Мірскі замак запрашае ў фатаграфічнае падарожжа прафесіяналаў і аматараў

|

Мерапрыемства пройдзе ў два этапы: 18 траўня ў Мір будуць запрошаны прафесійныя фатографы, 25 траўня ў моладзевым фотапленэры прымуць ўдзел аматары.

 

У рамках пленэру запланаваны майстар-клас вядомага фотамастака Віталя Раковіча, аўтара праекта «Ілюстрацыя да гісторыі Беларускай».

«Нам вядома вялізная колькасць фотаздымкаў Мірскага замка, але ўсё роўна кожны раз і майстры, і тыя, хто толькі пачынае асвойваць фотамастацтва, адкрываюць для сябе яго новыя ракурсы, быццам ён мяняецца як жывы арганізм, — кажа ініцыятар фотапленэру дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Вольга Папко.

— Мы разлічваем, што архіў музея папоўніцца новым цікавым фотаматэрыялам, які ў далейшым дапаможа рэалізацыі розных праектаў музея».

 

Маршруты фотасесій пройдуць па найбольш знакавых месцах: абарончым вежам, пастаянным экспазіцыям і тэрыторыі замкавага комплексу. Супрацоўнікі музея распрацуюць спецыяльныя маршруты і па гарадскім пасёлку Мір.

У іх будуць уключаны асноўныя архітэктурныя і мемарыяльныя аб’екты гістарычнай часткі мястэчка.

«Для нашай кампаніі ўдзел у такім праекце — добрая магчымасць пакласці пачатак новай культурнай традыцыі, — кажа дырэктар прадстаўніцтва кампаніі Samsung Йеон Су Чой.

— Чакаем, што ўдзельнікі мерапрыемства з дапамогай фотатэхнікі Samsung змогуць прадставіць свежы погляд на Мірскі замак і ў выніку мы атрымаем унікальныя здымкі.

На іх падставе плануецца арганізаваць фотавыставу як у Міры, так і ў Мінску.

Хачу адзначыць, што пераможцы конкурснай часткі абодвух этапаў будуць узнагароджаны каштоўнымі падарункамі ад нашай кампаніі: новымі смарт-камерамі».

 

Да ўдзелу ў моладзевым фотапленэры «Погляд на Мір» запрашаюцца ўсе жадаючыя ва ўзросце ад 18 да 31 года ўключна, якія прайшлі адбор.

Конкурс з’яўляецца абавязковым элементам — колькасць месцаў абмежавана.

У рамках фотапленэру спецыяльна для ўдзельнікаў будзе арганізаваны трансфер Мінск – Мір – Мінск.

 

Апошні дзень прыёму заявак на ўдзел у конкурсе — 18 траўня 2013 года.

 

Да гэтага тэрміну неабходна выслаць па аднаму фотаздымку ў жанры «Архітэктурны аб’ект», «Пейзаж», «Партрэт», а таксама дзве фатаграфіі на сваё меркаванне ў фармаце JPG (памер не больш за 1200×700 рх) на адрас: foto@ezerin.com.

 

Партнёрам падзеі выступае прадстаўніцтва кампаніі Samsung у Беларусі, якое дасць магчымасць ўсім удзельнікам фотапраекта на час здымкі ў Мірскім замку карыстацца лінейкай смарт-камер NX і EX з рознымі аб’ектывамі.

 

Паводле прэс-рэлізу

Здымак http://www.happytravel.by