У ашмянскага фермера забілі 600 свіней

Фермер з Ашмянскага раёну на Гарадзеншчыне Іван Гарлуковіч у адзін дзень страціў усё, да чаго ішоў доўгія гады, — свіны статак у 600 галоў.

 

Аднавяскоўцы Івана Гарлуковіча ў шоку: ветэрынары за дзень усыпілі ўсіх свіней у гаспадарцы паспяховага прадпрымальніка. На ферме ў вёсцы Наваполле пад Ашмянамі, дзе раней віравала жыццё, цяпер магільная ціша: «Так, усіх забралі, падчыстую. Цяпер у вёсцы, мусіць, ні ў кога свіней не засталося — людзі са страху пакалолі бяз часу, каб толькі не аддаваць. У нас тут у асноўным старыя жывуць, дык і так няшмат трымалі, можа, хаты дзьве-тры. Але і тыя ўсіх парэзалі».

Карэспандэнт: «А ў фермера шмат свіней было?»

«Ну, так, дзесьці 600 з лішкам галоў. Была вялізная свінафэрма. Таму ўдар быў для яго вельмі моцны».

 

Сам Іван Гарлуковіч да размоваў ня надта ахвочы — ад такой страты адысці няпроста.

Запытваю — дык ці сапраўды забралі ўсё падчыстую?

«Ну, як забралі? Не забралі, а закапалі, знішчылі, нічога не пакінулі… Але ведаеце, не хачу я гаварыць гэта па тэлефоне…».

 

Марыя Антонаўна, маці пацярпелага, у роспачы: столькі гадоў руплівай працы сына закапана разам з усім статкам: «Усіх забралі, мой ты панок, няма ніводнага (плача). І гэта ж ні карантыну ніякага не было, нічога.

Выклікалі гарадзенскіх лекараў, тыя сказалі, што ходзіць нейкая чума ці штосьці такое.

А цяпер людзі гавораць, як хто хоча. Я во толькі з касцёла, дык чула, як казалі — гэта ён наўмысна зрабіў, нейкай атруты даў свіньням.

 

Што за глупства? Нашто ж так абгаворваюць?

Божа мой, божачка.

Я дык, вядома, ужо старая, што мне адмерана — большага ня трэба. Цяпер прашу ў божанькі, каб толькі майму сыночку паслаў здароўечка. Павінна ж быць нейкая справядлівасць.

Падумаць толькі — усю ферму забралі! Можа, хоць нешта падкінуць — жыць за што?».

 

І хоць на Гарадзеншчыне карантын афіцыйна абвешчаны толькі ў вёсцы Чапунь Івейскага раёну, геаграфія барацьбы зь вірусам афрыканскай чумы імкліва пашыраецца. Як у выпадку з гаспадаркай Івана Гарлуковіча, якая дагэтуль фармальна не трапляла ў небяспечную зону, «свіныя ліквідатары» працуюць у Валожынскім, Карэліцкім, Наваградзкім, а цяпер і ў Ашмянскім раёнах.

Апроч таго, татальная зачыстка падворкаў ідзе ў шэрагу рэгіёнаў Мінскай, Берасьцейскай і Віцебскай абласцей.

 

Найбольш балючыя для людзей пытанні — ня толькі прымусовае знішчэнне свінога пагалоўя, што наўпрост адбіваецца на харчовай бяспецы, а і абяцаная кампенсацыя стратаў.

 

Як кажуць жыхары вёскі Козевічы побач з «чумным эпіцэнтрам» у Чапуні, свіней у іх забралі яшчэ пры канцы чэрвеня, а грашовых разлікаў няма дагэтуль: «16 тысяч рублёў за кіляграм — такую абяцалі кампенсацыю. І тое з умовай: якое само пала — за яго, натуральна, нічога, але якое прымусова забіраюць — здаровае ці нездаровае — за тых абяцалі заплаціць. Бо гэтыя службы не цырымоняцца: усыпляюць — і забіраюць».

 

Карэспандэнт: «Выглядае, што сама меней год нельга будзе свіней трымаць?»

«Ды што год? Можа, два, а можа, і тры. Ніхто ня ведае. Нехта казаў, што менш як на два гады можаце нават не разьлічваць. Але некаторыя настройваюць, што тры гады — гэта яшчэ добра будзе».

 

Паводле інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, афрыканскую чуму свіней занесьлі ў Беларусь разам з імпартаванымі камбікармамі.

Аднак жыхары пацярпелых вёсак лічаць, што вірус прыйшоў з Налібоцкай пушчы, вакол якой і гуртуюцца ачагі афрыканскай чумы: «Адкуль гэтая навала? А хто ж яго ведае! У нас тут людзі думаюць, што ад дзікоў з лесу прыйшла, адкуль яшчэ гэтая чума магла з’явіцца?
Бо ў нас тут столькі дзікоў, уявіць сабе ня можаце: бульба была, дык ня толькі поле, усе дарогі вакол перарылі.

А потым мор пачаўся: да апошняй хаты ў вёсцы парасяты прыйшлі ды ўсе паздыхалі пад плотам. Забіралі адтуль днямі. Дык калі ўжо гэтая зараза дзікоў узяла, то хатніх свіней тым больш паваліць.

 

Было, калі дажджы моцныя лілі з боку лесу, парнасць пайшла, мокра было, то ўсё гэта, відаць, і прынесла заразу».

 

Некалькі месяцаў беларускія ўлады хавалі інфармацыю пра вірус афрыканскай чумы свіней. Калі ў красавіку пачалі прыходзіць весткі пра масавы забой свіней на сьвінакомплексе «Ўсходні» ў Баранавіцкім раёне, чыноўнікі запэўнівалі: падзеж не перавышае санітарных нормаў, падставаў для панікі няма.

Пасля ж таго, як расейскія вэтэрынарныя службы на падставе ўласных аналізаў пацьвердзілі, што ў Беларусі зафіксаваная ўспышка афрыканскай чумы, мясны імпарт следам за Расеяй прыпынілі Ўкраіна, Літва і Латвія.