Гарадзенскім вулічным спортоўцам патрэбна свая пляцоўка

Рух “Street Workout” або “вулічныя трэніроўкі” з’явіўся ў Гродне каля пяці гадоў таму. Зараз ён аб’ядноўвае гарадзенцаў ва ўзросце ад 8 гадоў. Вулічныя спартоўцы прапагандуюць здаровы лад жыцця і адмову ад шкодных звычак.


Street Workout ўяўляе сабой адзін з відаў дваровага спорту і гімнастыкі, які ўключае ў сябе практыкаванні на турніках, брусах, лесвіцах і іншых канструкцыях.

Вулічны рух ўпершыню з’явіўся ў Амерыцы. Тады яшчэ нікому не вядомая негрыцянская каманда Bar-Barians пачала трэніравацца на светлафорах, слупах, платах і гарадскіх пляцоўках. Пасля таго, як відэа з іх трэніроўкамі з’явілася ў сацыяльных сетках, рух стаў набіраць папулярнасць.

У краінах СНД аб вулічных трэніроўках даведаліся дзякуючы Дзянісу Мініну. Спартсмен-аматар выклаў у інтэрнэт відэа сваёй трэніроўкі, якое адразу набрала больш за 10 мільёнаў праглядаў.

Рух “Street Workout” не патрабуе выдаткаў, інвестыцый і спартыўных залаў. Дастаткова вулічнай спартыўнай пляцоўкі, снарада і жадання трэніравацца. Пакуль гарадзенцам прыходзіцца займацца на школьных стадыёнах.

Вулічны рух каардынуецца ва Украіне, дзе налічваецца каля 40 тысяч удзельнікаў. У Беларусі колькасць спартсменаў дасягае 12 тысяч.

У Гродне ў мінулым годзе на штогадовы збор у жніўні прыйшло каля 80 чалавек. З кожным годам колькасць “турнікмэнаў” расце за кошт агульных трэніровак і абмену досведам.

 

Аматар Street Workout, Сяргей Марчук:

 

“Я пачаў займацца Street Workout каля пяці гадоў таму, калі сышоў з баскетболу з траўмаваным каленам. Мне тады бацька сказаў, што я ўжо не змагу па-ранейшаму хутка бегаць. Таму лепш заняцца трэніроўкай і ўмацаваннем рук. Так я прыйшоў у Workout і па гэты дзень застаюся ў руху”.

Street Workout ўключае ў сябе сілавую дысцыпліну, тэхнічную (абароты, перахопы) і дысцыпліну на гнуткасць і расцяжку gimbarr. Калі вулічны спартсмен дасягае чагосьці большага ў адным практыкаванні, ён пераходзіць да больш складанага.

 

Элементы абмежаваныя толькі фантазіяй спартсменаў, яны ўвесь час ускладняюцца і іх колькасць павялічваецца.

Для трэніровак няма абмежаванняў па ўзросце. У Гродне вулічнымі трэніроўкамі займаюцца 8-гадовыя хлопцы. Дзяўчат менш, чым хлопцаў. Зараз у горадзе каля шасці дзяўчат, якія з’яўляюцца паслядоўніцамі вулічнага спорту.

 

Пару гадоў таму ў Беларусі пачалі праводзіць спаборніцтвы па Street Workout у Гомелі і Мінску. Удзельнічаць у іх можа бясплатна любы спартсмен.

“На 9 мая была арганізавана акцыя “Рэкорд перамогі”, дзе трэба было зрабіць 24 838 адцісканняў. Гэта колькасць дзён, якія прайшлі з дня Перамогі. У акцыі мог прыняць удзел любы жадаючы. На здзіўленне, тады прыйшла вялікая колькасць людзей”.

 

Трэніроўкі праходзяць на вуліцах летам і зімой, некаторыя спартсмены трэніруюцца дома і ў спартзале. Трэніроўкі доўжацца ад дзвюх да васьмі гадзін у дзень.

 

Зараз вулічныя спартсмены трэніруюцца на школьных пляцоўках. У Гродне няма адмысловай пляцоўкі для гэтага спорту. Адзіная спецыялізаваная пляцоўка пабудавана ў Мінску на стадыёне БНТУ.

“Мы хацелі стварыць у горадзе сваю пляцоўку, атрымаць дазвол на зямлю ў Пышках, каб кожны аматар мог там трэніравацца.

 

Пайшлі чуткі пра тое, што каб атрымаць дазвол на зямлю, патрэбныя грошы. Тады мы паспрабавалі прыцягнуць спонсараў, якія спыталі нас пра тое, што мы можам для іх зрабіць. Пакуль ішла падрыхтоўка, у кожнага з нас было сваё жыццё, праца, вучоба, практыка. Не заўсёды мы маглі займацца гэтай справай. Так з часам усё і заціхла”.

 

Цяпер у многіх гарадах ставяць сучасныя турнікі на балтах, якія вулічныя спартсмены лічаць непрыдатнымі для трэніровак.

 

“Я ўжо неаднаразова бачыў, як турнік расхістваецца, і балты злятаюць падчас практыкаванняў. Самыя лепшыя турнікі – савецкія са зварнымі швамі, якія дазваляюць вытрымаць вагу спартсмена”.

У Street Workout ў першую чаргу маюць значэнне адносіны чалавека да трэніровак. Важна не проста ляжаць на канапе, а знайсці сілы, каб прыйсці на трэніроўку і падтрымаць свой фізічны і маральны дух. Рух папулярызуе выключна цвярозае жыццё, свабоднае ад розных залежнасцяў.

 

Фота аўтаркі