ХК Нёман: яшчэ адзін крок да золата
У Гродне на матчы плэй-оф вельмі цяжка дастаць квіткі. Кошты (40 000 рублёў) нікога не палохаюць, шмат людзей піша, што гатовыя набыць квіткі за любыя грошы. Вось такая любоў да хакею і да клубу.
Што тычыцца трэцяга матчу, то ён відовішчным не апынуўся. Усяго было закінута дзве шайбы. Але гэта шайбы, якія вырашаюць многае. У першым перыядзе Аляксандр Усенка адкрыў лік.У другім перыядзе гледачы закінутых шайбаў не ўбачылі. У заключным перыядзе Іван Усенка адправіў шайбу ў вароты і ўсталяваў канчатковы лік на табло.
“Нёман” – “Металург” 2:0 (1:0, 0:0, 1:0)
Шайбы:
07.09 1:0 – А. Усенка (Бадун, Крыстэк)
50.46 2:0 – І. Усенка (Коўшык, Мядзел)
Кідкі: 17:27 (10:4, 2:11, 5:12)
Дзмітрый Краўчанка, галоўны трэнер ХК “Нёман”:
“Першы перыяд мы пачалі добра. Што здарылася ў яго канцоўцы – мне незразумела. Пачалі дзейнічаць скавана. Дасведчаныя гульцы гублялі шайбу ў простых сітуацыях. Гэта недапушчальна.
Вядома, мы выстаялі ў чарговы, трэці раз, але забіваць мы ўсё ж павінны. У матчах такога напалу функцыянальны стан і гульнявая думка павінны быць на першым месцы. Гульня наша не была асабліва відовішчнай, але вынікам задаволены.
Перавага наша ў тым, што мы рэалізоўваем свае моманты. Гэта ўплывае на псіхалогію спартсменаў. Трымаць гульню, трываць – таксама трэба ўмець. Своечасова забіты гол варты перамогі. Гэта плэй-оф. Гульня можа быць непрыгожай, галоўнае – вынік.”
Сёння, 1 красавіка, у Гродне адбудзецца чацвёрты матч, які можа паставіць кропку ў фінале. “Нёману” патрэбна толькі адна перамога, якая зацемніць усе мінулыя гады і няўдачы… Гэтай перамогі чакае ўвесь горад.