“Гаворыць Гродна”. Радыёвыпуск з 1986 года

З газетамі ўсё прасцей. Можна пайсці, скажам, у абласную бібліятэку, узяць падшыўку “Гродзенскай праўды” за 1953 г., пагартаць пажоўклыя лісты, пачытаць, у якім смутку знаходзіліся гарадзенцы пасля смерці любімага правадыра Іосіфа Сталіна. З радыё цалкам інакш. Прагучала перадача – і растварылася ў тым самым эфіры.


У васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя, калі я працаваў на Гродзенскім абласным радыё, перадачы запісваліся на магнітафонную стужку і некаторы час на ёй захоўваліся. Аднак стужка была дэфіцытам і вельмі хутка выкарыстоўвалася па новай.

 

21 лістапада 1986 г. я выконваў абавязкі выпускаючага рэдактара і пасля працоўнага дня захапіў з сабой мікрафонную папку (інакш кажучы, сцэнар перадачы) ранішняга выпуска навін наступнага дня. Калі першы асобнік яшчэ некаторы час захоўваўся ў архіве радыё (здаецца, год), то другі (які апынуўся ў мяне) звычайна выкідваўся адразу пасля запісу выпуска.

 

Такім чынам, у мяне да сённяшняга дня захаваўся ўнікальны дакумент – папяровы ранішні выпуск абласнога радыё за 22 лістапада 1986 г. На вокладцы абазначаны ўсе неабходныя дадзеныя праграмы, тут жа ёсць адбітак пячаткі цэнзара “Разрешается к передаче” з яго асабістым подпісам.

 

Абласное радыё тады лічылася важным сродкам уздзеяння на людзей, таму ні галоўнаму рэдактару, ні нават старшыні абласнога тэлерадыёкамітэта не дазвалялася канчаткова вырашаць, што пойдзе ў эфір, а што – не. Гэтым займаліся выключна цэнзары, якія знаходзіліся ў будынку аблвыканкама.

 

Туды ганцамі дастаўляліся неабходныя паперы. Дзяжурны цэнзар падпісваў папяровы асобнік радыёвыпуска. Цікава, што яго прозвішча на асабістай пячатцы ніяк не абазначалася, ён хаваўся пад бязлікім нумарам (у нашым выпадку – “1”).

 

Гартаем далей, чытаем:

 

Першы дыктар: Гаворыць Гродна. 6 гадзін 40 мінут. Добрай раніцы, таварышы!

 

Другі дыктар: Добрай раніцы. У эфіры інфармацыйная праграма “Рэха тыдня”.

 

Ад сябе дадам, што ў працоўныя дні тыдня ў эфір ішлі звычайныя навіны, а ў суботу падводзіліся вынікі гэтых дзён. Слухачам паведамлялася самае галоўнае, што адбылося за адпаведны перыяд у вобласці. Дык пра што гаварыла абласное радыё 22 лістапада 1986 г.? А вось пра што:

 

“У цэнтры ўвагі працоўных Гродзеншчыны знаходзяцца матэрыялы шостай сесіі Вярхоўнага Савета СССР адзінаццатага склікання. Самы шырокі водгук атрымаў зварот “Да парламентаў і народаў свету”. Рабочыя, калгаснікі, інжынерна-тэхнічныя работнікі і служачыя вобласці, як усе савецкія людзі, горача падтрымліваюць унутраную і знешнюю палітыку КПСС і Савецкай дзяржавы, якая накіравана на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця, на ўмацаванне міру на планеце”.

 

Гэта – навіна № 1. Тут жа ідзе каментар перадавой рабочай Шчучынскага масласырзавода Галіны Бабіч, якая сказала:

 

“Мы, рабочыя, ганарымся, што жывем у краіне Саветаў, дзе ў пашане чалавек працы”.

 

Ну, чалавек працы ў нас і сёння ў пашане – гэта добра вядома. А вось іншы каментар са Шчучына ўжо больш цікавы. З карэспандэнтам абласнога радыё падзялілася сваімі думкамі настаўніца другой Шчучынскай сярэдняй школы Ніна Кірылаўна Саўко:

 

“Закон аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці будзе мець вялікае выхаваўчае значэнне. Вельмі правільна і неабходна прылучаць да грамадска-карыснай працы навучэнцаў і студэнтаў”.

 

Менавіта тады ў нашай краіне пачыналася эра прадпрымальніцтва. Звярніце ўвагу на слова “індывідуальная”. Улада баялася сказаць “прыватная”. Аднак што дзіўна: у нас і сёння прадпрымальнік “індывідуальны”. Лічу, што гэта цалкам няправільна. Індывідуальным можа быць начальнік РАУС або старшыня аблвыканкама, прадпрымальнік жа адназначна прыватны.

 

Добра, не будзем засяроджвацца на філалагічных дробязях, ідзем далей:

 

“У гутарцы з нашым карэспандэнтам эканаміст калгаса “Прагрэс” Гродзенскага раёна Караліна Тадэушаўна Чарняк сказала:

 

– Мы, вядома, ганарымся, што старшыня нашага калгаса Дубко знаходзіўся на шостай сесіі Вярхоўнага Савета адзінаццатага склікання. Сёлета працаўнікі нашай гаспадаркі дамагліся важкіх паказчыкаў: сабралі самы высокі ўраджай у вобласці збожжавых – па 59,1 цэнтнера з гектара, па 458 цэнтнераў бульбы і амаль столькі ж цукровых буракоў”.

 

На маю думку, цікава будзе параўнаць тыя лічбы з сёлетнімі вынікамі. Наступная навіна гучала так:

 

Лідскаму раёну за дасягненне высокіх паказчыкаў у выкарыстанні вагонаў па выніках мінулага квартала прысуджаны пераходны Чырвоны сцяг Савета Міністраў Беларускай ССР і Белсаўпрофа з адпаведнай грашовай прэміяй”.

 

Чыгунка вельмі жорстка ставілася да тэрмінаў разгрузкі вагонаў. Своечасова не выгрузіш – на парушальніка накладаўся вялікі штраф. На прадпрыемствах гэта добра ведалі, таму імкнуліся ў гэтай справе быць аператыўнымі, калі што, наймалі дадатковых грузчыкаў і добра ім плацілі.

 

Памятаю, як студэнтам я разгружаў (вядома, не адзін) вагон з паўлітровымі шклянымі слоікамі. У доўгіх шэрагах іх знаходзілася 60 тысяч! Хапаеш растапыранымі пальцамі па пяць слоікаў у кожную руку – і бягом да машыны. Некалькі наступных начэй гэтыя слоікі мне сніліся, абступалі, як жывыя, рухаліся…

 

У эфіры абласнога радыё ў той дзень прагучала яшчэ некалькі падобных паведамленняў: пра дасягненні працоўнага калектыву аб’яднання “Смаргоньсілікатабетон”, малаказборшчыкаў Іўеўскага раёна, камсамольцаў Зэльвы і г. д.

 

У Савецкім Саюзе нікога не здзіўляла такое крыху дзіўнае для нармальнага чалавека адлюстравання рэчаіснасці. Той, хто хацеў даведацца пра сапраўдныя падзеі, мог адшукаць на кароткіх хвалях Бі-бі-сі або радыё “Свабода” і слухаць. Выбар існаваў нават у тыя часы.

Ілюстрацыя: аўтамабільная магнітола “Гродно-208-стерео”, 1987 г.