“Карані і вершаліны” – новы адукацыйны праект для моладзі ад Інстытуту імя Гётэ

|

Бясплатныя суперінтэнсіўныя курсы англійскай, нямецкай і французскай моў у межах праекта “Roots and Treetops / Карані і вершаліны” прапануюць Goethe Institut (Мінск), British Council (Польшча) і Alliance Francaise (Малдова).


Акрамя моўных курсаў, удзельнікі праекта атрымаюць магчымасць наведаць многія еўрапейскія краіны і бліжэй пазнаёміцца са структурай ЕС і дзейнасцю яго інстытутаў.

 

“Інстытут імя Гётэ ў Мінску ўпершыню за сваю гісторыю рэалізуе такі маштабны праект. У ім прымае ўдзел шэсць краін: Беларусь, Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Літва, Польшча, — адзначыў на прэс-канференцыі кіраўнік праекта “Roots and Treetops / Карані і вершаліны”,  дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Франк Баўман. — Сёння мы пачынаем конкурсную частку — гэта вельмі адказны этап — мы разлічваем што ў праекце прымуць удзел маладыя людзі з актыўнай грамадскай пазіцыяй”.

 

У выніку конкурсу будзе адабрана 300 чалавек. Іх чакае інтэнсіўны чатырохтыднёвы курс у Мінску, а затым наступны этап моўных курсаў у адной з еўрапейскіх краін. Маладым людзям таксама прапануецца насычаная культурная праграма ў Берліне, Кардыфе, Страсбургу: паходы ў музеі, тэатры, знаёмства з субкультурамі.

 

Да ўдзелу ў праекце запрашаюцца маладыя людзі — грамадзяне Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 18 да 31 гадоў, якія прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і ўжо валодаюць выбранай замежнай мовай на ўзроўні А2 у адпаведнасці з Агульнаеўрапейскімі кампетэнцыямі валодання замежнай мовай (напрыклад, студэнты; маладыя спецыялісты, праца якіх звязана з шырокім выкарыстаннем замежнай мовы; дзеячы культуры і навукі; журналісты; дзяржаўныя службоўцы і інш.).

 

Заяўкі на ўдзел у праекце “Roots and treetops / Карані і вершаліны” прымаюцца да 15 красавіка 2013 года ўключна.

 

Праект працягнецца два гады. У лістападзе 2014 года адбудзецца заключная сустрэча ўсіх 300 удзельнікаў праекта “Roots and Treetops / Карані і вершаліны” ў Вільні.

 

Падрабязную інфармацыю па праекце можна прачытаць на сайце Інстытута імя Гётэ.