Беларускія матывы Уладзіміра Багамолава
Пяцьдзесят пяць гадоў назад, у 1958 г., было надрукавана апавяданне Уладзіміра Багамолава “Першае каханне”. І зноў – вайна, каханне на вайне, мары і спадзяванні аб жыцці і смерць, якая штохвілінна стаяла побач:
“Мы ляжалі, моцна прыціснуўшыся адзін да аднаго, і зямля не здаввалася нам жорсткай, халоднай і вільготнай, якой была на самой справе. Мы сустракаліся ўжо паўгода – з тае пары, як яна трапіла ў наш полк. Мне было дзевятнаццаць, а ёй – васямнаццаць гадоў. Мы сустракаліся ўпотай: камандзір роты і санітарка. І ніхто не ведаў пра наша каханне і пра тое, што нас ужо трое…”
Шчасце ўрыўкамі паміж баёў не магло працягвацца доўга. У рэшце рэшт санітарка гіне ў адной з атак… Тры старонкі тэксту ўражваюць сваёй вельмі пранікнёнай шчымлівай нотай.
“Першае каханне” – твор мастацкі, гэта значыць, заснаваны на аўтарскай фантазіі. Аднак, ёсць і рэальная гісторыя франтавога кахання камандзіра разведгрупы капітана Сяргея Мяркулава і санінструктара роты аўтаматчыкаў Рэзеды Разапавай, пра якую я даведаўся нядаўна.
Сяргей Мяркулаў нарадзіўся ў 1921 г., быў родам з Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Ваяваў з 1942 г., летам сорак чацвёртага вызваляў Беларусь, у тым ліку Гарадзеншчыну. Тут быў паранены, лячыўся ў шпіталі па вуліцы Акадэмічнай. Капітан Мяркулаў рэгулярна пісаў лісты сваёй маці, якая знаходзілася ў эвакуацыі:
“Дарагая мамачка! Я атрымаў ваш ліст і вельмі рады. Яшчэ больш рады, мамачка, што ў вас здароўе нармальнае, што вы яшчэ можаце працаваць. Мушу паведаміць вам цікавую навіну. У адным з гарачых баёў я быў паранены, і жыццё маё выратавала адна дзяўчына. Ёй 18 гадоў, завуць Рая. Сама яна напалову руская, напалову татарка, сапраўднае яе імя Рэзеда. Добрая дзяўчынка, цяпер яна жыве разам са мной. Карацей кажучы, жонка. Яна мае сярэднюю адукацыю, вучылася ў юрыдычным тэхнікуме. На фронце яна дапамагае мне жыць…”
Сяргей Мяркулаў не дажыў да канца вайны, ён загінуў пры вызваленні Польшчы 1 лютага 1945 г. Іх было трое, а засталося двое. Ужо пасля вайны Рэзеда Разапава пісала лісты на радзіму капітана:
“Добры дзень, дарагая мамачка Ганна Іванаўна! Кожны раз, як толькі атрымліваю ліст, мне здаецца, што Сяргей жывы і піша мне, і на сэрцы робіцца лягчэй. Вось ужо хутка будзе тры гады, як няма яго, а тое, што ён гаварыў, яго характар… ён стаіць перада мной жывы. Вельмі цяжка мне яго забыць. Светачка расце і нічога яшчэ не разумее…”
Беларускія матывы прысутнічаюць у многіх творах Уладзіміра Багамолава. Можа, сапраўды, менавіта гэта гісторыя стала падставай для напісання “Першага кахання”?
А вось у другім апавяданні, якое з’явілася ў 1963 г. – “Могілкі пад Беластокам” – пісьменнік пільна ўглядаецца ў сціплы помнік з надпісам “Гвардыі сяржант Чынаў І. Н.”, перад якім стаяць двое старэнькіх палякаў. Стаяць, плачуць і моляцца. І аўтар задумваецца: хто яны і хто ён для іх?
Я знайшоў дадзеныя пра Георгія Васільевіча Чынава, які нарадзіўся ў 1907 г. і жыў у Думініцкім раёне Калужскай вобласці. Ваяваў з лета 1941 г., удзельнічаў у баях на Гарадзеншчыне. Апошняе яго месца службы – 1 гвардзейскі танкавы корпус. Гвардыі малодшы лейтэнант Чынаў памёр ад ран у студзені 1945 г. і сапраўды пахаваны непадалёку ад Беластока. Відаць, Уладзімір Багамолаў заўважыў гэты помнік і чыркануў прозвішча танкіста ў сваім нататніку…
Здымак Новая газета