Ведай сваiх! Частка II: Гарадзенскi спартовы клуб “Крэсовiя”
У сярэдзіне 20-х у шматлікіх гарадах сталі з’яўляцца футбольныя каманды, створаныя, як правіла, па вытворчай або нацыянальнай прыкмеце. Лік клубаў хутка рос, а з імі расла і колькасць жадаючых удзельнічаць у чэмпіянаце Польшчы.
Першыя гады гарадзенскія клубы выступалі ў чэмпіянатах Люблінскай і Віленскай акруг. Але ўжо напярэдадні сезону 1929 года на футбольнай карце з’явіліся дзве новыя акругі – Палеская з цэнтрам у Брэсце і Беластоцкая, улады якога, насуперак назве, размяшчаліся ў Гродне.
Пераможцы чэмпіянатаў Палесся і Беласточчыны атрымалі рэальную магчымасць прабіцца ў лік наймацнейшых каманд Польшчы, якіх з 1927 гады аб’ядноўвала вышэйшая ліга. Патрапіць у лігу можна было праз шматузроўневую сістэму адборачных турніраў, у якіх удзельнічалі пераможцы рэгіянальных першынстваў.
Гарадзенцы задавалі тон у ваяводстве. Хопіць сказаць, што толькі двойчы – у 1930 і 1935 гадах – яны прапусцілі наперад іншагароднія клубы.
У 1926 годзе гарадзенская каманда выйшла ў клас “А” Віленскай футбольнай акругі, а яшчэ праз тры гады стала першым чэмпіёнам Беластоцкага акруговага футбольнага саюза і ўдзельнічала ў пераходным турніры за права гуляць у першай лізе польскага чэмпіянату.
Матч чэмпiёнаў
У 1929 годзе гарадзенская “Крэсовія” выйграла чэмпіянат Беластоцкай акругі, абыграўшы свайго галоўнага канкурэнта — клуб “WKS 42 PP” (спартыўны клуб арміі, што прадстаўляў 42-ы пяхотны полк з Беластока).
Хто будзе чэмпіёнам, вырашыў дадатковы матч, бо пасля заканчэння апошняга тура ў кожнай з каманд апынулася пароўну ачкоў – па 17. У той час не ўлічвалася розніца забітых і прапушчаных мячоў паміж клубамі, якія набралі аднолькавую колькасць ачкоў пасля апошняга тура. Гэты дадатковы матч успаміналі вельмі доўга.
Матч праводзіўся 10 жніўня 1929, гаспадарамі былi гарадзенцы – так вырашыў Савет Акругі. “Крэсовiя» выйграліа 3-2, але перамога далася з цяжкасцю ў вельмі жорсткім і эмацыйным матчы.
Да перапынку гарадзенцы прайгравалі 0-1, гол за “WKS 42 PP” на 17 хвіліне забіў Карыцкі. У другім тайме добрая гульня ў цэнтры поля Крываля і Балоска нарэшце дала эфект. Праз некаторы час гарадзенцы выйшлі наперад – на 59 хвіліне забіў Iгнатоўвскi, а праз хвіліну гарадзенцаў вывеў наперад Хойнась.
Беластачане аднак не збіраліся здавацца і на 75 хвіліне зраўнялі лік, гол забіў Сiтко. I толькі на апошніх хвілінах гарадзенцам удалося вырваць перамогу: на 87 хвіліне пераможны дубль аформіў Хойнась.
Склад Cresovii з тым матчы: Malarczyk – Pęczek, Dzietrzenia – Krywol,Ballosek, Długołęcki – Chojnoś, Ignatowski, Kapura, Sidorowicz, Michelis.
Матч паміж гарадзенскай “Крэсовіяй” і KPW Katowice ў Гродне, 1939 год. Групавы здымак абедзьвух каманд
Футбол як свята
Матчы ў Гродне праходзілі на стадыёне Акруговага таварыства фізічнага выхавання па вуліцы Сабескага, 3 (раён цяперашняга стадыёна ўніверсітэта). Гэта было сапраўднае гарадское свята. Напярэдадні газеты друкавалі прыгожыя афішы пра будучую гульню. У дзень матчу на стадыёне часта выступаў ваенны аркестр, а перад галоўнай гульнёй дня “для разагравання публікі” праводзіліся матчы юніёраў.
