У Гродне прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная актывізацыі сталых людзей
Канферэнцыя “Інтэлектуальная, фізічная і сацыяльная актывізацыя сталых людзей” была арганізаваная гарадзенскім грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар”, на базе якога з красавіка 2010 г. дзейнічае праграма “Універсітэт Залатога Веку”.
Яшчэ адным арганізатарам канферэнцыі было Прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства “Deutscher Volkshochschul-Verband eV “ (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь.
Ідзе праца па абмеркаванні ідэяў супрацоўніцтва (Наталля Жук, Львоў, Казімір Расілевіч, Гродна, Аляксандр Кабылярэк, Уроцлаў (зправа)
Ужо праз некалькі дзесяцігоддзяў насельніцтва Беларусі можа зменшыцца ў два разы, а трэцюю яго частку будуць складаць асобы непрацаздольнага ўзросту. Тым, каму зараз каля 40-ка, з высокай доляй верагоднасці давядзецца выходзіць на пенсію пазней, чым зараз, а яе памер будзе ніжэйшым, чым цяпер (у суадносінах да сярэдняга заробку).
Тэндэнцыя імклівага старэння насельніцтва характэрная і для іншых еўрапейскіх краін.
На гэтым слайдзе, прадстаўленым удзельнікам канферэнцыі прафесарам Белградскага ўніверсітэту Снежанай Медзіч (на здымку ніжэй зправа), добра відаць, як зменяцца ў 2050-м годзе прапорцыі паміж моладдзю (жоўты колер), людзьмі сярэдняга ўзросту (зялёны колер) і сталымі людзьмі (чырвоны колер).
У Беларусі, як адзначыла галоўны спецыяліст аддзелу па справах ветэранаў і сталых людзей Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Таццяна Максімава (на здымку ніжэй), ужо зараз сталыя людзі складаюць амаль два міліёны ад агульнай колькасці насельніцтва (9,4 млн. на пачатак гэтага года). Амаль 130 тыс. з іх – гэта адзінокія сталыя людзі.
Пры захаванні цяперашняй пенсійнай сістэмы забяспечыць годнае жыццё людзей, якія выходзяць на пенсію, будзе ўсё цяжей і цяжэй.
Як адзначыў эканаміст Даследніцкага цэнтра Інстытута прыватызацыі і мэнэджмэнта Глеб Шымановіч (на здымку ніжэй), скарачэнне колькасці працаздольнага насельніцтва скарачае паступлені ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, з якого і выплочваюцца пенсіі. Апроч таго, многія людзі, якія з’ехалі на заробкі за мяжу, працуюць там неафіцыйна, што таксама скарачае паступленні ў Фонд.
Гэта непазбежна выкліча скарачэнне ў будучым памеру пенсій.
Дзякуючы дасягненням медыцыны, росту эканамічнага дабрабыту, працягласць жыцця сталых людзей расце. Сярэдняя працягласць жыцця беларускіх жанчын складзе ў 2015 г. 76 год, а мужчын – 65 гадоў.
Аднак цяпер, як зазначыла каардынатарка праграм ЮНФПА (Фонд ААН у галіне народанасельніцтва) Таццяна Гаплічнік (на здымку ніжэй), дадаўшы значную колькасць гадоў да працягласці нашага жыцця, мы павінны паклапаціцца пра тое, каб “напоўніць жыццём гэтыя гады”.
Адным са спосабаў такога “напаўнення” з’яўляецца стварэнне магчымасцяў для навучання сталых людзей і гэта сур’ёзны выклік для ўсёй беларускай сістэмы адукацыі.
Гэтай тэме быў прысвечаны выступ кіраўніцы Прадстаўніцтва зарэгістраванага ў Беларусі Прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі вышэйшых народных школ Галіны Верамейчык (на здымку вышэй).
Удзельнікі канферэнцыі, сярод якіх былі прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, ВНУ з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Сербіі не толькі абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з хуткім старэннем насельніцтва, але і дзяліліся тым, што яны ўжо зараз робяць для паляпшэння якасці жыцця сталых людзей.
Выступае Она Сакалаускене, кіраўніца Універсітэту Трэцяга Ўзросту з г. Мар’ямпале (Літва)
У прыватнасці, былі прэзентаваныя цікавыя прыклады працы са сталымі людзьмі ў знікаючых беларускіх вёсках, у невялікіх (як літоўскі Мар’ямпале ці беларускі Кобрын) і вялікіх гарадах (Гродна, Брэст, Мінск, Уроцлаў, Масква, Кіеў, Львоў).
Адной з самых важных частак канферэнцыі была дыскусія пра магчымасці наладжвання супрацоўніцтва на рэгіянальным і міжнародным узроўнях для паляпшэння якасці жыцця сталых людзей.
У прыватнасці, прагучалі ідэі стварэння трансгранічнага фестывалю творчасці сталых людзей, правядзення курсаў па падрыхтоўцы да выхаду на пенсію, падрыхтоўцы спецыялістаў, якія маглі б займацца адукацыяй і перакваліфікацыяй сталых людзей і г.д.
Генерацыя ідэяў супрацоўніцтва ідзе поўным ходам
Ужо на наступны дзень пасля канферэнцыі пачала працаваць старонка ў адной з сацыяльных сетак, на якой будуць абмярковацца пытанні стварэння транспамежнай сеткі Ўніверсітэтаў Трэцяга Ўзросту.
Па словах кіраўніцы праграмы “Універсітэта Залатога Веку” ў Гродне Ланы Руднік (на здымку), гэтая канферэнцыя стала для яе ўдзельнікаў добрай магчымасцю наладзіць кантакты паміж сабой, назапасіць ідэі, якія дапамогуць зрабіць працу са сталымі людзьмі больш якаснай.
Наступная такога кшталту канферэнцыя ў Гродне запланаваная на 2015 г. Магчыма, удзел у ёй возьмуць і прадстаўнікі гарадзенскіх уладаў, якія гэтым разам праігнаравалі запрашэнне узяць удзел у такім прадстаўнічым мерапрыемстве.
Фота Вольгі Анціпавай