Нацыянальныя рэлікты і дзіцячая азбука: беларускія дастасаванні для iPad
Асновай праграмы Belarus Land стала кніга журналістаў Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча “Спадчына Беларусі” – папулярны сувенірны фотаальбом, які зазнаў 7 перавыданняў, а ў 2004 годзе атрымаў прэмію “За духоўнае адраджэнне”.
Апроч амаль 400 выяваў 70 храмаў, музеяў ды беларускіх скарбаў з невялікімі апісаннямі, Аляксееў і Лукашэвіч прадставілі таксама 9 відэаролікаў пра найбольш цікавыя архітэктурныя помнікі. Усе аб’екты падаюцца на інтэрактыўнай мапе, а таксама асобным спісам па абласцях.
У якасці музычнага аздаблення – класічная музыка і фолькавыя кампазіцыі гуртоў “Палац” ды Testamentum Terrae. Падчас распрацоўкі праграму дапоўнілі і іншымі ўнікальнымі матэрыяламі. Напрыклад, Нацыянальнае агенцтва па турызме прадставіла 46 панарамаў беларускіх замкаў, што дазваляе прайсціся віртуальнай экскурсіяй па залах і разгледзець убранне.
align=”” alt=”Image 31884″ >
“Дастасаванне мае тры мовы: беларускую, рускую і англійскую. Але паколькі ў iOS не падтрымліваецца беларуская як сістэмная “па змоўчанні”, то яе трэба ўключаць пры карыстанні. Не ўсе могуць знайсці, дзе гэта зрабіць, трэба перанесці кнопку на бачнае месца”, – пералічае багі стваральнік кампаніі “Мабільныя рашэнні плюс” Андрэй Залатар.
Апроч таго, у бліжэйшы час праграма дапоўніцца адным з самых прыгожых ролікаў пра Беларусь – відэа астранома і фатографа Віктара Малышчыца “Беларусь: у абдымках зорак”, якое зрабілася вядомым у інтэрнэце.
“Распрацоўка такіх праектаў – справа нятанная, – зазначае Андрэй. – І мы разумеем, што пра камерцыйную выгаду ці нават пра тое, каб адбіць выдаткі, не вядзецца. Бо карыстальнікаў iPad у Беларусі не так шмат, ды і звычкі плаціць за інтэлектуальныя прадукты ў нас пакуль няма”.
Тым не менш стваральнікі вырашылі пайсці шляхам ахвяраванняў, працэнты з якіх будуць ісці аўтарам матэрыялаў. Усталяваўшы дастасаванне, карыстальнік адразу бачыць панарамы ды аб’екты Брэсцкай вобласці, штодня яму даступная новая вобласць, такім чынам, счакаўшы 5 дзён, ён атрымлівае ўсе матэрыялы бясплатна.
Каб атрымаць усё і адразу, можна зрабіць ахвяраванне – ад аднаго да 5 даляраў па жаданні. “За гэтыя некалькі дзён дастасаванне спампавалі карыстальнікі амаль з 30 краінаў, сярод якіх Парагвай, Фінляндыя, Арабскія Эміраты, ЗША, Канада. Магчыма, гэта ўсё беларусы, рассыпаныя па свеце, але ў любым разе прыемна”, – кажа Залатар.
Першыя літары на IPad
Другая важная місія, якую ўзялі на сябе маладыя распрацоўшчыкі, – стварэнне анімаванага буквара для беларускіх дзетак, якія любяць пагуляцца з планшэтамі бацькоў.
У дастасаванні выкарыстаная вершаваная азбука Кастуся Севярынца (так, бацькі Паўла), агучаная акторамі Купалаўскага тэатра Ганнай Хітрык і Паўлам Харланчуком: можна абіраць паміж іх галасамі, пераключаючы гукавую дарожку.
Але калі раптам акторскае чытанне дзіцяці прыйдзецца не даспадобы, ёсць магчымасць бацькам начытаць свае словы і вершыкі на кожную літару. Музыка для праекта напісаная Алегам Хаменкам, а анімацыю стварыў мастак студыі Аляксандр Моніч. “Магчыма, з анімацыяй мы нават троху перастараліся, – кажа Андрэй Залатар. – Перагледзеўшы пасля аналагічныя замежныя азбукі, якіх сотні, зразумелі, што звычайна анімацыя там зусім просценькая, аднатыпная, бо разлічаная на немаўлятаў. У нас жа ўсе карцінкі ў розных стылях”.
Сапраўды, усе персанажы азбукі розныя: певень распісны, лубочны, быццам з рускай казкі, жораў усходні, бы сышоў з японскай вазы, некаторыя карцінкі нагадваюць старыя мультфільмы.
Усе малюнкі інтэрактыўныя – тыцкаючы па экране, дзіця можа разагнаць хмаркі, зняць адзежы з цыбулі альбо ўпрыгожыць елку, каб яна стала ёлкай. “Дастасаванне пратэставанае на дзецях, ніводнае дзіцё не пацярпела, – смяецца Андрэй Залатар. – Нам бы таксама хацелася, каб праграма была карысная беларускім сем’ям не толькі на радзіме, але і ва ўсім свеце”.
Беларуская анімаваная азбука ў хуткім часе будзе прэзентаваная і даступная ў App Store.