Хіп-хоп танцоры са Штатаў дадуць майстар-клас у Гродне
У аснове кампазіцый “Illstyle & Peace Productions” ляжыць сучасны і стары хіп-хоп. Аднак яны зрабілі з яго эклектычную сумесь танцавальнага і іншых выканаўчых мастацтваў, уключаючы чачотку, балет, хаўс, дыджэйства і бітбокс. У выніку ў “Ілстайл энд Піс прадакшнс” атрымаўся зусім новы выгляд хіп-хопу.
Трупа гастралюе ў ЗША і за мяжой, нязменна імкнецца даць станоўчы імпульс як юнай, так і дарослай аўдыторыі, выклікае шумнае адабрэнне з боку крытыкі. Яны сумяшчаюць гарадскі стыль з традыцыйнымі рухамі і ствараюць новы від танца.
Танцоры выступаюць ў Беларусі дзякуючы праграме “ДАНСМОЎШН – ЗША”. Гэта праграма распрацаваная Бруклінскай акадэміяй музыкі з мэтай вывучэння, распаўсюджвання і аналізу сучаснага амерыканскага танца за мяжой. З лютага да траўня 2013 года чатыры танцавальных калектывы адправіліся з месячнымі гастролямі па розных рэгіёнах свету. “Ілстайл энд Піс прадакшнс” акрамя Беларусі наведае яшчэ Украіну і Расію.
З беларускіх гарадоў танцоры гастралююць у Гродне, Барысаве, Баранавічах і Мінску. У сталіцы правядуць два паўнавартасных канцэрта. У астатніх гарадах арганізуюць майстар-класы.