Якія колеры ў радасці: выстава велікодных яек у Гродне
Перад адкрыццём адна з гарадзенскіх майстрых паказала ўсім ахвотным, як правільна рабіць васкаванкі. У некаторых наведніц справа пайшла вельмі ўдала. Яйка распісваецца ўзорам на свой густ пэндзлем з вострым канцом, змочаным у вадкім воску. Пасля яно акунаецца ў збаночак з вадой і фарбавальнікам, змешанымі з воцатам. Праз некаторы час дастаем прыгожае каляровае яечка з крэмавымі ўзорамі!
Васкаванне – адна з самых старажытных тэхнік аздаблення велікодных яек на нашых землях. Каб атрымаць яйкі чорнага колеру з белым узорам, трэба акунаць распісаныя воскам яйкі ў раствор кары дуба, кары вольхі, іржавага жалеза і капуснага рассолу. Гэтаксама арнамент можна і надрапаць. Гэтыя яйкі аздобленыя Гэленай Зайко з Сапоцкіна.
Калекцыя яек Алены Сідзякінай, якая працуе з сучаснымі фарбавальнікамі. Майстрыха наклейвае на яйка арнамент з паперы, апускае ў фарбу, пасля здымае паперу і вельмі тонкім пэндзлікам малюе на яйку арнамент.
Алена Чумрай робіць вельмі цікавыя яйкі ў тэхніцы дэ-купаж. Тэхніка да нас дайшла са старажытных стагоддзяў. Падчас працы майстрыха для аздаблення выкарыстоўвае сурвэткі альбо выцінанкі.
Вельмі далікатныя і прыгожыя рэльефныя аплікацыі з саломкі на яйках робіць Марына Ярэмчык. Падаецца, што на яйках утвораны тонкі карункавы арнамент.
Таццяна Калянкевіч, аздабляючы яйкі, выкарыстоўвае бісер, шклярус, скуру, футра, стужкі. Бісер таксама з’яўляецца старажытным матэрыялам, асаблівы распаўсюд ён атрымаў у XVIII ст. у гарадах і кляштарах.
Усе чатыры евангелісты распавядаюць пра тое, што за 5 дзён да Уваскрасення Ісуса Хрыста, калі Ён уязджаў у Ерусалім, мясцовыя жыхары сустракалі галінкамі. Толькі евангеліст Ян кажа, што гэта былі галінкі пальмаў. На нашых землях пальмы не растуць. Першае дрэва, якое з’яўляецца на нашых землях з пупышкамі, гэта вярба. Раней ў славяна-балцкай традыцыі вярба была сімвалам прыходу вясны. Пачынаючы з XV-XVI стст. на нашых землях пачалі рабіць упрыгожаныя пальмы, ці вербачкі. На выставе былі прадстаўленыя вербачкі, якія зрабілі 4 родныя сястры Саросек з Гродна: Данута, Дамініка, Ванда і Часлава.
Здымкі аўтара