Тыдзень этна-драйву на Пятроўскім фэсце

|

Ужо другі год з вялікім задавальненнем наведваем вёску Шыпілавічы, што за сем кіламетраў ад Любані (Мінская вобласць), дзе знакаміты этнограф, загадчык арганізацыйна-творчага аддзелу Любанскага раённага Цэнтра культуры, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкі” Сяргей Выскварка ды сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Наста Кухарэнка ладзяць школу традыцыйнага танца “Пятровіца”.

 

Тры гады Пятровіца збірае вакол сябе аматараў беларускіх бытавых танцаў і народнай культуры, з кожным годам праграма робіцца больш цікавай і насычанай, і з кожным годам усё больш і больш людзей у свае летнія планы ўпісваюць паездку на Пятровіцу.

 

Сёлета, як ніколі, сабралася больш за 60 чалавек, сярод якіх – моладзь з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама – прадстаўнікі Расіі і Літвы. Гарадзенцы, удзельнікі Суполкі народнай культуры ў складзе чатырох чалавек, гэтаксама накіраваліся на свята.

Пачаўся фэст з гарадскога свята Купалле ў Любані. Вялікіх запісаў дадзенага свята на Любаншчыне не знойдзена, таму ў свой час, згодна з агульнабеларускімі традыцыямі, быў створаны сцэнар свята, які прыжыўся за апошнія 20 год. Таму кожны жыхар Любані ведае, што 6 ліпеня ўвесь горад збіраецца ў парку святкаваць Купалле.

Сёння, як і ў многіх раёнах Беларусі, свята моцна сапсавалася, але сярод мора папсы прысутнічала вялізная хваля аўтэнтычнасці: шэсце па горадзе ў народных строях, з акапэльнымі песнямі ды жывой музыкай, выступы народных калектываў, акцыя “Лявоніха на 100 пар”, купальскае вогнішча, ды народныя бытавыя танца ля вогнішча!

 

Так пачаўся Пятроўскі фэст, але самае цікавае чакала наперадзе! Праграма тыднёвай танцавальнай школы была насычана першапачаткова танцамі Любаншчыны. За доўгі час працы Сяргей Георгіевіч сабраў вялікую колькасць танцаў, стварыў “Любанскую дзясятку” і перадаваў веды нам.

Акрамя разнастайных танцаў, ўдзельнікаў вучылі трох-кроку, пасадзе рук, танцавальнаму этыкету. Была нават лекцыя, як збіраць танцы ў старых людзей, якая скончылася паходам па старых жыхарах вёскі Пласток – і мы сапраўды запісалі танцы!

 

У праграме фэста нас чакалі майстар-класы па літоўскіх танцах і танцах Смаленшчыны, Магілёўскіх і Гомельскіх танцах, а мы, гарадзенцы, таксама прадэманстравалі свае рэгіянальныя танцы, некаторыя з якіх запісалі асабіста падчас экспедыцыі.

Акрамя навучальных заняткаў, на якіх з нас пот ручаямі сцякаў, удзельнікаў танцавальнай школы чакалі сустрэчы з любаньскімі калектывамі, якія атрымалі званне “нематэрыяльнай спадчыны”. Яны дзяліліся з намі песнямі, танцамі, мудрасцю. Кожны вечар з мясцовым калектывам былі арганізаваны імправізаваныя вечарыны: спявалі песні, танчылі на пляцоўцы ля клуба альбо на дарозе пасярод вёскі, спявалі частушкі.

Было бачна, з якім шчасцем старыя людзі адпачывалі разам з моладдзю. Не было постсавецкай правільнасці, затое была шчырасць, духоўнасць, нібы мы вярнуліся ў гады маладосці нашых бабуль і дзядуль – і так цэлы тыдзень.

Яшчэ нам пашчасціла прысутнічаць пры выпечцы хлеба ў в. Жораўка (на здымку вышэй), прыняць удзел у свяце кветак у в. Рэчань, павучыцца вясельным абрадавым традыцыям, рабіць вясельныя лялькі ды завязваць хусткі ў в. Обчын, пазнаёміцца з маляванымі дыванамі ды паспрабаваць смачнай вячэры ў в. Закальное, пабываць на археалагічных раскопках паселішча Гарадок жалезнага веку, наведаць родавае памесце сям’і Выскваркаў у в. Пласток –  прыблізіць сябе да нашай культуры і спадчыны.

Скончылася танцавальная школа святам Петрака ў вёсцы Шыпілавічы. На працягу доўгага часу апісанне гэтага страчанага свята збіралася па крупіцах ад старых людзей і ў выніку знайшло сваё другое дыханне.

Пачыналася яно з малебена ля крыжа, затым прысутных чакала народная канцэртная праграма, а сам абрад пачынаўся пасля абеда. Дзяўчаты ішлі на гару да крыжа, завязвалі на яго стужачку і пакідалі просьбу, вялі вянкі, набіраліся сілаў ад старога дуба. Далей усе ішлі карагодам па вёсцы, калектыў маладых дзяўчат і сталых жанчын.

Усе сустракаліся ў парку на паляне, дзе заводзілі агульны карагод, варылі юшку, казалі замову на ўраджай, а ў маладых дзяўчат была апошняя магчымасць выбраць сабе хлопца. Усё гэта заканчвалася танцамі ды спевамі да позняй ночы.

Вярнуліся мы ў Гродна стомленыя, але шчаслівыя. Гэта лепшы з магчымых адпачынкаў у Беларусі. Гэта фэст, у якім ты акунаешся ў традыцыйны быт і дакранаешся да свайго мінулага; час, калі ты жывеш натуральна, калі цябе пакідае гарадская мітусня; месца, дзе ты атрымоўваеш веды, не толькі па танцавальнай культуры, але і ўзбагачаеш сваю свядомасць народнай мудрасцю.

 

Выдатна, што такія мерапрыемствы развіваюцца, што іх падтрымлівае тутэйшае ўпраўленне культуры. Мясцовыя з вялікім задавальненнем чакаюць прыезду моладзі, бо вёскі ў гэты час нібы ажываюць.

І мы чакаем з нецярпеннем наступнага Пятроўскага фэсту. І запрашаем разам з намі акунуцца ў тыдзень этна-драйву!

 

Больш фотаздымкаў і тыя ўражанні, якія не ўмясціліся ў дадзены артыкул можна будзе на працягу тыдня пачытаць у Жывым часопісе аўтара.

 

Здымкі аўтара