У Фестывалі AD.NAK! паўдзельнічаюць спікеры з Японіі і Італіі

|

Японская рэклама з’яўляецца ці не самай загадкавай у свеце. Qanta Shimizu, творчы дырэктар японскага агенцтва PARTY, сярод узнагародаў якога маюцца некалькі Канскіх львоў, на прыкладзе паспяховых кейсаў распавядзе пра рэкламныя тэндэнцыі ў яго краіне, ролю японскай мовы ў рэкламе, не абміне праблемы і перавагі ўплыву сусветных тэндэнцый на камунікацыю ў Японіі, што цікава, бо культура гэтай краіны традыцыйна даволі ізаляваная.

 

Зазначым, што агенцтва PARTY імкнецца да стварэння рэкламы, якую разумелі б у цэлым свеце, пры гэтым крэатыў агенцтва шчыльна завязаны на японскай культуры.

 

Пра цікавосткі са свету італьянскай рэкламы удзельнікі даведаюцца ад спікера Alessandro Sabini – былога творчага дырэктара італьянскага Ogilvy&Mather, які нядаўна адчыніў уласнае агенцтва Sabini+Cobianchi/Pocko ў Мілане. Сярод узнагарод крэатыўшчыка – два Канскія львы, а ў 2009 годзе ён сам уваходзіў у склад журы Канскага фестывалю крэатыўнасці.

 

Апроч прэзентацыі італьянскай рэкламы, Alessandro распавядзе аб тым, як адаптаваць глабальныя кампаніі, каб яны былі паспяховымі на лакальным рынку.

 

Семінары і майстар-класы 27 чэрвеня правядуць і вядомыя беларускія рэкламісты: слухачы змогуць узяць удзел у майстар-класе крэатыўнага дырэктара рэкламнага агенцтва Forte Grey Андрэя Халецкага, выступ якога летась выклікаў вялікую цікавасць.

 

Знакаміты беларускі дызайнер, партнёр кампаніі 495Design (Беларусь, Расія) Васіль Андрэеў на прыкладзе дызайну ўпаковак розных краінаў правядзе бліц-дыскусію аб важнасці ці няважнасці выкарыстання ў дызайне ўпакоўкі мовы, прызнанай дзяржаўнай.

 

Пра апошнія трэнды ў digital-сферы раскажа дызайнер інтэрактыўнага агенцтва Red Graphic Захар Шлімакоў.

 

Дырэктар HeadHunter Беларусь, праекта RABOTA.TUT.BY Святлана Шапарава правядзе семінар на тэму “Каму патрэбны крэатыў, або Як знайсці працу былому студэнту”.

 

Падрабязная семінарская праграма Фестывалю AD.NAK! з’явіцца на сайце adnak.by у пачатку чэрвеня. Сачыце за абнаўленнямі.

 

Нагадаем, што Чацвёрты Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! працягвае прыём прац ад удзельнікаў у НАМІНАЦЫІ І КОНКУРСЫ. Прыём работ сёлетняга фестывалю працягнецца да 3 чэрвеня. Удзел у Фестывалі, а таксама ў адукацыйнай праграме БЯСПЛАТНЫ. Каб стаць удзельнікам, дастаткова мець годную працу і 5 хвілін. Падрабязнасці тут.

 

Фестывальны дзень AD.NAK! адбудзецца ў канцы першага летняга месяца – 27 чэрвеня. Ён складзецца з адметнага адкрыцця, адукацыйнай праграмы і ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў.

 

Паводле інфармацыі Фестываля AD.NAK!