БАТЭ аказаўся мацнейшым за “Нёман” з лікам 2:0

|

Першы матч з удзелам гэтых дзвюх каманд скончыўся перамогай гарадзенцаў – тады, у самым пачатку чэмпіянату, нашы хлопцы ішлі першымі. Пасля той вікторыі ў каманды пайшоў спад. А гэтым разам “Нёман” прайграў 2:0. Ніжэй пра тое, як гэта было.

Матч пачаўся без усялякага разварушвання. БАТЭ адразу прадэманстраваў гатоўнасць дзейнічаць першым нумарам і прыціснуў “Нёман” да брамы Чэрніка. У адным са спрэчных момантаў на 13 хвіліне суддзя ўгледзеў пенальці ў вароты “Нёмана”. Паўлаў пракінуў мяч у штрафную сабе на ход, паляцеў за мячом, наткнуўся на Анюкевiча і ўпаў у барацьбе з ім. Адзінаццаціметровы без цяжкасці рэалізаваў адзін з лепшых футбалістаў Беларусі – Аляксандр Глеб. Ці быў пенальці на самай справе, ці яго не было, мы сцвярджаць не можам. Галоўны суддзя знаходзіўся блізка і яму было лепш відаць.

Нядрэнная фора чэмпіёнам у пачатку гульні. Першы тайм застаўся цалкам за барысаўчанамі. Вельмі цяжка “Нёману” было пераходзіць ад абароны ў атаку. Адсутнасць Дзенісевіча адбівалася на гульні. Уся гульня наперадзе зводзілася да кідкоў на Лачнага, спадзявання на яго індывідуальнае майстэрства.

Пасля перапынку гульня памяняла свой характар. Гарадзенцы сталі паводзіць сябе больш актыўна і нават правялі шэраг перспектыўных нападаў. Актыўнымі былі Лачны і Савіцкі, а пасля таксама выйшаўшы на замену Лясюк, але справа да гала не даходзіла. Неўзабаве гарадзенцы атрымалі яшчэ адзін гол у свае вароты, які канчаткова дабіў іх. Калі б не другі гол, можна было б разлічваць на нічыю. Але, што ёсць, то ёсць. Выніковы лік матчу 2:0 на карысць БАТЭ.

Пасля матчу Сяргей Саладоўнікаў:

 

– У меншай ступені хацелася б каментаваць гульню. Бо ёсць у беларускім футболе моманты, пасля якіх не хочацца працаваць. Дзве каманды добра гулялі. Але ўклініўся суддзя, які проста перашкаджаў гуляць. Мне здавалася, што калі матч паказваюць па тэлебачанні, то гэта абавязвае.

 

Мы былі гатовыя да складанага судзейства. Але каб так… У мяне проста няма слоў. У Рыбака на дзве часткі разламаны шчыткі, яму даюць чацвёртую жоўтую картку. Гэта толькі адзін з маленькіх эпізодаў. Я ўжо не кажу пра пенальці. Я пакуль не пераглядаў той момант. Рэдка кажу аб судзействе, але тое, што было сёння – проста невытлумачальна.


Наколькі якаснай была падтрымка вашага самотнага форварда Лачнага з боку сярэдняй лініі ў адсутнасці Дзенісевіча?

 

– Калі браць першы тайм, то ў гэты час нашай самай вялікай праблемай быў менавіта пераход з абароны ў атаку. Не было шмат вострых нападаў, як у другім тайме. Першую частку матчу мы не дапрацавалі. Другі правялі зусім па-іншаму.

 

Што да Лачнага, то я хачу, каб ён застаўся ў камандзе. А ці зможам мы ажыццявіць падобнае, гэта ўжо не да мяне пытанні, а да кіраўніцтва клуба.

 

Пасля 15 тураў “Нёман” займае пяты радок у турнірнай табліцы з дваццаццю ачкамі ў актыве.

 

Паглядзім, якую працу над памылкамі правядзе Саладоўнікаў да наступнага матчу, у якім супернікам “Нёмана” будзе ФК “Мінск”. Матч адбудзецца ў Гродне 7 ліпеня. Нагадаем, “гараджане” займаюць шостае месца і на адно ачко адстаюць ад “Нёмана”.

 

Здымкі fcbate.by