала пачатак майму супрацьстаянню свету.

 

Ішлі “ліхія 90-я”. У 15-16 гадоў я яшчэ не ўжываў наркотыкаў. Тады падлеткамі мы пачалі збірацца ў нефармальныя групы, абуральна сябе паводзілі і апраналіся.

 

Лічылася папулярным і модным займацца ўсходнімі адзінаборствамі, каб не працаваць і выбіваць грошы. Да гэтага часу я ўжо і саспеў як наркаман. У маім жыцці з’явіліся лёгкія наркотыкі: алкаголь і марыхуана.

 

Так я стаў весці паразітычны лад жыцця, дазваляў сабе прыходзіць дамоў п’яным. Аднойчы мяне проста перасталі пускаць дадому. Я пачаў шукаць начлег у сяброў. З кожным днём праблемы раслі як снежны ком.


Як ты паспрабаваў цяжкія наркотыкі?

 

Ёсць людзі, якія проста ўжываюць, а ёсць Джанкі (анг. Junkie) або Чарнушнікі – наркаманы, якія сядзяць на шпрыцах. Я ненавідзеў іх. У нашай кампаніі ўсё больш людзей станавіліся Джанкамі і ўжывалі гераін.

 

Я быў недалёка ад іх, пастаянна быў п’яным і абкураным, але мне чамусьці здавалася, што я лепшы за іх. Мне здавалася, што калі ў мяне няма шпрыца – гэта добра. Хоць у той момант я не ўсведамляў, што мой пераход у Джанкі – справа часу.

 

У пэўны момант у мяне не было грошай. Жыццё ў цвярозасці здавалася невыносным. Калі я першы раз укалоўся, мне было каля 20 гадоў. Я прыйшоў да сябра дадому і папрасіў, каб ён мне хоць што-небудзь даў. Мне не спадабалася, хоць было і вельмі страшна. Але там такі механізм: нават калі табе не спадабалася, думаеш, што ты не рассмакаваў і спрабуеш зноў.


align=”middle” alt=”Ананімныя наркаманы” >


Як сям’я даведалася, што ты стаў наркаманам?

 

Бацькі не ведалі, я ўжо не жыў дома. Начаваў у сябра ў кватэры, дзе збіраліся наркаманы. Бацька даведаўся тады, калі мяне пасадзілі. Тады прайшоў год з таго моманту, калі я ўпершыню паспрабаваў цяжкія наркотыкі.

 

Да гэтага я прыходзіў дадому і хацеў прызнацца, але паміж намі ўжо было неразуменне. Я хацеў сказаць, што ў мяне праблемы, што я не магу іх сам вырашыць. Бацька грэбаваў мною за такое стаўленне да жыцця і нават не стаў бы слухаць. Я ж не адпавядаў яго ідэалам.



За што ты трапіў у турму?

 

З-за наркотыкаў. Я пачаў здымаць кватэру за грошы, якія ўдавалася выкрасці. Краў кашалькі ў транспарце і на рынку. Мяне выпадкова злавілі. Спачатку адпусцілі, далі шанец выправіцца. У наркамана адна мэта – згаджацца на ўсё, каб адпусцілі і зноў пачаць ужываць. Натуральна, тады я вярнуўся да наркотыкаў.

 

У другі раз ужо да мяне прыйшлі на здымную кватэру, знайшлі наркотыкі і асудзілі на паўтара года калоніі агульнага рэжыму.


З-за чаго зноў вярнуўся да наркотыкаў?

 

Мара ўсяго жыцця наркамана – перакумарыць. Гэта адсутнасць ломкі. Калі атрымліваеш яе, марыць больш няма аб чым. Такі атрымліваецца абсурд. І ты адразу становішся зноў няшчасным, таму што знікае мара. Нічога ў жыцці не мае значэння акрамя наркотыкаў.

