Віталь Надзіеўскі: “Планы на будучыню – працягнуць кар’еру. Дзе – пакажа час”

|

Віталь, ты ўсё часцей і часцей стаў з’яўляцца ў Гродне. Ходзяць чуткі, што ты разарваў кантракт з “Алімпіяй”.

 

На самай справе так і ёсць, кантракт разарвалі па ўзаемнай згодзе. Справа ў тым, што першапачаткова, калі падпісваў, была пастаўлена задача выйсці ў першую лігу на працягу двух гадоў, але, на жаль, фінансавыя праблемы клуба ўжо не дазволілі дасягнуць гэтай мэты.

 

Агулам я адыграў там паўтары сезоны.


Як адчуванні пасля 1,5 гадоў на чужыне?

 

Засумаваўся па хаце.


align=”middle” alt=”Віталь Надзіеўскі, Виталий Надиевский” >


Якія планы на будучыню?

 

Працягнуць кар’еру футбаліста, а дзе – пакажа час.


Паступалі ўжо якія-небудзь прапановы?

 

Варыянты ёсць, спадзяюся ўжо хутка падпісаць кантракт. Але пакуль не падпішу, будзе таямніца.


Ёсць верагоднасць, што мы цябе ўбачым у “Нёмане”?

 

Пакуль малаверагодна.


Шкада. Саладоўнікаў акурат збірае каманду з гарадзенскіх хлопцаў. Ты б падышоў, ды і сваім вопытам падзяліўся б з моладдзю.

 

Як аказалася, не вельмі падыходжу, бо менавіта пры Сяргеі Вітальевічы я пакінуў клуб.


Але пры Сяргеi Вітальевічы і пачынаў, ці не так?

 

Праўда. Мабыць, ад гэтага і застаўся асадак на душы. Але крыўд ніякіх не трымаю, усё што адбываецца, усё да лепшага. Бо калі нешта сканчаецца, гэта толькі значыць, што пачынаецца нешта новае. А новае цікавей за старое.

Тады яшчэ ўсё пачыналася. Пачатак 2000-ых


А якія самыя лепшыя ўспаміны засталіся з гульні за “Нёман”?

 

Шмат цікавых людзей прайшло праз каманду, засталіся сябрамі з многімі. Асобна варта ўспомніць сезон 2002 года, дзе мы крыху не дацягнулі да першых залатых медалёў у гісторыі клуба. Усе матчы таго сезона былі запамінальнымі: па напале, па барацьбе, па жаданні перамогі, каб не прайграць ніводнай сустрэчы. Колькасць заўзятараў, жадаючых падтрымаць нас, проста да вар’яцтва даводзіла! Вялікі дзякуй ім за гэта! Гэта прымушала нас не спыняцца і гуляць з падвоенай энергіяй.


Быў час. Але ж i тую каманду трэніраваў той самы Саладоўнікаў. У чым быў поспех каманды? Што цягнула людзей на футбол?

 

Складана адказаць адназначна на гэтае пытанне. Можа быць, у той камандзе сабраліся рэдкія людзі, якія ў любую хвіліну былі гатовыя дапамагчы: як на поле, так і па-за ім. Эмоцыі, што бачылі заўзятары на матчах, таксама не пакідалі іх абыякавымі.


Пасля тых лепшых часоў, табе прапанавалі гуляць у зборнай. Што можаш сказаць па зборнай, якая абстаноўка была тады ў ёй?

 

О, у маладзёжную зборную заўсёды было прыемна прыязджаць, я там атрымліваў дадатковы зарад адрэналіну. Там былі сабраны лепшыя гульцы Беларусі таго ўзросту.

 

Выдатную абстаноўку атрымалася стварыць трэнерскаму штабу ў калектыве, лічу што ў выніку гэта адыграла не апошнюю ролю ў тым, што зборная трапіла ў фінальную частку. Заўсёды прыемна ўспамінаць той час, хоць і з горкай ноткай, бо я не паўдзельнічаў у гульнях з прычыны атрыманай траўмы напярэдадні ад’езду.


Ты яшчэ паспеў пагуляць у Гомелі, што распавядзеш цікавага адтуль?

