“S°unduk” прыехалі без сундука

| Без катэгорыі

Гурт “S°unduk” быў створаны па ініцыятыве актрысы купалаўскага тэатру Ганны Хітрык у 2010 годзе пасля распаду гурта “Дзецідзяцей”.

 

Сундук, а таксама замкі і ключы да яго, сталі сімваламі гурта. Яны прысутнічаюць падчас канцэртаў на сцэне, у адзенні артыстаў. Гэтым разам прывезці свой куфар з Мінску музыкам не атрымалася, аналаг знайшоўся ў Гродне. За гэта Аня шчыра дзякавала Марыі Антонаўне, намесніцы дырэктара тэатра, якая шмат зрабіла, каб гэты канцэрт адбыўся. “Цуд-людзі, цудоўнае жыццё!”, – у прыступе зачараванасці дзялілася Аня.

Шчырых, інтымных выказванняў, было шмат, як заўсёды. Разважанні аб тым, што ўсё ў жыцці магчыма змяніць ужо цяпер, пра знаёмыя ўсім моманты адчування непатрэбнасці нікому, пра хвіліны шчасця сярод блізкіх людзей. Блізкай стала Ані і ўся зала.

Канцэрт пачаўся з песні “Зіма”. Аня заявіла, што яны абяцаліся прывезці ў Гродна вясну, ужо спакавалі яе ў сундук і… “Во, прывязлі! Такое зрання пачалося!..” Але знайшла гэтаму тлумачэнне – бо не адспявалі ўсіх сваіх песен пра зіму. Таму напачатку гучалі “зімовыя” творы.

“Якая прыгожая зала!”, – першае, што адзначылі музыкі, зайшоўшы ў тэатр. Тэатру Лялек была прысвечана душараздзіраючая “Тэатральная” песня.

 

“Вясной” пачалася другая частка канцэрта. Прагучала некалькі песен па-беларуску: дзіцячая дражнілка “Чаму?”, песня “У мяне да цябе каханне” з паказваннем таблічкі “Прайшло тры дні” пасля кожнага куплета, моцная, актуальная песня “Горад шэрага колеру”.

Ганна завалодала залай, якая ператварылася на час у дзяцей. Яна смяшыла яе сваімі выхадкамі, жартамі, прымушала задумацца. У самой Ані неаднойчы ў вачах блішчэлі слёзы. З’явіліся яны і калі зала ўстала на яе апошнюю песню. Зала імгненна заражалася Аніным матывам – пляскала ў далоні, шчоўкала рытм, рагатала. Падбадзёрванні актрысы патанцаваць з ёй разам сапраўды скончыліся танцамі на апошняй песні.

Аня неаднаразова паўтарала, што шчаслівая на канцэрце: “Як жа добра!”, хаця папярэдне вельмі перажывала, ці купяць квіткі, ці прыйдуць людзі, ці ўдасца арганізацыя.

Выступ, як заўсёды, суправаджаўся тэатралізацыяй. Былі пераапрананні ў вусеня-матыля і муху. Быў выхад у залу да слухачоў і спеў разам з імі. Былі прызы – дыскі гурта.

З залы некалькі разоў справалі рабіць замовы на песні – Аня кожны раз аджартоўвалась ад іх выканання, бо яны належалі да рэпертуару “Дзецідзяцей”, якія распадаліся балюча для Ані.

Фінальным спевам стаў ужо традыцыйны, які не надакучвае артыстам ад канцэрта да канцэрта – “Там, там”. І хоць заставалася мала часу да цягніка ў Мінск, гурт выйшаў на “біс” і заспяваў яшчэ.

Дзеці, да якіх Аня Хітрык падобная ў сваёй адкрытасці і непасрэднасці, па канцэрце абляпілі спявачку, як сваю, з просьбай пакінуць аўтограф. Малы Захар расказаў верш з песні гурта, а Ганна абяцала наступным разам заспяваць яе з ім разам на канцэрце.

На картцы для карэспандэнта “ТС” Ганна напісала “СпасиБо… Вас и ваших близких!»

Хаця такія канцэрты бываюць у Гродне нячаста, нямала квіткоў у касе заставаліся і перад самым канцэртам. Хаця яны каштавалі 70-80 тысяч рублёў, гэта і так надта малыя кошты, каб  “S°unduk” мог нешта зарабіць на канцэрце.

Затое амаль усе дыскі, што прывез гурт, раскупілі ў антракце.

 

Здымкі аўтаркі