 

Так я выходзіў, краў і зноў сядаў. Трапляеш у нейкі наркацэнтрызм: усё ў жыцці пачынае круціцца вакол наркотыкаў.

 

Сваю мінулае жыццё я дзялю на некалькі перыядаў:

 

Першы (5-6 гадоў): я думаў, што наркотыкі гэта задавальненне. Я лічыў сябе асаблівым. Я вырашыў, што для мяне адкрыта асалода, якая недаступна асноўнай масе людзей.

 

Другі перыяд (каля 5 гадоў): я зразумеў, што я – хворы чалавек, я – наркаман. Але я не змагу жыць інакш. Мая задача – даставаць наркотыкі любой цаной. І колькі б мяне не саджалі, я буду ўжываць.


Трэці перыяд (каля 10 гадоў): я пачаў спрабаваць ад іх вызваліцца. Наркотыкі не спраўляліся з тым пачуццём трывогі, у якім я знаходзіўся. Я больш не хацеў сядзець.

 

Як ты пачаў над сабой працаваць?

 

Агулам я адседзеў за наркотыкі каля 10 гадоў. Менавіта ў турме я стаў адчуваць голад па Богу. У нас якія турмы: прывезлі і ты сядзіш. Няма ніякай рэабілітацыі. Адзіны шлях спраўляцца – гэта рэлігія. У апошні раз, калі я трапіў у калонію ў Івацэвічах, я ўбачыў, што там будуецца царква і не паверыў сваім вачам.

 

У калоніі было шмат вольнага часу і я стаў разбірацца са сваім мінулым. У мяне сябры засталіся тыя ж. І жыццё тое ж. Мяне на час прыбралі з таго асяроддзя, перанеслі ў закрытую прастору. Я зразумеў, што калі я вяртаўся, трапляў у тое ж самае асяроддзе і ўсё паўтаралася.

 

Я выходзіў, і на мяне навакольныя глядзелі як на наркамана. Сацыялізацыя з кожным разам была ўсё больш складанай. Судзімасці раслі і ўзрост даваў пра сябе ведаць. Мой псіхалагічны стан таксама меў значэнне. Я не мог прыйсці і пасля 10 судзімасцей сказаць людзям: “Добры дзень, я памыліўся!”

 

Як ты даведаўся пра ананімных наркаманаў?

 

Я пачаў звяртацца да лекараў, а не спрабаваць вырашыць сваю праблему сам. Я ўвесь час трапляў у бальніцу. Выходзіў і зноў ўжываў.

 

Чарговы раз, калі я трапіў у наркалогію, прыйшлі валанцёры з таварыства ананімных алкаголікаў. На сваіх прыкладах яны паказалі, якімі былі і сталі. Я адчуў, што яны на самой справе хочуць мне дапамагчы.

 

Яны мне далі візітоўку групы ананімных наркаманаў і я запісаў, дзе яны збіраюцца. Пасля лякарні я адразу пачаў ужываць і мяне зноў пасадзілі. Адседзеўшы два з паловай гады, я выйшаў і зноў “сеў” на наркотыкі.

 

Тады ў мяне пачалі з’яўляцца праблемы са здароўем. Я вырашыў спыніцца і стаць “чыстым”. У той момант я ўспомніў месца і кніжку, у якую паклаў візітоўкі. Гэта было тры гады таму. Аднак, тады я не пайшоў на сход, вырашыўшы, што спраўлюся сам.

 

Спачатку я пачаў выкрэсліваць з запісной кніжкі сяброў, пакуль у мяне не засталося ранейшых кантактаў. Я хадзіў у бібліятэку і вёў дзённік.

 

Як ты пачаў шукаць працу?

 

З-за ранейшага жыцця ў цэнтры занятасці мяне не маглі паставіць на ўлік. Трэба было знайсці самому працу, каб аднавіць статус беспрацоўнага.

 

Калі я прыходзіў уладкоўвацца на працу, у мяне пыталіся: дзе вы былі з 1991 па 2010 год?

