Украсці на два з паловай мільёны

|

Суайчыннікі па-ранейшаму імкнуцца пацягнуць усё тое, што дрэнна ляжыць. У абласным цэнтры раней асуджаны гарадзенец спрабаваў скрасці бутэльку элітнага каньяку, а ў Слонімскім раёне невядомыя скралі… цэлы дачны дом!


На мінулым тыдні ў адным з магазінаў 32-гадовы гарадзенец хацеў прыхапіць на памяць без аплаты бутэльку элітнага каньяку “Хэнесі” коштам амаль у два з паловай мільёны рублёў. Спроба выйшла няўдалай, аматара дарагога пітва затрымалі, супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

 

А вось у Слонімскім раёне ў вёсцы Якімавічы невядомыя злодзеі паспяхова ўкралі маёмасць прыкладна на такую ж суму. Яны разабралі і вывезлі ў невядомым кірунку домік з лецішча жыхара раённага цэнтра. У свой час гаспадар набыў спісаны вагончык-бытоўку ў выглядзе невялікага доміка, прывёз на ўласны ўчастак і з дапамогай крана ўсталяваў на фундаменце. Якім жа было яго здзіўленне, калі ў чарговы раз наведаўшы лецішча, ён убачыў там пэўныя канструктыўныя змены. “Майстроў” шукаюць – пакуль безвынікова.

 

Гэтая гісторыя з домікам зусім не новая ў нашай рэчаіснасці. Прыпамінаю, як у пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, у перыяд тагачаснага суцэльнага дэфіцыту, у в. Каробчыцы пацягнулі амаль гатовы домік у садовым таварыстве – разабралі бетонныя блокі, якія назаўсёды зніклі ў начной цемры.

 

Ілюстрацыя iskra-news.info