Гол Лясюка прынёс “Нёману” перамогу над “Нафтанам”
Сямнаццаць тураў Андрэю не ўдавалася вызначыцца – мяч папросту не ляцеў у сетку брамы, але на гэты раз яму пашанцавала. Не варта забываць мінулы сезон: спачатку не забіваў, а пасля як разышоўся! Спадзяемся, што і на гэты раз будзе так.
У стартавым складзе “Нёмана” назіраўся шэраг змен. Наперадзе сыграў Бомбель, які ўпершыню выйшаў у старце. Пад ім размясціўся Лясюк, а па баках згулялі Лявіцкі і Савіцкі. Нешта новае выбраў Саладоўнікаў, але як такой атакавальнай гульні ў першым тайме мы не ўбачылі. Актыўнічаў Бомбель, месцамі быў агрэсіўны, за што і атрымаў “гарчычнік”. Ды і ў барацьбе ў яго не ўсё атрымлівалася.
У сярэдзіне тайма пайшла залева і ўжо, здавалася, самы час для прабіцця па варотах. Але адныя і другія гэтым не скарысталіся. Быў момант у Лявіцкага ў канцы тайма, але брамнік “Нафтана” Даўгяла адвёў пагрозу ад варот.
У другім тайме гульня пайшла больш актыўна. Не прыйшлося доўга чакаць пасля перапынку, як чарговая атака “Нёмана” скончылася голам. Сяргей Лявіцкі з флангу закінуў ў штрафную са спадзевам на поспех і не пралічыўся – мяч знайшоў галаву Лясюка, які дакладна паклаў яго ў сетку варот. Радасці не было межаў. У першую чаргу Андрэй пабег віншаваць жонку з жэстам, які… абазначаў новы тэлефон! Далей пайшлі віншаванні і абдымкi з усёй камандай.
Пасля гала гарадзенцы не аселі, як яны гэта любяць рабіць, а наадварот пайшлі з вялікімі сіламі ў атаку. Шыкоўны момант меў той жа Лясюк: мяч пасля штрафнога ледзь не пабіў дзявятку варот Даўгялы, варатар гасцей кончыкамі пальцаў выцягнуў яго.
Былі і іншыя моманты ў нашых хлопцаў. Чарговы раз актыўна ў гульню ўваходзіць Калiжанаў (на фота), а пасля і Алісейка. Прыкметна, як Саладоўнікаў імкнецца амаладзіць каманду, прыцягваючы ўсё больш і больш моладзі.
У канцы сустрэчы госці маглі зраўняць лік, але Чэрнік не даў ім гэтага. Сяргей у свой дзень нараджэння абараніў на нуль, з чым мы яго і віншуем!
Пасля матчу Сяргей Саладоўнікаў:
“Цяжкі, баявы матч. У такіх гульнях заўсёды перамагае характар. Калі б у папярэдніх сустрэчах гулялі з такой самааддачай, то зарабілі б больш ачкоў. Дзякуй хлопцам, якiя выканалi ўстаноўку на матч.
Хачу павіншаваць Бобмеля з першым выхадам у аснове ў матчах вышэйшай лігі. У мінулым туры ўпершыню выйшаў Алісейка. Маладыя выходзяць, але якасць гульні трэба мяняць”.
У нядзелю пройдуць чарговыя матчы тура, а пакуль “Нёман” зноў абсталяваўся на пятым месцы з дваццаццю трыма ачкамі ў актыве.
Наступны матч гарадзенцы правядуць у Кубку. Супернікам нашых хлопцаў будзе “Ведрыч”. Матч пройдзе 26 ліпеня ў Рэчыцы.
Здымкі Яраслава Ванюкевіча, football.by