Сяргей Лявіцкі: “100 матчаў гэта не мяжа, шмат яшчэ наперадзе…”

|

Што для цябе значыць соты матч у складзе “Нёмана”? Якія пераважаюць пачуцці?


Вядома, для мяне гэта вельмі важная падзея, таму што кожны мясцовы гулец хоча як мага больш гуляць і прыносіць карысць клубу. Азіраючыся назад хочацца сказаць, што было вельмі шмат як добрых так і дрэнных момантаў. Здаецца, і вялікая лічба “100”, але трэба будзе яшчэ шмат чаго зрабiць.

 

Памятаеш свой першы матч у асноўнай камандзе?


Памятаю, вядома. У той дзень мне ўручылі на памяць сувенірны мяч з гравіроўкай. Гэта было 16 сакавіка 2008 года, гульня на выездзе з “Дарыдай” на кубак. Вельмі хваляваўся ў той дзень, адыграў нібыта добра, мог нават і забіць, але мяч праляцеў побач са штангай.

 

Кажуць, што ты раней барацьбой займаўся, гэта так?

 

Адкуль такія падрабязнасці? (Усмiхаецца) Была такая справа. Мне тады гадоў 7-8 было. Хадзіў у залу для барацьбы, каб пабіць па варотах, падурэць на мяккіх матрацах. Трэнер казаў, што я здольны, нават другое месца ў горадзе заняў у вазе да 24 кг. Потым у школу прыйшоў мой першы трэнер Васіль Аляксандравіч Савіч і я з галавой сышоў у футбол.


Зусім нядаўна ты скончыў вучобу ва ўніверсітэце, цяжка было сумяшчаць вучобу з працай?

 

Месцамі было цяжка. Напрыклад, калі сесія супадала са зборамі і потым аднаму даводзілася ўсё здаваць, а не з групай.

Сяргей з дыпломам аб вышэйшай адукацыi


Далей у войска, як Чэрнік?

 

Не, армія мне не пагражае. А па якіх прычынах, не скажу.


Тады скажы, чаму цябе ў камандзе называюць “Дзед”?

 

Першы раз “дзедам” назваў Жэня Савасцьянаў, патлумачыўшы гэта тым, што на той момант, хоць я і быў самым маладым, але непаголенасць дадавала мне як мінімум гадоў пяць. (усмiхаецца) З таго часу і пайшло.


А вось Жэню называюць “пяльмень”, напэўна таму, што любіць паесці? Ты яму мянушку прыдумаў?

 

Не, не я. Ён проста сам з Ваўкавыска, а там робяць вельмі смачныя пяльмені.


“Дзед”, гэта ж як дэмбель, а ты малады. Пачаткоўцы, напэўна, калі прыходзілі ў каманду, думалі, што ты ўжо ветэран? Ці былі якія-небудзь кур’ёзныя сітуацыі звязаныя з тваей мянушкай?

 

Калі і былі, то мне пра іх ніхто не казаў (усміхаецца). Пару разоў хлопцы з дубля пыталіся, колькі мне гадоў і дзівіліся, бо давалі мне на гады тры больш.

“Дзед” у роздумах…


Калі ёсць “дзед”,то можа ёсць і “дзедаўшчына” ў камандзе? Старыя “запрагаюць” маладых?

 

Ты што, няма ніякай “дзедаўшчыны”! Мы ж робім адну справу і паважаем адзін аднаго. Ніхто нікога не “запрагае”. У нас вельмі добры і дружны калектыў.


У калектыве моцна адчуваецца страта капітана?

 

Для нас Ваня Дзенісевіч – вялікая страта. Ён у большасці кіраваў нашымі нападамі. Але думаю, нам па сілах выканаць задачу і без яго, за кошт калектыву.


Хто замест Вані заняў месца галоўнага распасоўшчыка?

 

Каманда агулам. Няма аднолькавых людзей, ва ўсіх свае асаблівасці і таленты. На яго пазіцыю зараз найграваюць Мілана Ябланя, але ўсё ўбачым на полі.


Мілан акурат нядаўна расказваў нашаму сайту пра гэтыя змены. А ты чытаеш наш сайт?

 

Заходжу часта. З апошняга прачытаў артыкул пра даваенны гарадзенскі футбол, мне спадабалася, класна.


Дзякуй! Цяпер у “Нёмана” пойдуць адны з самых складаных матчаў у сезоне. Каманды будуць змагацца за першую шасцёрку. Што нам варта чакаць ад “Нёмана”? Прыгожую гульню або гульню на вынік?

 

Футбол – гульня для гледачоў. Будзем старацца паказваць прыгожы футбол і пры гэтым набіраць максімальную колькасць ачкоў.


Але што зрабіць каб глядач пайшоў на стадыён? Чаго не хапае нашаму футболу?

 

Па-першае, на маю думку, нашаму футболу не хапае рэкламы, раскруткі, напрыклад, у параўнанні з Польшчай. Не сказаў бы, што там чэмпіянат на галаву вышэй, проста людзі яго прапіярылі. Па-другое, клубы не маюць дастаткова сродкаў, каб запрашаць да сябе моцных легіянераў, якія б падымалі ўзровень як футбалістаў, так і ўсяго чэмпіянату. Па-трэцяе, умовы ў ДЮСШ. У Гродне яны сталі вельмі добрыя, але ёсць яшчэ месцы, дзе хлопцы трэніруюцца на асфальце. Гэта ж жах!


Сапраўды, ёсць да чаго імкнуцца. З маладога гарадзенскага пакалення можаш каго-небудзь адзначыць?

 

У нас добрая перспектыўная моладзь. Лічу, што кожны з іх павінен быць адзначаны.


І ў канцы, што пажадаеш заўзятарам “Нёмана”, якія ўжо з нецярпеннем чакаюць чарговай гульні?

 

Жадаю нашым заўзятарам яркіх незабыўных уражанняў і пераможнага настрою, а мы паспрабуем усё для гэтага зрабіць. Дзякуй вам!

 

Здымкі прэс-службы ФК Нёман