Мікалай Уласевіч судзіцца з мытняй за вяртанне асабістых рэчаў
Частка рэчаў – наборы вучэбных плакатаў “Чарнобыльскія ўрокі”, выдадзеныя ў Маскве, стыкеры “Фукусіма” і “Народжаныя не поўзаць”, брашура з альтэрнатыўным дакладам беларускіх НГА пра сітуацыю з абаронай правоў чалавека ў Беларусі – знішчаныя па выніках экспертызы КДБ і ідэалагічнага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкаму.
Першы суд не задаволіў скаргу Мікалая Уласевіча на неправамоцныя дзеянні дзяржаўнага органа, бо, на погляд суда, заяўнік без важкай прычыны прапусціў месячны тэрмін для падачы скаргі.
Другі суд скончыўся на карысць грамадскага актывіста.
Чарговы суд павінен разгледзець іск Уласевіча аб звароце ягонай уласнасці, частка якой ужо знішчаная ў Астравецкім раённым аддзеле УКДБ па Гродзенскай вобласці. У якасці суадказчыкаў будуць выступаць УКДБ і упраўленне па ідэалагічнай працы, якія прынялі рашэнне пра знішчэнне асабістых рэчаў Мікалая Уласевіча.
Судовае пасяджэнне мела адбыцца заўтра, 16 ліпеня, у 11 гадзін, аднак у сувязі з усеагульным сходам суддзяў Гродзенскай вобласці, які адбудзецца ў гэты дзень, разгляд справы перанеслі на 25 ліпеня. Пачатак у 15 гадзін.
Здымак http://new.ucpb.org