 

Я хлусіў, што быў у Расіі, а часам казаў, што сядзеў за наркотыкі. Тады мне казалі, што не могуць мяне ўзяць, напрыклад, у элітны дзіцячы садок дворнікам. Калі бацькі даведаюцца, што тут працуе наркаман, у кіраўніцтва будуць праблемы.

 

На працу столяра ў навучальную ўстанову мяне таксама не ўзялі. Сказалі, што нядаўна тут злавілі банду наркаманаў і мы з імі “адзін аднаго знойдзем”.

 

Аднак жанчына-метадыст вырашыла мне дапамагчы. Я павінен быў зрабіць санітарную кніжку. На здымку ў мяне знайшлі сухоты. Гэтай хваробы я баяўся больш СНІДу. У калоніі СНІДнікі – укормленыя людзі, якія атрымліваюць дадатковае харчаванне і выглядаюць здаровымі. А сухотнікі – бледныя. Я бачыў, як такія людзі паміраюць.

 

Тады я зразумеў, што заслужыў гэтую хваробу за свае ўчынкі, і ўсвядоміў, што калі я зараз буду ўжываць, то памру.


Памятаеш, як трапіў на першы сход?

 

У мяне тады на фоне хваробы быў зрыў. Я пайшоў у царкву. Там у нядзельнай школе збіраліся ананімныя наркаманы. Я сустрэў людзей, з якімі раней ўжываў наркотыкі. Яны запрасілі мяне зайсці.

 

Тады я засаромеўся ад такой увагі і пайшоў. Праз некалькі дзён я зноў сустрэў свайго знаёмага, які мяне і прывёў.

 

Мне важна было, каб мяне прынялі. Каб не асуджалі за тое, што я зрабіў, колькі скраў, колькі ў мяне судзімасцей, што ўжываў і колькі.

 

Хлопцы сказалі: “Вяртайся, мы табе рады!” Тады я не паверыў, што такое магчыма! Што ёсць такое месца, куды я магу прыходзіць, бясплатна піць чай і размаўляць.

 

Гэта быў іншы свет. Свет людзей, якія не ўжываюць наркотыкаў. З таго моманту і пачаўся адлік майго новага жыцця. Сваякі спачатку не паверылі, думалі, што гэта часова. Я ўладкаваўся на працу. Пачаў весці актыўнае грамадскае жыццё. Змяніліся інтарэсы, круг зносін, кнігі, светапогляд.

 

Што табе дапамагло змяніць жыццё?

 

Бог, вядома. Ён дзейнічае праз людзей, а не нейкім цудоўна-незразумелым чынам. Мне часам страшна, што я не варты тых змен, якія адбыліся ў маім жыцці.

 

Я знайшоў такіх людзей, якія мне дапамагаюць здаравець. Ты іх не ведаеш, а яны шчыра і бескарысліва дапамагаюць, прымаюць, абдымаюць.


Наркаманія – хвароба адзіноты. Мне не трэба ўжываць, каб пазбавіцца ад яе. Цяпер мне стан наркатычнага ап’янення не цікавы.

 

У мяне нават раней было іншае ўяўленне пра шчасце: калі шмат грошай, жанчын, востраў у моры. Я зразумеў, што шчасце трэба шукаць не ў матэрыяльных рэчах. Трэба проста пераасэнсаваць жыццё. Бог не настолькі жорсткі, каб стварыць нас для пакут.

 

Ты пытаешся, ці ёсць у мяне зараз праблемы? Яны засталіся ў мінулым. Калі ты ва ўжыванні – ёсць толькі адна праблема: дзе ўзяць? Больш праблем не існуе.

 

Цяпер я жыву і атрымліваю асалоду ад жыцця. У мяне зараз усё ёсць. Ёсць тыя, хто мяне любіць і тыя, каго люблю я.

 

     
  Сайт беларускай супольнасці ананімных наркаманаў – na-rb.by