Ведай сваіх! Частка I: Гісторыя ўзнікнення футбола ў Гродне

Пасля другой сусветнай вайны шмат архіўных дадзеных у Беларусі прапала, гэтаксама прапала і мноства відавочцаў тых часоў. Толькі нядаўна многія сталі вывучаць сапраўдную гісторыю на заходніх землях нашай краіны. Не сакрэт, што палітыка “нашай” былой савецкай дзяржавы забараняла нам успамінаць аб даваенным часе, быццам гэтага не было. Нават цяпер многія вывучаюць не тую гісторыю, якая мы насамрэч павінны былі б ведаць.

 

Мне давялося кантактаваць з гісторыкамі, жыхарамі горада і знаўцамі гарадзенскага спорту, людзьмi, што памятаюць яшчэ тыя часы.

 

Але для пачатку я вырашыў задаць заўзятарам ФК “Нёман” і простым жыхарам Гродна пытанне: “Што вы ведаеце пра даваенны гарадзенскі футбол?”

 

Большасць людзей адказала, што “Нёман” і быў першай камандай. Але былі і тыя, хто ўзгадаў “Крэсовiю” і “ВКС Гродна”. Што ж гэта за клубы? Адкуль яны ўзяліся? Хто там гуляў? Усе адказы на гэтыя і іншыя пытанні далей у нашым матэрыяле.


Гісторыя футбола ў II Рэчы Паспалiтай

 

У верасні 1918 года ў Польшчы быў створаны агульнапольскі саюз, які павінен быў заняцця развіццём спорту ў адроджанай краiне. Калі ў 1921 годзе ў Другой Рэчы Паспалітай было каля 70 тысяч спартоўцаў, то праз тры гады іх было ўжо 115 тысяч. У 1927 годзе пытанні развіцця спорту ў краіне былі перададзены Дзяржаўнаму бюро фізічнага выхавання і вайсковай падрыхтоўкі. Калі казаць пра развіццё футбола, то ў снежні 1919 года ў Варшаве адбыўся з’езд польскіх футбольных клубаў, у якім удзельнічалі прадстаўнікі 31 каманды.

 

Па выніках пасяджэння быў створаны Польскі футбольны саюз (PZPN) са штаб-кватэрай у Кракаве. Адпаведна, першым старшынёй арганізацыі быў абраны кіраўнік клуба “Краковія” Эдвард Цэтнароўскі. Тэрыторыя краіны была падзелена на пяць футбольных акруг: кракаўскую, львоўскую, лодзьскую, познаньскую і варшаўскую. Першы чэмпіянат павінен быў прайсці ў 1920 годзе, але вайна з бальшавікамі перакрэсліла планы тагачасных польскіх футбольных чыноўнікаў.

 

Пасля заканчэння савецка-польскай вайны ў складзе Другой Рэчы Паспалітай аказаліся новыя тэрыторыі на ўсходзе і на захадзе. Гэты факт паўплываў і на фармаванне структуры футбольных акруг. Да ўжо пералічаных вышэй дадаліся: горнасілезская, люблінская, торуньская і віленская.

 

У 1929 годзе да іх дадаліся палеская і беластоцкая. У апошніх трох акругах і канцэнтравалася футбольнае жыццё Заходняй Беларусі.

 

На першым кангрэсе FIFA ў красавіку 1923 года Польскі футбольны саюз быў прыняты ў яго структуру. У 1927 годзе была створана так званая “польская ліга” (экстраліга). У яе ўвайшлі 14 клубаў. Трапіць у эліту можна было праз рэгіянальныя спаборніцтвы, якія праводзіліся ў рэгіянальных футбольных акругах.

 

Па сутнасці, клас А, у якім акурат і разыгрывалася званне чэмпіёна, быў другой лігай польскага чэмпіянату. Пераможца гульняў у акрузе восенню пачынаў змагацца за выхад у вышэйшую лігу. На першым этапе ў групе збіраліся суседзі, таму з года ў год пераможцы палескай, беластоцкай і віленскай акруг разыгрывалі паміж сабой адзіны білет у экстралігу.

 

Гісторыя ўзнікнення футбола ў Гродне

 

Што тычыцца нашага горада, то футбол у Гродне меў свой пачатак амаль роўна сто гадоў таму, калі з’явілася “Таварыства садзейнічання фізічнаму развіццю”. Тады ў футбол (які яшчэ называлі “нажным мячом”) пачалі гуляць гімназісты на занятках.

 

У хуткім часе без футбольнага матчу цяжка было сабе ўявіць якое-небудзь гарадское спартовае свята. Перад Першай сусветнай вайной у горадзе ўжо існавалі дзве футбольныя каманды.

 

Другое нараджэнне гарадзенскага футболу адбылося ў 1920 годзе. Першым клубам у Гродне “польскага часу” быў “Тшэцяк”, які стварыў трэцi Пяхотны полк (назва каманды менавіта ад нумара палка). Клуб быў вядомы ва ўсёй краіне, у яго шэрагах гулялі лепшыя футбалісты. Адначасова утварыўся і габрэйскі клуб “Макабі”, які, карыстаючыся падтрымкай грамадскасці, вельмі хутка стаў адным з лепшых правінцыйных клубаў.

 

Пасля сталі з’яўляцца такія каманды як: KS Cresovia і WKS Grodno (каманда складалася з вайскоўцаў 76 пяхотнага палка ім. Людвіка Нарбута). Яшчэ праз некалькі гадоў з’явіліся такія габрэйскія каманды як “Крафт”, “Хасмонея”, “Ютшня”. Была нават і такая: W.K.S.K.S. 3, што азначала “Ваенна-спартыўны клуб трэцяй санітарнай роты”.

 

У наступным выпуску “Ведай Сваіх!” чакайце аповеду пра “Клуб Спартовы Крэсовiя”.

 

Пры напісанні тэксту аўтар карыстаўся матэрыяламі istpravda.ru, газеты “Вечерний Гродно” і сайта sportowahistoria.pl

Здымкі з газеты Przegląd Sportowy, №50, 22.06.1939