 

Гэты перыяд маёй кар’еры таксама быў незабыўным, цудоўныя футбалісты былі сабраныя ў камандзе. Прыемна было гуляць разам і абараняць колеры клуба. Мікраклімат быў фантастычным, што дапамагло нам дайсці ў 2007 да срэбных медалёў.


А які самы запамінальны гол?

 

За той перыяд, гуляючы левым паўабаронцам у сезоне 2006, забіў цэлых тры галы, два з якіх увайшлі ў тройку самых прыгожых галоў “Гомеля”.


А за ўсю кар’еру наогул?

 

Я не так шмат забіваў, але калі забіваў, то галы атрымліваліся прыгожымі. Самым прыгожым выйшаў гол у 2005 годзе ў гульні за “Нёман” супраць “Нафтана”, якую мы выйгралі з лікам 1-0. Пасля верхавой перадачы з флангу Андрэя Лясюка ў адзін дотык у лёце паклаў мяч ушчыльную са штангай.


Зусім нядаўна ты быў заўважаны на апошнім хатнім матчы “Нёмана” ў кампаніі Крывабока і Раўнейка. Маеш добрыя адносіны са “старой” гвардыяй?

 

Вядома, з большасцю хлопцаў, з якімі гулялі разам, падтрымліваем адносіны з вялікім задавальненнем. Больш за ўсё з Дзімам Кавалёнкам і Сашам Сулімам.


Увесну давялося пагутарыць з Сашам, з Дзімам мы таксама кантактуем, некалькі разоў ён даваў каментары для нашага сайта. А ты чытаеш наш сайт?

 

Мне падабаецца ваш стыль. Як стыль напісання, так і стыль афармлення. Усё ж такі, прыгожая наша беларуская мова.


За час, які правёў у Польшчы, як табе адпачывалася?

 

Аб’ездзілі бліжэйшыя да Ельблонга гарады: Гданьск, Фромбарк, Мальбарк. Павандравалі па Кашубах. Гарады багатыя гісторыяй, мы пабачылі шмат цікавых пабудоў розных стагоддзяў.

 

Мальборг знакаміты сваім замкам, які ўражвае памерам. У Фромбарку пабывалі ў замку, дзе большую частку свайго жыцця жыў і працаваў Мікалай Капернік. Апавяданні гіда пра яго працу крыху шакавалі: як мог чалавек без якой-небудзь тэхнікі так дакладна апісаць і намаляваць на паперы ўсё зоркі неба?

 

У Польшчы ёсць куды з’ездзіць і што ўбачыць. Хацелася б, каб і ў нас аднаўлялі гістарычныя мясціны, бо толькі ў Гарадзенскай вобласці іх звышдастаткова. Трэба ж турыстаў завабліваць!

Фромборк, кафедральны сабор 16 стагоддзя (з архіву Віталя)


Ты нядаўна ажаніўся. Як і дзе праходзіў мядовы месяц?

 

Ажаніўся я ўжо год таму, а нядаўна мы з жонкай прайшлі абрад вянчання. На наступны дзень разам з’ехалі ў Польшчу. Трэба было дапрацаваць кантракт.

 

Не задумваўся, чым будзеш займацца пасля кар’еры футбаліста?

 

Пайду карэспандэнтам, возьмеце? (смяецца) Калі сур’ёзна, то маю пэўныя планы, але жыццё і Бог могуць унесці карэктывы. Таму няхай яны пакуль застануцца маім сакрэтам. Дасць Бог, будзем і далей мець зносіны як медыйныя людзі.


У канцы стандартнае пытанне: як можна прыцягнуць людзей на футбол у Беларусі?

 

Пачаць трэба з выхавання маладых футбалістаў, для гэтага патрэбныя кваліфікаваныя трэнеры. Павысіцца якасць гульцоў і разам з гэтым узровень беларускага футбола. Гульні будуць праходзіць цікавей. Але для гэтага неабходныя фінансавыя ўліванні.

 

Другое – забяспечыць камфортам заўзятараў, каб прыходзячы загадзя на стадыён цэлымі сем’ямі, кожнаму было цікава знаходзіцца на “свяце футбола”.