Частка дарогі з Гродна ў Мінск стане платнай

|

У Беларусі пачынае функцыянаваць анансаваная раней сістэма збору платы за праезд, зарэгістраваная пад гандлёвай маркай BelToll. Сістэма заменіць ручны збор аплаты і шлагбаўмы, якія перашкаджаюць няспыннаму руху транспарту.

 

Кіроўцы аўтамабіляў з Беларусі, Расіі і Казахстана, з дазволенай максімальнай масай не больш за 3,5 тон, не абавязаны плаціць за праезд.

Мапа платных дарог. Платны кавалак M6 знаходзіцца ў Мінскай вобласці

 

Ужо з ліпеня над палатном дарогі пачнуць дзейнічаць адмысловыя станцыі абсталяваныя прыёмаперадатчыкам для кантролю аплаты. Гэтыя канструкцыі будуць ажыццяўляць абмен інфармацыяй з бартавой прыладай, якую ўсталююць на лабавым шкле транспартнага сродку.

Камплект BelToll для грузавікоў

 

У цяперашні час у Гродне ўжо вызначана месца знаходжання пункта абслугоўвання кліентаў, які будзе знаходзіцца па адрасе Суворава, 143. Акрамя пункта абслугоўвання аплаціць праезд наяўнымі грашыма па перадаплаце можна ў пазначаных пунктах BelToll, на запраўках уздоўж трасы і паблізу пагранічных пунктаў пропуску.

 

Бартавая прылада для легкавых аўтамабіляў. Першая партыя бартавых прылад для сістэмы BelToll была пастаўленая ў Беларусь у сакавіку 2013 г.

 

Таксама аплаціць праезд можна і паліўнай картай праз эмітэнтаў: Берліё, E100, euroShell, Eurowag і Белаўтастраду.

 

Як паведаміў аператар call-цэнтра BelToll, у Гродзенскім пункце абслугоўвання бартавыя сістэмы пакуль не выдаюцца і дагавары не заключаюцца. Для пачатку кіроўцу аўтамабіля неабходна зарэгістравацца ў нацыянальнай сістэме збору платы за праезд BelToll на сайце аператара, а затым сачыць там за абнаўленнем інфармацыі або звяртацца ў кругласуткавы call-цэнтр.

 

Дзякуючы гэтай сістэме плата за праезд будзе спісвацца аўтаматычна з рахунку, калі транспартны сродак будзе праязджаць пад станцыяй збору платы. Дадзеная тэхналогія пазбавіць вадзіцеляў ад неабходнасці зніжаць хуткасць або спыняцца.

 

Памер закладнога кошту прылады электроннай аплаты для транспартнага сродка з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 тоны складзе 20 еўра, для транспартнага сродку з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны – 50 еўра.

 

Тарыфы за праезд будуць таксама залежаць ад колькасці восяў і агульнай масы аўтамабіля, зарэгістраванага за межамі Мытнага Саюза:

 

– Легкавыя аўтамабілі – 0,04 еўра км;

– Грузавыя аўтамабілі/аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тон і якія маюць 2 восі – 0,08 еўра км;

– Грузавыя аўтамабілі/аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тон і маюць 3 восі – 0,10 еўра/км;

– Грузавыя аўтамабілі/аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тон і маюць 4 восі і больш – 0,12 еўра/км.

 

Вызваляюцца ад платы за праезд па платных дарогах мапеды, матацыклы, колавыя трактары, самаходныя машыны, транспартныя сродкі аператыўнага прызначэння і тыя, што выкарыстоўваюцца ў мэтах забеспячэння абароназдольнасці і аховы правапарадку, гарадскія маршруткі і транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах аказання медыцынскай дапамогі, ліквідацыі надзвычайных сітуацый або перавозак грузаў гуманітарнай дапамогі.