У Гродне баставалі прадпрымальнікі
Як паведаміў БелаПАН лідар РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка, паводле яго дадзеных, на рынку “Паўднёвы” на працавала сёння каля 2000 прадпрымальнікаў.
Гэта пакуль што папераджальная забастоўка. У аўторак гандляры вярнуцца на рынкі, але абяцаюць, што працягнуць пратэсты, калі да 24 чэрвеня праблема не вырашыцца.
Прадпрымальнікі пратэстуюць супраць тэхнічнага рэгламента Мытнага саюза, які прадугледжвае абавязковую сертыфікацыю пэўных відаў тавараў за кошт прадпрымальніка. Для экспертызы неабходна будзе прадставіць пяць адзінак тавару, якія пазней будуць непрыдатныя для продажу. Праз гэта, лічаць гандляры, значна ўзрастуць канчатковыя кошты тавараў.
Акрамя сертыфікацыі, рэгламент уводзіць абавязковае выкарыстанне адрыўных талонаў для тых прадпрымальнікаў, якія не маюць касавых апаратаў. Выдаваць такія талоны будуць абавязаны гандляры пры продажы тавараў на суму большую за 100 тысяч рублей.
Новыя правілы мелі пачаць дзейнічаць з 1 студзеня, але іх увядзенне пераклалі на паўгода, каб прадпрымальнікі паспелі прадаць увесь ранейшы, несертыфікаваны тавар.
Супраць тэхрэгламента пратэставалі ўжо раней, 6 чэрвеня, прадпрымальнікі Віцебска.
Здымкі Яна Лялевіча і Паўла Янушэўскага (апошні здымак)