У “Дзень Зямлі-2013” наводзілі парадак на возеры Белым
Па словах дырэктаркі Парэцкай санаторнай школы-інтэрната Ларысы Грышкевіч (на здымку ніжэй), акцыя штогадовая і праходзіць ужо на працягу некалькіх гадоў.
“Звычайна мы выбіраем дзень, калі ўжо цёпла і ёсць магчымасць прыбраць адно з найпрыгажэйшых месцаў паміж аграгарадкамі Азёры і Парэчча – возера Белае і крыніцу каля яго”.
У акцыі прынялі ўдзел дзеці Парэцкай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Парэцкай і Азёрскай санаторных школ-інтэрнатаў.
Таксама ў гэтым годзе падключыліся студэнты экалагічнага факультэта ГрДУ ім. Янкі Купалы і вучні Азёрскай сярэдняй школы.
align=”middle” alt=”Дзень зямлі, Азёры, Тыдзень устойлівага развіцця” >
Юлія Бартнеўская, педагог-арганізатарка Азёрскай сярэдняй школы (на здымку вышэй справа):
“У гэтым годзе завуч нашай школы прапанавала паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Я з радасцю ўступіла ў гэты праект, бо падтрымліваю здаровы лад жыцця. Сабрала дзяцей, якім гэта таксама было цікава. Ім вельмі спадабаўся сённяшні дзень. Гэта не толькі карысная справа, але і прырода і чыстае паветра”.
Мерапрыемства наведала польская дэлегацыя з грамадскага аб’яднання “Актыўныя”, з якой дзіцячыя ўстановы ў далейшым мяркуюць ладзіць трансгранічнае супрацоўніцтва.
Дырэктарка Азёрскай санаторнай школы-інтэрната Галіна Марозік:
“Нам далі права ўключыць мерапрыемства “Просіць дапамогі Зямля” ў рэспубліканскую рэгіянальную праграму. Міжнародны дзень зямлі – гэта нам блізка і зразумела. На сённяшні дзень мы пашырылі больш маштабным колам партнёраў тое, што пачыналі некалькі гадоў таму. Цяпер гэта ўжо ўзровень міжнароднага супрацоўніцтва”.
Завяршыўся Дзень Зямлі правядзеннем круглага стала, які закранаў тэмы ўстойлівага развіцця ў дадзеных рэгіёнах Гродзенскага раёна.
Тут абмяркоўвалася прасоўванне ідэй і прынцыпаў устойлівага развіцця, прыцягнення насельніцтва і непасрэдна моладзі да экалагічных мерапрыемстваў, экалагічна бяспечных паводзін і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, энергаэфектыўнасці і развіцця аграэкааздараўленчага турызму.
Таксама ў “Дне Зямлі-2013” прынялі ўдзел прадстаўнікі ландшафтных заказнікаў “Азёры” і “Котра”, Скідзельскага сельскагаспадарчага ліцэя, Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Экапраект “Партнёрства”, інфацэнтра па ўстойлівым развіцці г. Жалудок, грамадскага аб’яднання “Сядзібы Гродзеншчыны”, таварыства “Зялёная сетка” і інфармацыйнага партала “Зялёны Гродна”.
Здымкі аўтаркі