Пяць лыжак заціркі – 2

Больш за сто гадоў таму, у 1912 г., класік беларускай літаратуры Змітрок Бядуля напісаў сваё знакамітае апавяданне “Пяць лыжак заціркі”. Калі я вучыўся ў савецкай школе, гэты твор уваходзіў у падручнік па беларускай літаратуры для чацвёртага класа. Вось тады, дзесяцігадовым хлопчыкам, я ўпершыню  прачытаў яго. А потым неаднаразова перачытваў. Сам зрабіўшыся пазней настаўнікам, уваходзіў у клас, з хваляваннем раскрываў кніжку – і вось яны, знаёмыя радкі:

 

“-Агата! Агата!

-Ну, чаго глотку дзярэш?

-Скора зацірка згатуецца?”

 

Ах, мілая спадчына, мілая стогадовая даўніна! Галодная вясенняя беларуская пара. Хаця ж і задумаешся – апавяданне ж напісана ў дакалгасную пару… У савецкія часы Змітрок Бядуля нічога такога ўжо болей не пісаў, маю на ўвазе, пра сучаснасць. Канешне, жыць стала лепей, жыць стала весялей.

 

Пісьменнік памёр у эвакуацыі ў канцы 1941 г. Цяжкі быў час, вайна. На смерць аднаго чалавека ў тым ліхалецці мала хто звяртаў увагі. І толькі потым калегі Змітрака Бядулі напісалі, якую вялікую страту панесла беларуская літаратура. Сапраўды, замоўк непаўторны таленавіты голас. Нават, калі б пісьменнік напісаў толькі адныя гэтыя “Пяць лыжак…”, і то, лічу, было б дастаткова.

 

Аднак, я пішу не пра нашага класіка. Мы пакрысе набліжаемся да галоўнай тэмы. Да “пяці лыжак заціркі – 2”.

 

Неяк я перагортваў стос архіўных папер. У іх распавядалася пра жыццё і паўсядзённую дзейнасць спецыяльных падраздзяленняў НКУС СССР, якія ў ваенны час ахоўвалі чыгунку. Вядома, рэйкі – стратэгічны аб’ект. Пра тое яшчэ беларускія партызаны ведалі, дзед Талаш і іншыя. Дзень і ноч па чыгунцы рухаліся эшалоны, па сутнасці, сама вайна кацілася па рэйках. Немалыя сілы былі задзейнічаныя, каб гэта сістэма працавала бесперабойна.

 

У Гродне разам з іншымі займаўся аховай чыгункі старшына Зацірка. Такое прозвішча, а сам паходзіў з Варонежскай вобласці. Дакладней, у армію прызываўся з тых краёў. Украінец хіба, а, можа, нават наш, беларус. У пераможным 1945 г., калі вайна ўжо грымела на нямецкіх прасторах, ён знаходзіўся ў глыбокім савецкім тыле. Разам са сваімі таварышамі пільнаваў мост праз Ласасянку.

 

Сёння ўжо добра вядома, што тая служба хоць і была адказная, але зусім нескладаная. Нямецкія дыверсанты не дакучалі, і варожыя самалёты ў небе не ўзнікалі. Напэўна, з гэтай прычыны старшына Зацірка крыху расслабіўся.

 

Не, лепей так. Старшына Зацірка час ад часу дазваляў сабе маленькія, зусім мірныя слабасці. Ды і тое, вайна ўсе роўна жыццё – жыццё аж да самай смерці.

 

Спакусаў вакол было шмат. Аднойчы Зацірку паклікалі на вечарыну ў мясцовы чыгуначны клуб. Відаць, была нядзеля, людзі вырашылі хаця б на пару гадзін пакінуць свае паўсядзённыя клопаты, патанцаваць, выпіць чарку-другую. Старшына Зацірка, перш чым трапіць у клуб, зайшоў да сваіх знаёмых, спадароў Адамовічаў, і ўжо там добра прыклаўся да мясцовага папулярнага самаробнага напоя. Толькі пасля гэтага ногі панеслі старшыну ў клуб.

 

Дзесьці па дарозе яго ўбачылі саслужыўцы і прапанавалі пайсці ў гарнізон праспацца. Відаць, стан у Заціркі быў на той момант адпаведны. Але сам старшына лічыў, што ён цалкам у стане працягваць весяліцца. Таму адзінае, што саслужыўцы зрабілі – адабралі ў Заціркі аўтамат і дзве гранаты. Зрабілі гэта пасля некаторай барацьбы, бо абяззбройвацца старшына катэгарычна не хацеў. На гэтым разышліся.

 

Міхаіл Зацірка ў той вечар у родны гарнізон так і не вярнуўся. Увогуле, той вечар стаў апошнім у яго жыцці. Пабыўшы крыху ў клубе (“зацеяў бойку” – паказалі потым сведкі), ён выйшаў на вуліцу і вырашыў вярнуцца да гасцінных Адамовічаў. Гаспадары выставілі на стол новы пачастунак, пасля чаго старшына страціў магчымасць рухацца ў прасторы.

 

Гаспадары ўсе разам неяк датранспартавалі яго да хлеўчыка (акурат была вясна, ужо зусім не галодная беларуская вясна 1945 года), там і пакінулі адпачываць. Што адбылося далей – гісторыя цёмная. Праўда, на ўсякі выпадак гаспадароў Адамовічаў потым арыштавалі, і яны некуды згінулі.

 

На раніцы хлеўчык нечакана загарэўся. Пакуль гэта заўважылі, пакуль пабеглі за вадой, забудова згарэла амаль дашчэнту. Адпаведна разам з ёю згарэў бедны старшына Зацірка. Судова-медыцынскі эксперт запісаў у акце:

 

“Парэшткі цела знаходзяцца ў паўднёва-заходнім вугле хлява. Галава не знойдзена… Па падлозе раскіданыя кавалкі спаленага чэрапа. Дзе-нідзе маюцца сляды крыві. Знойдзена абгарэлая кішэня штаноў, у якой захаваўся кішэнны гадзіннік з ланцужком і самаробная запальнічка…”

 

Не буду цытаваць далей, бо падрабязнасці вельмі жахлівыя. Што тут скажаш, агонь – справа бязлітасная і грозная. А збіралі тое, што засталося ад старшыны, вялікай поварскай лыжкай. Гэта таксама адзначыў судмедэксперт.

 

Вось так у нашай рэчаіснасці зноў узнік гэты сюжэт. Праз архіўныя дакументы, якія не гараць. Праз нашу гісторыю, якая адбывалася так, як яна адбывалася.