Вандроўка па старым Гродне. Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор
Паштоўка з таямнічым подпісам – вуліца Кірачная. Назва вуліцы паходзіць канешне не ад кіркі – прылады працы рудакопа, а ад лютэранскай кірхі, якая дасюль стаіць у парку Жылібера. У перспектыве вуліцы мы акурат цмяна бачым будынак гэтай кірхі.
“Нейкі ён не падобны на сучасную кірху,” – скажаце вы і цалкам будзеце мець рацыю. Гэты здымак – адзіная фатаграфічная выява кірхі, як яна выглядала да перабудовы ў 1910-х гг. (здымак зроблены прыкладна паміж 1906 і 1910 гг.). Лютэранская кірха спачатку была тракцірам-сталоўкай, пабудаванай у часы Антонія Тызенгаўза. Тут маліліся і елі майстры, што працавалі на тызенгаўзавых майстэрнях. Дарэчы, з іх і пачалася большая нямецкая абшчына Горадні.
Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі перадаў тракцір лютэранам пад кірху і амаль такой мы бачым яе на здымку. Гэта быў квадратны ў плане будынак з уваходам з боку вуліцы Ажэшкі. Таму і вуліца называлася Кірхавая.
На будынку злева, дзе цяпер царкоўная крама, на балконе бачная вялікая металічная шыльда – раней такія ўсталёўваліся на розных дзяржаўных установах. Справа, як бачым, пустое месца. Толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў тут з’явіцца Дом Стральца, больш вядомы цяпер як былы Дом Афіцэраў.
Ліхтар на здымку хутчэй за ўсё яшчэ таксама газавы (керасінавы), прыгожых чыгунных электрычных ліхтароў у горадзе да Першай сусветнай вайны так і не ўсталявалі.
Націсніце, каб паглядзець у вялікім памеры
Наконт гэтай паштоўкі мы не маем упэўненасці, ці зроблена яна яшчэ пры Расійскай Імперыі ці ў першыя месяцы нямецкай акупацыі Гродна 1915–1919 гг. Вядома, што перабудову той квадратнай кірхі ў больш сучасны неагатычны будынак пачалі яшчэ да вайны, а вось ці скончылі яго да ўваходу немцаў у горад, невядома.
Новую кірху пабудавалі са старой, дадаўшы да квадрата па кавалку сцен і прыбудаваўшы вежу. Пры гэтым кірху “перавярнулі”, зрабіўшы замест выхаду апсіду, а выйсце з храма стала на сучасную вуліцу 1 мая, цераз якую перад уваходам у кірху былі лютэранскія могілкі (зруйнаваныя ў 1970-х гг.).
Дарэчы апошнія даследаванні сведчаць, што шпіль вежы не быў збіты падчас баёў 1944 года, а яго спецыяльна панізілі ў пачатку 1950-х гадоў, каб паказаць, што будынак гэты – не храм, а ўсяго толькі абласны архіў. Звярніце таксама ўвагу на тое, што будынак яшчэ не атынкаваны, а таксама на гадзіннік, механізм якога добра захаваўся ў кірхавай вежы.
Рэальнае вучылішча цэсарэвіча Аляксея – велізарны будынак, які паўстаў у 1913 годзе да 300-годдзя святкавання дому Раманавых. Адзін з найбольш цікавых прыкладаў архітэктуры стылю мадэрн у Гродне. Цікавая і гіпсавая ляпніна з расійскім арлом на фотаздымку, якая да нашага часу не дайшла. Дарэчы, у міжваенны час на гэтым самым месцы красаваўся польскі арол, толькі больш сціплых памераў.
І рэальнае вучылішча і гімназія Адама Міцкевіча, што размяшчалася тут у міжваенны перыяд, былі вельмі добрымі навучальнымі ўстановамі. З двара гэтага будынка таксама пачынаўся гарадзенскі заапарк, бо менавіта тут стаялі клеткі з жывёламі, злоўленымі выкладчыкам гэтай гімназіі Янам Каханоўскім.
Цікавасць выклікае вежа на будынку. Гэта адзіная захаваная з мінулага ў нашым горадзе астранамічная абсерваторыя. Купал яе хутчэй за ўсё рассоўваўся, сёння ж ён адсутнічае.
У часы Антонія Тызенгаўза вучні навучальных установаў Гродна таксама займаліся астраноміяй, але толькі ў пачатку ХХ стагоддзя паўстала спецыялізаваная астранамічная абсерваторыя, якая была не толькі вучэбнай, але і ўключалася ў сістэму астранамічных назіранняў Еўропы і Расійскай Імперыі.
Націсніце, каб паглядзець у вялікім памеры
Частка сучаснай вуліцы Элізы Ажэшкі, на якой знаходзіліся домікі часоў Антонія Тызенгаўза, чамусьці не адлюстравана на старых паштоўках. Таму расказ пра вуліцу Ажэшкі (былую Раскошу, Садовую, Мураўёўскую) пачынаем з выявы Свята-Пакроўскага сабору.
Сабор быў узведзены ў 1907 г. як ваенны сабор для расійскага гарнізона горада. Будынак узведзены па распрацаваным у 1900 г. узорным праекце вайсковай царквы для гарнізонаў Расійскай Імперыі ва ўшанаванне памяці афіцэраў і ніжніх чыноў 26-й артылерыйскай брыгады і іншых фарміраванняў расійскай арміі, якія загінулі ў расійска-японскай вайне 1904 – 1905 гг.
Першы храм падобнага тыпу быў узведзены ў 1901 г. у Новым Пецяргофе для Каспійскага палка (найбліжэй ад Гродна па такім самым праекце была ўзведзена гарнізонная царква ў Сувалках), таму дакладна такіх храмаў па тэрыторыі былой Расійскай Імперыі было досыць шмат.
Цікава, што храм ужо абнесены арыгінальнай каванай агароджай. У савецкі час з яе былі спілены выявы крыжоў, а саму агароджу, на жаль, замянілі новай у 2009 г. Як бачым, агароджа сабора ўпрыгожана расійскімі сцягамі, мабыць фота рабілася ў дзень нейкага дзяржаўнага свята.
Націсніце, каб паглядзець у вялікім памеры
Здымкі Яна Лялевіча
Папярэднія выпускі
Вандроўка па даўнім Гродне. Частка І: чыгуначны вакзал Вандроўка па старым Гродне. Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка |
||