Параўнанне карты Гродна 1937 і 2005 гадоў. Стадыён пазначаны як Boisko Sportowe. Вуліца Сабескага сёння называецца вуліцай Захарава. Вул. Скідзельская стала праспектам Касманаўтаў.
Квіткі па тых часах каштавалі нятанна – да 1 злотага, але гэта не адпуджвала праўдзівых прыхільнікаў спорту, народа збіралася вельмі шмат. Уся сям’я ішла назіраць за гульнёй. Па некаторых дадзеных, на кожны матч збіралася не менш чым па 10 тысяч гледачоў.
Улады акругі рашуча змагаліся за дысцыпліну на футбольным полі і вакол яго. З газеты “Дзённік кресовы” можна, напрыклад, даведацца пра разбор інцыдэнта на гарадзенскім стадыёне падчас фінальнага матчу за права гуляць у класе “А” акругі паміж мясцовай “Крэсовіяй” і клубам ZTGS “Макабі” з Сувалак (Makabi Suwałki).
“Крэсовія” тады абыграла супернікаў, аднак за парушэнне парадку падчас матчу футбольнымі ўладамі быў накладзены штраф у памеры 50 злотых на гаспадароў поля. Суровыя пакаранні панеслі і асобныя гульцы “Крэсовіі”. За ўдар у твар гульца супернікаў Шода быў дыскваліфікаваны на адзін год, а Расціслаў Казлоўскі быў пажыццёва (!) пазбаўлены права насіць павязку капітана і дыскваліфікаваны на шэсць месяцаў як гулец за абразу галоўнага арбітра матчу.
Легедны, якiх трэба помнiць
У складзе “Кресовii” выступаў вядомы паўабаронца Марыян Караль Шаллер, які прайшоў шлях ад кракаўскай “Ураніі” і віленскай “Пагоні” да легендарнай варшаўскай “Легіі”. Пяць разоў яго запрашалі ў нацыянальную зборную Польшчы.
Юльюш Балосэк – выхадзец з “Крэсовii”
Нарадзіўся: 1911.09.12.
Клубы: WKS 76 pp Grodno, Cresovia Grodno, Jagiellonia, Ognisko Wilno, Śmigły Wilno.
Скончыў сярэднюю школу ў Гродне, быў чыгуначным чыноўнікам. Нападаючы – 182 см – 76 кг.
Выпускнік гарадзенскай футбольнай школы, адораны спартсмен. Практыкаваўся таксама ў лёгкай атлетыцы. У 30-ыя гады быў вельмі папулярны ў сваім рэгіёне. Месца ў гісторыі ён заняў як лепшы выканаўца штрафных удараў і вуглавых. Скончыў кар’еру ў віленскай камандзе “Сміглы”, падчас нямецкай акупацыі бясследна знік.
У Гродне “Кресовiя” мела добрыя ўмовы для развіцця спорту. Магчыма, калі б у клубе не культывавалі яшчэ дзевяць відаў спорту, поспехі гарадзенскага клуба ў футболе былі б куды большыя.
У сезоне 1934 “Кресовiя” была расфармавана і большасць футбалістаў увайшлі ў склад новага клуба “WKS Grodno”. Але перад вайной крэсавяне зноў вярнуліся на футбольнае поле і нават паспелі прабіцца ў вышэйшую групу. Пасля іх гісторыя спыняецца. Тэрыторыю Заходняй Беларусі акупавалі бальшавікі, а пасля і немцы…
У наступным выпуску “Ведай Сваіх!” чакайце аповеду пра WKS 76 pp Grodno (СКА 76-га пяхотнага палка імя Людвіка Нарбута).
Некаторая інфармацыя з кнігі „Historia podlaskiej piłki” (за пераклад дзякуй Ігару Мікульчыку), матэрыялаў выданняў “Новы Час” і “Вечерний Гродно”.