“Дрыгва-2013”: стылёвы трофі-рэйд для тых, хто не заграз у балоце

Салаўі спяваюць, экіпажы з’язджаюцца


З’яжджаем на тры дні ў лес. З сабой палатка, спальны мяшок, адзенне і фота- ды відэатэхніка. Калі за акном сонечна і тэмпература паветра перавышае +25, цяжка ўявіць, што гумовыя боты могуць быць актуальным і жаданым абуткам. Адна іх наяўнасць у торбе з самымі неабходнымі рэчамі здаецца трохі камічнай. Там і так мала месца. Або яны, або ноўтбук. У апошні момант зрабіла выбар на карысць ботаў.

Спаборніцтвы праходзяць ў брэсцкай вобласці каля вёскі Целяханы. У складзе нашага экіпажа мы  апынуліся  там за суткі да старту і сталі першымі з гарадзенцаў. Выбіраем месца для лагера “Поўнага прывада”, ставім палаткі. Спачатку ўсё вельмі нагадвае нейкі спецыфічны паход. Замест хадзьбы – язда, а спевы птушак замяняе музыка і рык матораў.

Сувязь з цывілізацыяй абрываецца праз пару гадзін пасля прыезду. Тэлефон быў апошняй рэччу, якая нагадвала пра хатнія клопаты і тых, хто застаўся ў горадзе. Яшчэ праз пару гадзін прывыкаеш быць дзікім чалавекам і пачынаешь думаць практычна, пераважна аб даху над галавой, ежы і выжыванні.

 

Першая ноч у палатцы – не цукар. Салаўі заходзяцца спевам, цягам усёй ночы на “Дрыгву” спаўзаюцца экіпажы з усёй Беларусі. “Сваіх” у летніках сустракаюць крыкамі і свістам.

 

Трофі – камандны аўтаспорт


Раніцай лагер не пазнаць – велізарны перанаселены мурашнік. Вакол нашай палаткі разбіта яшчэ некалькі. На астатнім, калісьці вольным месцы, прыпаркаваныя аўтамабілі. Лагер памерам у тры футбольныя полі размясціў 107 экіпажаў і іх групы падтрымкі. Ад гарадзенскага “Поўнага прывада” заявіліся дзевяць экіпажаў.

У дзень “Х” джыперы з раніцы занятыя працай – падкручваюць і падвінчваюць свае аўто. Старт у 16:00, спаборніцтвы будуць працягвацца 24 гадзіны, трэба не пляснуцца ў гразь.

“Дрыгва-2013” – гэта першы этап адкрытага Кубка Заходняга рэгіёну па трофі-рэйдам. Спаборніцтвы праходзяць у шасці катэгорыях, пяць для аўтамабіляў і адна для квадрацыклаў. У якой катэгорыі ўдзельнічае экіпаж, вызначаецца ўзроўнем падрыхтаванасці іх машыны.

Падрыхтоўка да старту

 

Перад трофі-рэйдам арганізатары прыдумляюць і праязджаюць маршруты, складаюць карту-легенду з каардынатамі кропак. За ўзяцце кропак налічваюцца балы.

Нягледзячы на тое, што круціць абаранак толькі адзін чалавек, трофі – камандны аўтаспорт. Ролю штурмана нельга недаацэньваць. Акрамя працы з навігатарамі і каардынатамі, штурман – першы чалавек, які скокне ў бруд, каб дапамагчы экіпажу. Ён звонку вывучае становішча і раіць пілоту, як праехаць перашкоду з найменшымі цяжкасцямі.

 

Драпіны і бруд дадаюць пазадарожнікам шарму

 

Спякота, паўгадзіны да старту, джыперы выглядаць больш суровымі. Становіцца моташна ад адной думкі пра боты. Здаецца, “на якую халеру яны здаліся, у іх будзе толькі горш”. Адкідаю іх у бок і валаку іншыя, нармальныя рэчы ў машыну. На паўдарогі чую ад пілота нашага экіпажа: “Апранай боты і кофту з доўгім рукавом. Паклала запасныя рэчы ў воданепранікальны пакет?”. Відаць, ехаць сёння ў ботах.

Стартуюць усе ў парадку жывой чаргі. Час фіксуецца індывідуальна для кожнага экіпажа. Першая канава ператвараецца ў першую праблему.

 

Натоўп гледачоў абступіў з усіх бакоў. Экіпажы са зменным поспехам пераадольваюць канаву. Хтосьці сам, а камусьці неабходная дапамога. Некаторыя машыны, што паспяхова пераадолелі перашкоду, з другога берага на буксіровачных тросах выцягваюць захраснулыя машыны.

Са штурманам ускокваем ў машыну. Наш шлях ляжыць праз грудкаватае поле. І гэтая “дарога” была самай лёгкай з усіх “дарог” гэтага дня. Зварочваем у лес. Адразу становіцца зразумела, для чаго ў машыне ручкі пад страхой. Сціскаю ў руках адразу абедзве. Рухавік рычыць, колы грабуць па гразі як вёслы. Тут пазадарожнікі выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Гэтыя монстры жывуць поўным жыццём толькі на такіх “дарогах”, а драпіны і бруд толькі дадаюць іх выгляду шарму.

Узяцце кропкі

 

Асільваючы ўсе лужыны, ямы і багны, мы паспяхова бярэм некалькі кропак. У нейкай са шматлікіх лужын мы захрасаем. У такіх выпадках штурман падлучае лябёдку і выцягвае аўто на сушу. Дзверы адкрываюцца і ў салон хваляй хлешча вада з лужыны. У гэты момант прыходзіць разуменне, наколькі выдатна быць у гумовых ботах.

 

З пілота і штурмана – у аўтамеханікі

 

У адной з канаваў у нашай машыны развальваецца ШРУС-дэталь якая адказвае за працу пярэдніх колаў. Паломка сур’ёзная, патрабуе замены дэталі, якою ў лесе ў сяброў-джыпераў наўрадці знойдзеш.

З пілота і штурмана экіпаж хутка ператвараецца ў аўтамеханікаў. З багажніка дастаюць некалькі скрынь ключоў, заціскаў і іншых карысных рэчаў. Такі міні-гараж на выездзе. У час рамонту мы ў поўнай меры адчулі на сабе ўсю суровасць лясных камароў.

Праз пару гадзін з дапамогай кемлівасці з падручных сродкаў хлопцы зрабілі замену дэталі, але праехаўшы каля 200 метраў, машына зноў сапсавалася. Выхад заставаўся адзін – пакідаць аўто ў лесе і вяртацца ў лагер, каб раніцай у мясцовай аўтакраме купіць новую дэталь.

 

На наступны дзень з новай дэталлю мы вярнуліся да машыны. На рамонт сышло яшчэ пару гадзін, а час фінішу ўжо падціскаў.

Змучаныя спякотай і камарамі, але задаволеныя, мы вярнуліся ў лагер. Па расказах джыпераў, трофі – гэта не толькі перамогі або паразы, гэта стыль жыцця, які аб’ядноўвае людзей.

 

     
  Дзякуй 103 экіпажу і клубу “Поўны прывад” за магчымасць удзельнічаць у спаборніцтвах