Памятны знак на месцы Фары Вітаўта ўсталююць у 2014 годзе
Асноўнай праблемай, якая сабрала прадстаўнікоў розных меркаванняў, з’явілася нязгода вернікаў з некаторымі дэталямі ў праектах памятных знакаў. Пытанні, якія разглядаліся на сустрэчы, датычыліся знешняга выгляду памятных знакаў на месцах страчаных храмаў і нанесеных на іх надпісаў.
На сустрэчы прысутнічалі навукоўцы-гісторыкі, прадстаўнікі рэлігійных канфесій, гарадской улады, архітэктары, мастацтвазнаўцы, а таксама тыя, хто можа арганізаваць увекавечанне памяці культурнай спадчыны.
Па выніках круглага стала было вырашана, што памятны знак па эскізнай прапанове Сяргея Більдзюка (на малюнку) будзе ўсталяваны ў 2014 годзе на месцы Фары Вітаўта (Сафійскага Сабора, Гарнізоннага касцёла), у скверы на Савецкай плошчы.
Памятны знак на месцы знаходжання Свята-Барыса-Глебскага манастыра (Манастыра бэрнардынак) ля драмтэатра пакуль не будзе пабудаваны па прычыне рознагалоссяў. Яго меркаваны выгляд на ілюстрацыі ніжэй.
Праекты ўжо былі зацверджаны на Абласным манументальна-мастацкім савеце, а таксама прайшлі ўзгадненне ў праваслаўнай і каталіцкай епархіях. Пасля сённяшніх грамадскіх слуханняў адзін праект пяройдзе на стадыю рэалізацыі.
Памятны знак з белага і цёмнага граніту ў форме невялікага алтара, дзе на крыжы выбіта малітва “Ойча наш” на царкоўна-славянскай і лацінскай мовах. Праца гарадзенскага мастака-манументаліста Уладзіміра Качана.
Нагадаем, што ў лістападзе 2011 года былі абраныя два лепшыя эскізы памятных знакаў для рэалізацыі гэтага праекта.