З-за крос-віктарыны БРСМ у Слоніме забаранілі пікет у падтрымку мясцовага доктара
27 чэрвеня слонімцы планавалі правесці пікет у падтрымку доктара-траўматолага Івана Шэгі, якога ў гэты дзень звальняюць з працы.
Як толькі пацыенты Івана Шэгі даведаліся пра яго звальненне, адразу пачалі збіраць подпісы пад зваротам з просьбай даць ім магчымасць лячыцца ў вопытнага доктара, якому яны давяраюць і якога ведаюць шмат гадоў. На сёння ў падтрымку доктара сабрана каля 1200 подпісаў.
Грамадзяне падалі ў мясцовы райвыканкам заяўку на правядзенне пікета, аднак атрымалі адмову на падставе таго, што ў гэты дзень і час у гарадскім парку будуць праходзіць крос-віктарыны “Ведай свой край”.
Гарадскі парк – адзінае месца, вызначанае мясцовымі ўладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Якім чынам пікет перашкодзіць правядзенню мерапрыемства БРСМ, улады не тлумачаць.
Івану Шэгу сёлета споўнілася 60 гадоў, 30 з якіх ён адпрацаваў у Слонімскай раённай бальніцы.
У красавіку галоўны ўрач бальніцы Юрый Пяцельскі даслаў Івану Шэгу ліст з паведамленнем, што кантракт з ім працягнуць яшчэ на адзін год, да 27 чэрвеня 2014 года.
А 21 траўня доктар атрымаў ад Ю. Пяцельскага новы ліст з папярэджэннем: “Адміністрацыя Слонімскай ЦРБ паведамляе, што 27 чэрвеня 2013 г. Вы будзеце звольнены ў сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта, п. 2 ст. 35 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”.
Паводле http://www.gs.by