Падведзеныя вынікі фотаконкурса “Эка-вандроўка па Гародні”
Конкурс быў арганізаваны сумесна “Тваім стылем”, Орхускім цэнтрам г. Гродна (у межах праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”), Таварыствам “Зялёная сетка” і Абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Узнагароджанне праходзіла ў сядзібе Орхускага цэнтра, па вул. Савецкай 23.
У намінацыі “Турбуе кожнага” перамагла Ірына Новік з серыяй “Пралескі”. У гэтай намінацыі мы атрымалі найбольш заяў на ўдзел і выбар быў даволі складаны.
У намінацыі “Эка-ідэя” пераможцам абраны здымак Людмілы Лебедзь, зроблены ў парку ля Дэлі (Індыя). На ім выяўленыя скульптуры са смецця.
У намінацыі “Aдчуваеш розніцу” перамог Анатоль Брусевіч. Ён даслаў на конкурс параўнанне вадаёмаў Гданьска і Ліды.
У намінацыі “Мой падарунак планеце” арганізатары вырашылі ўзнагародзіць Ігара Пастухова, які даслаў серыю здымкаў з моладзевай акцыі па прыборцы мясцін у заказніцу “Сарачанскія азёры”.
Аднак галоўны прыз ад “Зялёнай сеткі” (спонсара гэтай намінацыі) так і не быў уручаны: прадстаўнічка таварыства ў Гродне палічыла дасланыя працы роўнымі. Таму ўсе асобы, хто даслаў фота ў гэтую катэгорыю, атрымаюць падарункі на памяць.
У намінацыю “Эка-Instagram” прац пададзена не было.
За прыз чытачоў “Твайго стылю” разгарнулася сапраўдная барацьба. І толькі на адзін голас абыйшоў бліжэйшага канкурэнта здымак Валеры Руселіка.
“Выбар рэдакцыі” быў таксама даволі складаным, бо цікавых і прыгожых здымкаў хапала. Толькі за дзень да ўзнагароджання рэдакцыя вырашыла, што прыз ад яе атрымае Дзмітрый Герасімчык.
Пераможцаў конкурсу абіралі прадстаўнікі праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”, Орхускага цэнтра, Абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, рэдакцыі “Твайго стылю”, а таксама вядомы гарадзенскі фатограф Аляксандр Саенка.
Віншуем усіх пераможцаў! З тымі, хто не прысутнічаў на ўзнагароджанні, мы ў хуткім часе звяжамся, каб перадаць прызы.