Роў матораў і дым шын – усё ў лепшых традыцыях драгрэйсінгу

| Без катэгорыі

Пякучае сонца не шкадавала ні людзей, ні машыны. Вакол трасы не было і кроплі цені, адныя палі.

На адлегласці 402 метраў удзельнікі заездаў шукалі новыя межы магчымасцяў сваіх аўтамабіляў.  На трасу выязджалі па чарзе. Мелася ўсяго тры спробы, каб паказаць лепшы час. Больш за 40 удзельнікаў змагаліся ў розных катэгорыях. Новаўвядзеннем у першым гродзенскім афіцыйным драгрэйсінгу сталі заезды матацыклістаў.

З трасы машыны сустракала тэхпадтрымка каманды. Здымалі крылы, крышку капота – спрабавалі па максімуму астудзіць аўтамабілі. Пры такім надвор’і гэта было зрабіць няпроста.

Спаборніцтвы пачаліся ў 12 гадзін дня. Да абеду стаяла невыносная спякота. Некалькі пажарных машына дзяжурылі ля трасы. Іх дапамога спатрэбілася. У Карвеце VTG любімца публікі, чэмпіёна Еўропы Гжэгажа Сташэўскага (на здымку вышэй), адбылося ўзгаранне ў маторным адсеку. Пажарныя накіраваліся ў бок аўтамабіля, але да выратавальнай аперацыі справа не дайшла. Узгаранне спынілася самастойна.

Яшчэ адзін любімчык публікі, гарадзенец Дзмітрый Нагула, вызначыўся яркім выступам. На сваім Chevrolet Pickup ён заняў першае месца ў катэгорыі заднепрывадных аўтамабіляў з вынікам 9,688 с.

На старт выязджалі аўтамабілі рознага ўзроўню падрыхтоўкі. Ад звыклых воку гарадскіх аўто, да праапгрэйджаных дарожных байцоў, у якіх няма нічога лішняга. Напрыклад, пасажырскіх сядзенняў або кандыцыянера. У некаторых зусім не было фар.

Спаборніцтвы скончыліся ўзнагароджаннем пераможцаў. Наступнае буйное аўтомерапрыемства ў Гродне – Фестываль Аўтамабіляў. Запланаваная дата правядзення 20 ліпеня.

     
  Вынікі спаборніцтваў глядзіце тут  
     

 

 

Здымкі аўтаркі