Беларускі палярнік: я думаў, што ў Антарктыку лётаюць толькі богі

| Без катэгорыі

Удзельнікі экспедыцыі правялі на лядовым кантыненце, на антарктычнай станцыі “Гара” Вячэрняя”, больш за чатыры месяцы. Экспедыцыя доўжылася са снежня 2012 года па сакавік 2013 года. Усяго з 2006 года ў Антарктыцы пабывала пяць экспедыцый, з якіх мікрабіёлагі былі ў складзе другой і трэцяй.

Навуковец расказаў пра тое, як выконваў біялагічныя даследаванні на кантыненце і возеры Ніжнім, ацэньваў змены навакольнага асяроддзя, вывучаў біялагічную разнастайнасць антарктычнага рэгіёну. Дарэчы, сённяшні дацэнт кафедры мікрабіялогіі БДУ і палярнік – былы студэнт Гродзенскага ўніверсітэта.

 

“Я думаў, што ў Антарктыку лётаюць толькі богі. Калісьці ў падобную экспедыцыю ездзіў мой таварыш. У мінулым годзе паўстала неабходнасць у мікрабіёлагу.

 

Я ўвайшоў у групу, куды хацеў патрапіць не адзін дзясятак спецыялістаў. Тут быў вельмі важны псіхалагічны фактар, таму што трэба разумець, у якіх цяжкіх умовах трэба выжываць. Жыццё ў Антарктыцы гэта на 80% цяжкая фізічная праца і на 20% – даследаванні.


З недахопаў – сувязь са знешнім светам. Магчымасць патэлефанаваць была некалькі разоў: на Новы Год і 8 сакавіка. Яшчэ раз я тэлефанаваў сваёй сястры ў студзені, павіншаваць з нараджэннем дзіцяці”.

Таксама навуковец распавёў пра сяброўства з суседняй расійскай экспедыцыяй на станцыі “Маладзёжная”, пра сустрэтых недалёка ад лагера пінгвінаў і цюленяў, здабычу планктону і марскіх зорак, прарослы ад водарасляў зялёны снег.

 

“Я б з задавальненнем паехаў яшчэ раз. Тым больш, пасля 2014 года Беларусь можа пабудаваць станцыю недалёка ад месца нашага размяшчэння.

 

Каб трапіць у палярную экспедыцыю, патрэбныя спецыяльныя веды навуковага плану. Рэгулярна ў склад групы трапляюць фізікі і біёлагі. У Беларусі я не адзін мікрабіёлаг. У нас ёсць людзі, якія таксама працуюць у гэтай галіне.

 

У наступным годзе, калі ў склад экспедыцыі ўключаць мікрабіёляга, ён зможа паглядзець на ўсё іншым позіркам. Тым больш, што склад наступнай экспедыцыі яшчэ не зацверджаны”.

Зкончыў сустрэчу палярнік расповедам пра каштоўныя фота і відэаматэрыялы, біялагічныя ўзоры і пробы вады, снегу і рыб, антарктычных імхоў і лішайнікаў, якія экспедыцыя прывезла для далейшага вывучэння беларускім навукоўцам.

 

Здымкі Дзмітрыя Вінчэўскага