Няўступлівы “Днепр” скончыў матч з “Нёманам” нічыёй

|

Апошні раз супернікі сустракаліся ў рамках чэмпіянату ў 2011 годзе, тады ўсе тры матчы скончыліся з аднолькавым лікам 1:1. “Нёман” не можа перамагчы “Днепр” ужо з ліпеня 2009 года.

 

На гэты раз дружыне Сяргея Саладоўнiкава супрацьстаяў абноўлены “Днепр”, які праз год зноў вярнуўся ў Вышэйшую лігу. Такія дасведчаныя гульцы як Булыга і Сазанкоў наводзілі страх на супернікаў. Але “Нёман” не з тых каманд, што будуць здавацца загадзя.

Гаспадары пачалі актыўна. Першы момант паўстаў каля варот “Дняпра”, спачатку Савасцьянаў прабіў нядрэнна, а пасля Савіцкі з выгоднай пазіцыі, але з правай нагі прабіў міма варот.

 

Пасля гульня выраўнялася і добры момант стварылі госці – Сазанкоў прыгожа прабіў у падзенні, але міма.

Цікавая карціна назіралася на стадыёне: міліцыя быццам выпарылася. На кожным сектары бачныя былі сцюарты. Няўжо фанаты дамагліся свайго?

 

Тым часам на полі каманды гулялі ў адкрыты футбол, шмат з далі прабіваў Савасцьянаў: то міма, то ў рукі Кацянко. Мабыць Сяргей Вітальевіч дазволіў Яўгену прабіваць з кожнай выгоднай пазіцыі, як-ніяк гол у вароты “БАТЭ” выйшаў добры.

 

Гол наспяваў. Пасля чарговай падачы Дзенісевіча з вуглавога, мяч у штрафной знайшоў галаву Яблана, серб прабіў па варотах, форвард гасцей Чорных спрабаваў вынесці мяч, але атрымалася зрэзка і мяч апынуўся ў сетцы. Так “Нёман” выйшаў наперад.

 

Але нядоўга радаваліся гаспадары. Былы гулец гарадзенскай каманды – Кірыл Паўлючык, выраўноўвае рахунак. Пасля падачы Лісавога, Кірыл дакладна прабіў галавой па варота Чэрніка. На 26 хвіліне лік ужо быў 1:1.

Пасля гала “Днепр” спрабаваў навязаць сваю гульню, і стварыў шэраг небяспечных нападаў. Сімпатычны футбол паказвалі госці, асабліва Коўба і Лісавой, гэтак жа варта адзначыць яшчэ аднаго гарадзенскага футбаліста, які не так даўно выступаў у “Нёмане” – Андрэя Горбача.
У “Нёмана” быў вельмі актыўны Лясюк, але яму не шанцавала: то з афсайду заб’е, то міма праб’е.

 

На 39 хвіліне матчу, здавалася б чысты пенальці не паставіў галоўны суддзя. Магілёўцы сфалілі ў штрафной на Дзенісевіче, але суддзя ніяк не адрэагаваў. Стадыён у замяшанні, усе крычаць і лаяцца са свістам. Але, як гаворыцца: “Суддзя ведае сваю справу”. Гульня працагвалася.

 

Гэтак жа варта адзначыць у першым тайме гульню Рэкіша. Яго далёкія ўдары ўсё часцей і часцей пагражалі варце варот гасцей.

 

У другім тайме “Нёман” дадаў. Шмат момантаў меў усё той жа Лясюк, але ў Андрэя бракавала рэалізацыі.

На 57 хвіліне галоўны суддзя матчу Ігар Круг чарговы раз мог ставіць на кропку ў вароты гасцей. Пасля прастрэла “Нёмана” мяч трапіў наўпрост у руку Паўлючаку. Праз хвіліну усё той жа мяч трапіў і ў руку Рыбака, але ўжо не ў штрафной…

 

Трэба адзначыць флангавую гульню Савіцкага. Так, Павел на 62 хвіліне прыгожа прайшоў па краі броўкі, рушыўшы ў цэнтр, і вывеў на ўдарную пазіцыю Лясюка. Здавалася б – забівай, але Андрэй прабіў у брамніка…

 

Для ўзмацнення ў атацы Саладоўнікаў выпусціў Лачнага і Сеаліна, але галоў мы так і не назіралі. Відаць, хлопцы стараліся, хацелі ўзрадаваць заўзятараў, якія прыйшлі ў гэты вясновы дзень на футбол. Нават Лявіцкi, замянiўшы Лясюка, мог забiваць. Але рэалізацыя як пакутавала, так і пакутуе. Варта ўзгадаць нашых нядаўніх нападнікаў Крывабока і Кавалёнка. Былыя нападаючыя за два матчы у Першай Лізе, на дваіх забiлi 5 мячоў.

 

Што тычыцца “Дняпра”, то каманда добра гуляла і пад канец матчу стварыла некалькі нядрэнных момантаў, але ўсе ўдары прыйшліся ў рукі Чарніка.

 

Выніковы лік на табло 1:1

Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў:

 

– Гульня была  цікавай. Адзінае, я не лічу, што можна ацэньваць гульню каманды па наяўнасці ў яе тэрытарыяльнай і гульнявой перавагі. Упэўнены, што трэба зыходзіць са створаных галявых момантаў. У нашай каманды іх было больш: тры выхады Лясюк адзін на адзін, два пенальці суддзя не паставіў…

 

Рэалізацыі ў нас ужо не ў першы раз не хапіла. Яшчэ хацелася б сказаць, што было б больш правільна, калі б абедзве каманды забілі з гульні, таму што і мы і “Днепр” гулялі жыва і на добрых хуткасцях.


Што скажаце з нагоды Лясюка? Шэсць тураў, а галоў ўсё няма

 

– Я задаволены гульнёй Лясюка, яго стаўленнем да справы. Але, вядома, трэба забіваць. Я, як у мінулым нападаючы, магу сказаць, што ён хутка абавязкова заб’е. Андрэй шукае шанцы, ён на правільным шляху, яму трэба крыху прыбавіць у дробязях, і ўсё наладзіцца.

 

Фота аўтара