“Нёман”: свабоднае падзенне працягваецца

У першым тайме сустрэчы, якая адбывалася 17 траўня ў Гомелі, гарадзенцы выглядалі куды лепш за супернікаў.

 

На фланзе актыўнічаў Савіцкі, але яго прастрэлы у штрафную нічым не сканчаліся. Былі блізкія да ўзяцця варот і Дзянісевіч, і Рэкіш, але і гэтым разам безвынікова.

 

Другі тайм ўжо застаўся за “Гомелем”, хоць напачатку “Нёман” спрабаваў утрымаць ініцыятыву.

 

Першы гол у матчы гаспадары забілі на 71-й хв. Першым на дабіванне паспеў Сяргей Канцавы.

Пасля гала “Нёман”, замест таго, каб кінуць усе сілы на атаку, пачаў часта парушаць правілы. Нервы здаюць у Рыбака, які парушае правілы ў сваёй штрафной і зарабляе пенальці. Адзінаццаціметровы дакладна рэалізаваў Матвеенка. У выніку 2:0 на карысць “Гомеля”, які абыходзіць гарадзенцаў у турнірнай табліцы.

 

Ну а “Нёман” ужо выпаў з шасцёркі мацнейшых на гэты момант каманд краіны.

 

Турнірная табліца чэмпіянату выглядае зараз такім чынам:

Месца Каманда Гульні Ачкі
1. “Шахцёр”, Салігорск 9 20
2. БАТЭ, Барысаў 9 17
3. “Дынама-Мінск” 9 16
4. “Белшына”, Бабруйск 9 15
5. “Гомель” 9 13
6. “Мінск” 9 13
7. “НЁМАН” 9 12
8.  “Днепр”, Магілёў 9 11
9. “Тарпеда-БелАЗ”, Жодзіна 9 12
10. “Нафтан”, Наваполацк 9 5
11. “Дынама-Брэст” 9 5
12. “Славія”, Мазыр 9 4

 

Пасля матчу з “БАТЭ”, які каманда выйграла з лікам 2-1, дружына Сяргея Саладоўнікава не можа абыграць сваіх супернікаў. Апошнія тры матчы гарадзенцы не могуць забіць…

 

У чым прычына? Сваю версію адказу на гэтае пытанне прапануе адзін са знаўцаў гарадзенскага футбола, адміністратар групы ФК “Нёман” Укантакце Павал Кулік:

 

Я лічу, што прычына спаду “Нёмана” ляжыць у псіхалагічным стане каманды. Гульцы ўжо пяць матчаў не могуць трапіць у вароты суперніка, трэба сказаць “Дзякуй!” магілёўцу Чарных, які хоць неяк прыўкрасіў гэтую чорную паласу голам у сваю браму.

 

Ні для каго не сакрэт, што асноўнай нападаючы каманды Андрэй Лясюк не паказвае той гульні, якой ад яго чакалі заўзятары. Дзевяць матчаў без забітых мячоў – гэта занадта шмат, асабліва калі ўлічыць, колькі ў Андрэя было момантаў.

 

Вось і лічыце, на якім месцы была б цяпер каманда, калі ў кожным матчы дадаць хоць бы па адным забітым мячы…

 

Многіх заўзятараў каманды перад і пасля гульні з “Гомелем” цікавіла пытанне пра тое, куды ж знік нядаўна набыты славацкі нападнік Мілаш Лачны.

 

Ходзяць чуткі, што паехаў ажаніцца… Працэс зацягнуўся, але, як бачым, Мілаш ўжо ў дарозе…

Наступную гульню чэмпіянату краіны гарадзенцы згуляюць 24 траўня на сваім полі з жодзінскім “Тарпеда-БелАЗ”.